Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўных службоўцаў праінструктавалі, як ня стаць экстрэмістамі


Галоўная сядзіба КДБ, Менск
Галоўная сядзіба КДБ, Менск

Дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі Беларусі атрымалі дакумэнт, які папярэджвае іх супрацоўнікаў і службоўцаў аб адказнасьці за «экстрэмізм». Азнаёміцца зь ім трэба пад росьпіс.

Рэдакцыя партала «Люстэрка» атрымала копію інструкцыі і вывучыла, пра што папярэджваюць чыноўнікаў і што пагражае за адмову ад выкананьня.

Як сьцьвярджае крыніца «Люстэрка», інструкцыю пад назвай «Інфармацыя аб мерах адказнасьці за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасьці» ў бюджэтныя арганізацыі разаслаў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Азнаёміцца зь ёй і расьпісацца пра гэта павінен быў кожны дзяржаўны службовец альбо супрацоўнік бюджэтнай арганізацыі, кажа суразмоўца. Паводле яго, за адмову ад гэтага нязгодных пагражаюць пакараць «ажно да звальненьня».

У дакумэнце сабраны цытаты з розных законаў і нарматыўных актаў, якія так ці інакш тычацца «экстрэмізму». У прыватнасьці, прыводзіцца падрабязнае вызначэньне паняцьця «экстрэмісцкая дзейнасьць» згодна з Законам «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму».

А таксама нагадваецца аб адказнасьці, прадугледжанай Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксамі за стварэньне «экстрэмісцкага» фармаваньня або ўдзел у ім (арт. 361-1 КК), яго фінансаваньне (361-2 КК) і распаўсюджваньне «экстрэмісцкай» інфармацыі (арт. 19.11 КаАП).

Акрамя таго, дзяржаўных службоўцаў асобна папярэджваюць аб адказнасьці за заклікі да санкцый (арт. 361 КК) і дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК).

Згодна з дакумэнтам, дзяржаўныя службоўцы «не павінны публічна выказваць у сродках масавай інфармацыі сваё меркаваньне па пытаньнях дзяржаўнай палітыкі і службовай дзейнасьці». Але рабіць гэта ім забаронена толькі ў выпадку, калі іх асабістая думка не адпавядае «асноўным напрамкам палітыкі дзяржавы».

У сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках чыноўнікі «не павінны дапускаць разьмяшчэньня інфармацыі, распаўсюджваньне якой у СМІ забаронена, а таксама зьвестак, якія могуць нанесьці шкоду іх пэрсанальнай рэпутацыі і аўтарытэту дзяржаўнай улады ў цэлым».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG