Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік пракурора Горадзенскай вобласьці параіў выдаліць з сацсетак «сумнеўную» інфармацыю за апошнія пяць гадоў


Колькасьць новых крымінальных спраў за «экстрэмізм» зьніжаецца, заявіў намесьнік пракурора Горадзенскай вобласьці Андрэй Скурат 8 лютага на сустрэчы з калектывамі ААТ «Беллакт» і Ваўкавыскага мясакамбінату ў раённым цэнтры.

«Людзі сталі больш удумліва ставіцца да рознай сумнеўнай інфармацыі, аналізаваць сытуацыю ў сьвеце і ў нашай краіне, запал 2020-га астыў. І многія ўсьвядомілі, што памыляліся. Тым ня менш: у кагосьці ў стужках сацсетак, на старонках асабістых акаўнтаў, магчыма, засталіся карцінкі, рэпосты, лайкі, камэнтары з суполак ці груп, прызнаных экстрэмісцкімі, падпіскі на іх», – цытуе Скурата «Позірк» са спасылкай на сайт ваўкавыскай дзяржаўнай газэты «Наш час».

Паводле яго словаў, гэта – правапарушэньне, пакараньне за якое «дастаткова сур’ёзнае: штраф на фізычную асобу да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак з усімі наступствамі».

«Ніхто не зацікаўлены ў такім павароце падзеяў. Таму раю знайсьці час, прагледзець свае акаўнты ў сацсетках, мэсэнджарах за апошнія пяць гадоў і выдаліць усю інфармацыю, якая выклікае сумнеў», – сказаў Скурат.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» адзначае злоўжываньне Скуратам сваімі службовымі паўнамоцтвамі, бо сам ён зьяўляецца кандыдатам у Горадзенскі абласны савет, а арганізаваныя мясцовымі ўладамі сустрэчы фармальна ня лічацца агітацыйнымі мерапрыемствамі.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG