Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніклі рэйсы ў Друскенікі, даражэюць квіткі. Што адбываецца на мяжы Беларусі з Эўразьвязам


Закрыты пункт пераходу на мяжы зь Беларусьсю ў Лаварышках, Літва
Закрыты пункт пераходу на мяжы зь Беларусьсю ў Лаварышках, Літва

З 1 сакавіка Літва закрыла памежныя пераходы ў Прывалцы і Катлоўцы. Расказваем, што вядома пра сытуацыю на мяжы.

У ноч на 1 сакавіка Літва закрыла два памежныя пераходы. Увечары 29 лютага перасталі прапускаць легкавыя аўтамабілі, а ноччу і аўтобусы. Поўны аўтобус з пасажырамі яшчэ спрабаваў праехаць ноччу празь пераход у Прывалцы, паведамляў пралукашэнкаўскі горадзенскі тэлеграм-канал пасьля 1:00 па беларускім часе, але той аўтобус завярнулі.

У памежных чатах пішуць, што ў ноч на 1 сакавіка чарга на пераходзе ў Беняконях была 30 машын. Паводле памежнага камітэту Беларусі, па стане на 14:00 1 сакавіка ў чарзе чакала 50 легкавікоў.

На Каменным Лагу, як пішуць у памежных групах беларусаў, разварочваюць прыватныя, ня рэйсавыя маршруткі. Там чарга, паводле беларускіх памежнікаў, з 20 легкавікоў.

Найбольшая чарга — на Варшаўскім мосьце ў Берасьці: там сабралася 160 аўтамабіляў і 11 аўтобусаў, паведамляе памежны камітэт Беларусі па стане на 14:00 1 сакавіка. Удзельнікі чатаў кажуць, што чарга расьцягнулася за кальцо — гэта 2 кілямэтры ад мяжы.

На сайтах перавозчыкаў цэны на квіткі пакуль ранейшыя — у сярэднім 100–120 рублёў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Пасажыры чакаюць, што яны вырастуць. Большасьць білетаў на рэйсы паміж Беларусьсю і Літвой і Польшчай на 1 сакавіка раскупілі. На 2 сакавіка білетаў яшчэ хапае.

Пасьля закрыцьця «Прывалкі» немагчыма знайсьці онлайн-квіткі на рэйс «Горадня — Друскенікі». Паміж гарадамі 40–50 кілямэтраў, але цяпер памежнае мястэчка не ляжыць на аўтобусным шляху. Раней гарадзенцы езьдзілі ў Друскенікі ў аквапарк, пагуляць, выпіць кавы, паглядзець на веснавыя нарцысы. Цяпер грамадзкі транспарт у Літву ходзіць у Вільню і Коўна.

Час на дарогу перавозчыкі па-ранейшаму пазначаюць так, быццам маршрутка пройдзе мяжу досыць хутка. Аднак дадаюць, што «час прыбыцьця можа зьмяніцца праз доўгі час праверкі дакумэнтаў».

Літва таксама забараніла пераходзіць мяжу на роварах ці пешшу, на польскім пераходзе гэта немагчыма ўжо даўно. Раней на ровары ці пешкі можна было прайсьці ўсе памежныя праверкі менш як за гадзіну, пакуль аўтамабілісты стаялі па 10–13 гадзін: пешаходы і раварысты ішлі ў чарзе перад кіроўцамі.

Застаўся прыярытэт для аўтамабіляў, дзе едзе дзіця да 3 гадоў, — яны ідуць перад усімі. Раней мы расказвалі, што месцы на падсадку ў такіх машынах некаторыя прадаюць за грошы.

Адзін з найбуйнейшых перавозчыкаў «Атлас» расказаў выданьню Office Life, як зьменяцца перавозкі.

Большасьць рэйсаў зь Беларусі ў Літву і Польшчу цяпер паедуць праз пункт пропуску Беняконі, некаторыя маршруты ў Польшчу — празь Берасьце. На некаторых міжнародных маршрутах зь Менску выключылі заезды ў Горадню.

У кампаніі расказалі, што білеты падаражэюць, бо для многіх маршрутаў прабег павялічыцца на некалькі сотняў кілямэтраў і, адпаведна, вырастуць выдаткі на паліва. Імаверна, скароцяць колькасьць рэйсаў.

Як суседнія краіны закрывалі мяжу зь Беларусьсю

  • Абвастрэньне адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам пачалося пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі і пратэстаў, у якіх Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Захад.

  • У лістападзе 2021 году Польшча цалкам закрыла са свайго боку самы папулярны памежны пункт Кузьніца Беластоцкая / Брузгі каля Горадні. Гэта быў адказ на мігранцкі крызіс, які штучна стварыў рэжым Лукашэнкі.

  • У кастрычніку 2022 году Польшча дабудавала на мяжы зь Беларусьсю плот з калючым дротам даўжынёй каля 500 кілямэтраў, каб абараніцца ад мігрантаў.

  • У лютым 2023 году Польшча спыніла працу яшчэ на адным папулярным у беларусаў пераходным пункце Баброўнікі/Бераставіца. Гэта быў адказ на палітычны прысуд, вынесены ў Беларусі польскаму журналісту Анджэю Пачобуту.

  • У жніўні 2023 году Літва закрыла два менш папулярныя памежныя пункты на мяжы зь Беларусьсю з прычыны вялікай колькасьці вагнэраўцаў на памежжы.

  • У верасьні 2023 году Латвія закрыла пераходны пункт Сіленэ/Урбаны на мяжы зь Беларусьсю дзеля сваёй бясьпекі.

  • У сакавіку 2024 году Літва закрыла пераходныя пункты Райгорад/Прывалка і Лаварышкі/Катлоўка.

  • Цяпер з шасьці абсталяваных пунктаў пропуску на мяжы зь Літвой будуць працаваць толькі два, з шасьці на мяжы з Польшчай — толькі адзін для легкавікоў і адзін для грузавікоў (Казловічы/Кукурыкі), з двух на мяжы з Латвіяй — толькі адзін (Грыгораўшчына/Патэрніекі) для легкавікоў, грузавікоў і раварыстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG