Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік міністра абароны Беларусі назваў расейскую вайну ва Ўкраіне «падручнікам» для сябе


Беларускія вайскоўцы на палігоне. 2023
Беларускія вайскоўцы на палігоне. 2023

У Мінабароны Беларусі расказалі дэталі супрацы з ПВК «Вагнэр» і іншым расейскімі войскамі, якія ваявалі супраць Украіны.

Войскі Беларусі ўдасканальваюць баявую падрыхтоўку з удзелам ПВК «Вагнэр», заявіў сярод іншага намесьнік міністра абароны Беларусі Андрэй Жук.

У інтэрвію дзяржаўнаму выданьню «СБ. Беларусь сегодня» намесьнік міністра абароны Андрэй Жук заявіў, што беларускія войскі працягваюць трэнавацца з удзелам байцоў ПВК «Вагнэр», а таксама актыўна пераймаюць «досьвед СВА» — так улады Расеі і ўсьлед за імі і Беларусі называюць узброены напад на Ўкраіну, які пачаўся ў лютым 2022 году.

«Цяпер актыўна ўдасканальваем баявую падрыхтоўку, у тым ліку і з прыцягненьнем расейскіх вайскоўцаў, спэцыялістаў ПВК „Вагнэр“. У апошніх ёсьць уласная сыстэма баявой падрыхтоўкі, і яны, зыходзячы са сваіх магчымасьцяў, аказваюць нам дапамогу. Артылерысты, танкісты, мотастралкі, апэратары БЛА, зэнітчыкі — усе тыя, хто браў удзел у баявых дзеяньнях, перадаюць досьвед нашым вайскоўцам», — заявіў Жук у інтэрвію «СБ. Беларусь сегодня».

Паводле яго, ня толькі вайскоўцы з вайсковых частак праходзяць гэтую падрыхтоўку, але і выкладчыкі ведамасных вышэйшых навучальных устаноў, каб перадаць атрыманыя веды курсантам, студэнтам, тым, хто вучыцца па праграмах афіцэраў запасу.

«Мы аналізуем ваенныя канфлікты, асабліва СВА. Бачым, што рэзка актывізавалася ўжыванне бесьпілётных комплексаў, прычым ня толькі лятальных, але і марскіх, рачных. Параненых з поля бою вывозяць бесьпілётныя эвакуатары, робаты са штучным інтэлектам выкарыстоўваюцца для разьмінаваньня мясцовасьці. Сёньня ў беларускім войску бесьпілётныя комплексы шырока выкарыстоўваюцца, мы вучым апэратараў», — сказаў Жук.

Паводле Жука, у Вайсковай акадэміі распрацавалі сумесна з IT-ротай віртуальныя трэнажоры. Цяпер яны ёсьць у 927-м цэнтры падрыхтоўкі і прымяненьня бесьпілётных авіяцыйных комплексаў, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, дзе рыхтуюць тэхнікаў, інжынэраў, тых жа апэратараў.

Як беларускія вайскоўцы вывучаюць расейскі ваенны досьвед

Намесьнік міністра абароны Беларусі Андрэй Жук расказаў, што беларускія вайскоўцы навучаюцца ў Расеі па іх праграмах:

«Акрамя бесьпілётнікаў, СВА паказала, наколькі важная роля контрабатарэйнай барацьбы. Спэцыяльная ваенная апэрацыя для нас зьяўляецца ў нейкай ступені падручнікам. Зь яго мы бяром інфармацыю, чаму і як вучыць вайскоўцаў. Да таго ж сумесныя заняткі і з расейцамі, і са спэцыялістамі ПВК „Вагнэр“ паказваюць, што гэта найбольш эфэктыўная форма падрыхтоўкі асабовага складу ў тых ці іншых пытаньнях. Кола гэтых пытаньняў жыцьцё прымушае пашыраць. Таму сёньня мы рыхтуем інструктараў у агнявой падрыхтоўцы, прычым ня толькі снайпэраў, але і кулямётчыкаў, гранатамётчыкаў, апэратараў супрацьтанкавых ракетных комплексаў, буйнакалібэрных кулямётаў. Удзяляецца асаблівая ўвага тактычнай мэдыцыне. Зноў жа інструктары патрэбны для навучаньня апэратараў бесьпілётнікаў», — сказаў Жук.

Ён пацьвердзіў разьлік уладаў Беларусі на Расею, на так званую рэгіянальную групоўку войскаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG