Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кувалда «Вагнэра» як дамоклаў меч для Лукашэнкі


Апошнія заявы Лукашэнкі пра беларуска-расейскія адносіны — рэакцыя найперш на ціск з боку Расеі ў бок паглыбленьня інтэграцыі, ажно да зьліцьця ў адну дзяржаву.

Сьцісла

  • Апошнія заявы Лукашэнкі пра беларуска-расейскія адносіны — рэакцыя найперш на ціск з боку Расеі ў бок паглыбленьня інтэграцыі, ажно да зьліцьця ў адну дзяржаву.
  • Адна з публічных праяваў гэтага — пастанова расейскага ўраду аб стварэньні міждзяржаўнага падатковага камітэту.
  • Яшчэ адзін істотны чыньнік — пашырэньне сярод беларускай намэнклятуры дзяржаўнай ляяльнасьці да Расеі, да Пуціна.
  • Публічная праява гэтага — шаўроны ПВК «Вагнэр» на мундурах беларускіх вайскоўцаў, у тым ліку і намесьніка кіраўніка МУС Карпянкова.

Сярод заяваў, якія Аляксандар Лукашэнка зрабіў у нядзелю на выбарчым участку, прагучалі словы пра беларуска-расейскія адносіны. Лукашэнка заявіў, што «ў Беларусі не падтрымаюць аб’яднаньне з РФ», што Беларусь і Расея будуць мацнейшыя ў якасьці незалежных дзяржаваў, чым абʼяднаўшыся.

Ён і раней казаў пра гэта шмат разоў. Здавалася б, чаго раптам зараз гэта паўтараць? Ніякія праекты далейшага паглыбленьня інтэграцыі апошнім часам публічна не агучваліся, тэма адносінаў зь Беларусьсю не гучыць і на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі, якія адбываюцца цяпер.

Тым ня менш можна назваць два чыньнікі, якія прымушаюць Лукашэнку ўвесь час выказвацца супраць абʼяднаньня Беларусі і Расеі.

Першы — гэта ціск з боку Масквы. Ён, можа, наўпрост і ня вельмі моцны, гэта хутчэй спроба завабіць Лукашэнку ў пастку. У лістападзе летась расейскі прэмʼер Міхаіл Мішусьцін падпісаў пастанову аб стварэньні міждзяржаўнага падатковага камітэту саюзнай дзяржавы, фактычна — аб стварэньні супольнага, наднацыянальнага Мінфіну. Нешта падобнае, здаецца, і было прадугледжана саюзнымі праграмамі.

Але пазьней Лукашэнка гэтую навацыю дэзавуяваў.

Зусім нядаўна, пасьля падпісаньня дакумэнтаў аб кірунках далейшай інтэграцыі, міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў выказаўся наконт таго, наколькі карыснай была б адзіная валюта ў саюзнай дзяржаве. Ён, праўда, дадаў, што пра гэта пакуль размова не ідзе, але пра карысьць нагадаў.

Дык гэта тое, што трапляе ў публічную сфэру. А якія прапановы гучаць за зачыненымі дзьвярыма — можна толькі ўявіць.

Расейцы не сьпяшаюцца, яны адбіраюць ці спрабуюць адбіраць сувэрэнітэт Беларусі паступова, па кавалачках. Ня ўсё ў іх атрымліваецца, але спробы навідавоку.

У далёкім 1994 годзе падчас тэледэбатаў кандыдатаў у прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі і Вячаслава Кебіча я спытаў абодвух, які мінімальны абʼём сувэрэнітэту, які яны ніколі не аддадуць Расеі.

Лукашэнка тады адказаў: «Я сувэрэнітэт абʼёмам не вымяраю».

Вымяраць сувэрэнітэт можна па-рознаму, але замахі на яго, мяркуючы па ўсім, адбываюцца. І ўчорашнія заявы Лукашэнкі пра двухбаковыя адносіны былі рэакцыяй на гэтыя спробы.

А другі чыньнік — гэта стан розумаў беларусаў, і найперш намэнклятуры. Вайна, шалёная расейская прапаганда, тэзы якой паўтарае беларуская — усё гэта схіляе некаторых беларусаў да думкі, што галоўны для іх ужо не Лукашэнка, а Пуцін.

Некалькі дзён таму на нарадзе зь сілавікамі Лукашэнка сказаў:

«Заўсёды папярэджваю і міністра, і іншых тут некаторых, якія на экране тэлевізараў з вагнэраўцамі практычна кожны дзень — „Ах, Вагнэр, ах, Вагнэр“. Малайцы, хлопцы. Дзякуй, расказалі нам пра досьвед ваенных дзеяньняў. А ўсё астатняе нашы афіцэры ведаюць ня горш».

Яўны намёк на тое, што ўзаемадзейнічаць з вагнэраўцамі варта меней. Нядаўна намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Карпянкоў раздаваў беларускім вайскоўцам шаўроны «Група Вагнэра. Штурмавік». А ў сьнежні летась сам красаваўся з шаўронам «Спецназ ВВ МВД PMC Wagner Group».

Мікалай Каопянкоў, 23 сьнежня 2023
Мікалай Каопянкоў, 23 сьнежня 2023

Карпянкоў і яго начальнікі, можа, не ўсьведамляюць сымбалізму падобных жэстаў, маўляў, ну а чаго, браты ж, нашы людзі, «мы з расейцамі адзін народ». Аднак калі вайсковец публічна носіць пазнаку вайсковага злучэньня замежнай дзяржавы — гэта дэманстрацыя ляяльнасьці, падначаленьня гэтай дзяржаве

І Лукашэнка, і Крэмль гэта выдатна ўсьведамляюць. А можа, і Карпянкоў усьведамляе. Ён, паводле расповедаў ягоных калегаў, не такі абмежаваны салдафон, якім здаецца і прадстаўляецца.

Як і ў сытуацыі з пастановай пра міждзяржаўны падатковы камітэт, падпісанай Мішусьціным, гэта — толькі бачная вяршыня айсбэрга. Людзі, абазнаныя ў норавах і густах дзейных сілавікоў, распавядаюць, што для многіх з гэтых дзейных сілавікоў «бацька» — гэта Пуцін, а ўжо не Лукашэнка.

Можна сабе ўявіць, колькі падобных праяваў ляяльнасьці Расеі — сымбалічных, а нават і практычных — адбываецца непублічна.

Вось на гэтыя два чыньнікі Лукашэнка і рэагаваў, гаворачы на выбарчым участку пра беларуска-расейскія адносіны. Рэакцыяй на іх жа было і тое, што на сёлетнія выбары не пусьцілі амаль нікога з выразных «рускамірцаў».

Складана сказаць, ці прадухіліць рыторыка Лукашэнкі дзеяньне гэтых фактараў. Але відавочна, што яны пагражаюць ягонай уладзе прынамсі ня менш, чым гіпатэтычныя рэйды ўзброеных атрадаў апазыцыі на Маларыту і Кобрын, пра якія Лукашэнка таксама распавядаў у нядзелю.

Ён у свой час дарыў прапагандысту Рыгору Азаронку кувалду «Вагнэра», якой у гэтай ПВК каралі сьмерцю тых, каго лічылі здраднікамі ці дэзэртэрамі. Але выглядае, што менавіта яна, як дамоклаў меч, навісае і над самім Лукашэнкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG