Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Глыбока ўстрывожаныя». Расейскі Чырвоны Крыж прасіў беларускіх калегаў узгадняць паездкі на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны


Цэнтар збору гуманітарнай дапамогі для эвакуаваных Расеяй грамадзян з Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны. Таганрог, Растоўская вобласьць, Расея, 21 лютага 2022
Цэнтар збору гуманітарнай дапамогі для эвакуаваных Расеяй грамадзян з Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны. Таганрог, Растоўская вобласьць, Расея, 21 лютага 2022

Журналісты Радыё Свабода атрымалі ад «Кібэрпартызанаў» зьвесткі з паштовай скрыні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Там быў ліст, які расейскі Чырвоны Крыж накіраваў Дзьмітрыю Шаўцову пасьля ягонай паездкі на Данбас летам 2023 году, з патрабаваньнем узгадняць такія паездкі.

Падчас працы над расьсьледаваньнем пра вываз украінскіх дзяцей на «перавыхаваньне» у Беларусь журналісты Свабоды знайшлі ў зьліве дакумэнтаў з паштовай скрыні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БЧК) ліст на адрас кіраўніка беларускай арганізацыі Дзьмітрыя Шаўцова ад расейскіх калег. Ліст датаваны 24 ліпеня 2023 году — якраз напярэдадні Шаўцоў наведаў акупаваную тэрыторыю Данецкай вобласьці і менавіта тады надзеў камуфляж зь літарай Z на рукаве.

У лісьце да БЧК старшыня расейскага Чырвонага Крыжа Павел Саўчук выказвае занепакоенасьць праз «згадкі ў СМІ, у тым ліку, у нэгатыўным ключы, пра візыт кіраўніцтва БЧК на тэрыторыю Данбасу».

«Улічваючы шырокі грамадзкі рэзананс, хацеў бы пацьвердзіць неабходнасьць своечасовага ўзгадненьня такіх візытаў з РЧК. Згодна з заканадаўствам Расейскай Фэдэрацыі тэрыторыі Данбасу, Херсонскай і Запароскай абласьцей зьяўляюцца часткай Расеі. Грунтуючыся на прынцыпе адзінства, БЧК, як і іншым нацыянальным таварыствам, пры плянаваньні гуманітарных місій на расейскіх тэрыторыях трэба атрымліваць на гэта згоду ў РЧК», гаворыцца ў лісьце.

У выпадку магчымых мер у адносінах Беларускага Чырвонага Крыжа на міжнародным узроўні Павел Саўчук прапанаваў «экспэртна-кансультацыйную дапамогу».

У зьлітых з паштовай скрыні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа дадзеных, атрыманых «Кібэрпартызанамі», — справаздачы аб выдатках, сьпісы супрацоўнікаў з тэлефонамі і адрасамі, перапіска паміж аддзяленьнямі ўнутры Беларусі, копіі дакумэнтаў і г.д. Іх праўдзівасьць пацьвердзіў Свабодзе ў тым ліку і былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. У 2022 годзе ён дасылаў у БЧК запыт з просьбай даць інфармацыю пра грамадзян Украіны, якім дапамагае арганізацыя. Журналісты Свабоды знайшлі гэты запыт сярод лістоў БЧК, і Кізім пацьвердзіў яго сапраўднасьць.

Што да ліста РЧК беларускім калегам, то мэтададзеныя файла кажуць пра тое, што дакумэнт быў складзены ў панядзелак, 24 ліпеня 2023 году — у дзень, які супадае з датай, пазначанай на самім дакумэнце.

У расейскім Чырвоным Крыжы журналістам Свабоды не пацьвердзілі і не абверглі інфармацыю пра ліст Саўчука Шаўцову. Дырэктарка дэпартамэнту міжнароднага супрацоўніцтва Анастасія Тэнэта, чыё імя і нумар тэлефона як кантактнай асобы пазначаныя ў лісьце Саўчука да БЧК, адказала наступнае: «Гэта ўнутраная перапіска. [...] Дзіўна, што які-небудзь ліст можа выцечы ў публічную прастору. Значыць, вы ўсё маеце па гэтым лісьце».

У прэс-службе РЧК паведамілі, што апошні раз узаемадзеяньне зь беларускімі калегамі было летам мінулага году — «з нагоды трэнінгаў у надзвычайных сытуацыях».

На афіцыйны запыт Свабоды ў расейскім Чырвоным Крыжы на момант публікацыі гэтага тэксту не адказалі.

У сьнежні 2023 году Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа празь невыкананьне патрабаваньня вызваліць Дзьмітрыя Шаўцова ад пасады генэральнага сакратара арганізацыі.

Прэтэнзіі Міжнароднай фэдэрацыі да Шаўцова ўзьніклі пасьля ягоных візытаў на акупаваныя Расеяй украінскія тэрыторыі, а таксама пасьля абвінавачаньняў яго ў датычнасьці да перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый.

Празь нежаданьне беларускай арганізацыі адправіць Шаўцова ў адстаўку Міжнародная фэдэрацыя прыпыніла сяброўства Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і пазбавіла яго фінансаваньня.

23 лютага Дзьмітры Шаўцоў, а разам зь ім паралімпіец і праўладны актывіст Аляксей Талай трапілі ў 13-ы пакет санкцый Эўразьвязу за свой удзел у незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Журналісты Свабоды і ўкраінскага праекту «Схемы» дасьледавалі тэму вывазу непаўналетніх з акупаваных Расеяй тэрыторый — пераважна зь Лісічанску і Марыюпалю — у дзіцячыя лягеры Беларусі і высьветлілі, якія арганізацыі датычныя да гэтага, знайшлі бацькоў дзяцей, што наведалі такія ўстановы, а таксама атрымалі эксклюзіўныя ўнутраныя дакумэнты Беларускага Чырвонага Крыжа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG