Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША наклалі пэрсанальныя санкцыі на службовых асобаў зь Беларусі за ўдзел у выкраданьні ўкраінскіх дзяцей


Белы дом, сядзіба прэзыдэнта ЗША ў Вашынгтоне.
Белы дом, сядзіба прэзыдэнта ЗША ў Вашынгтоне.

Злучаныя Штаты Амэрыкі ўводзяць новыя санкцыі супраць уладаў Расеі і Беларусі ў другую гадавіну расейскага нападу на Ўкраіну.

Як паведаміў Свабодзе Крыстафэр Сьміт, намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША для Ўсходняй Эўропы ў Бюро эўрапейскіх і эўразійскіх справаў, ЗША ўводзяць новы пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі за вайну ва Ўкраіне.

«23 лютага мы разам з нашымі партнэрамі ў G7 і эўрапейскімі саюзьнікамі распачнём шэраг захадаў, накіраваных на Расею і Беларусь, прымеркаваны да другой гадавіны поўнамаштабнага ўварваньня Пуціна ва Ўкраіну.

Гэтыя захады будуць уключаць сем пунктаў для Беларусі і для асобаў, якія ўдзельнічаюць у масавым выкраданьні і незаконнай дэпартацыі дзяцей з Украіны. Мы робім гэта, каб прадэманстраваць імкненьне Злучаных Штатаў прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за яго непасрэдную ролю ў гэтых масавых выкраданьнях, а таксама больш шырокую ролю рэжыму Лукашэнкі ў спрыяньні вайне Пуціна супраць Украіны».

Паводле спадара Сьміта, гэтыя захады «паказваюць, што ЗША па-ранейшаму поўныя рашучасьці прыцягнуць да адказнасьці вінаватых за гвалтоўнае перамяшчэньне, дэпартацыю і выкраданьне дзяцей з Украіны».

«Гэта адбываецца на падставе ранейшых санкцыяў, якія мы ўжо ўвялі, і іншых захадаў, якія мы прынялі для спагнаньня з рэжыму Лукашэнкі адплаты за тое, што ён проста ці ўскосна займаўся або спрабаваў удзельнічаць у дзейнасьці, якая падрывае мір, бясьпеку, палітычную стабільнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць у рэгіёне».

Хто зь беларусаў, адказных за вываз дзяцей, трапіў пад станкцыі Ўкраіны і Эўразьвязу

Дзейнасьць беларускага паралімпійца Аляксея Талая ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай украінскай тэрыторыі расьсьледуецца ва Ўкраіне ў рамках крымінальнай справы.

Як вядома Свабодзе, у Эўразьвязе ў праект 13-га санкцыйнага сьпісу ўнесьлі Аляксея Талая і ягоны дабрачынны фонд, якія займаюцца незаконным вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. У санкцыйны сьпіс уключылі і ягонага партнэра ў гэтай дзейнасьці Дзьмітрыя Шаўцова, кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

За аналягічную дзейнасьць у санкцыйныя сьпісы плянуюць уключыць старшыню Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітрыя Дзямідава, якога назвалі «адной з ключавых асоб, датычных да прымусовага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і іх далейшага ўсынаўленьня расейскімі і беларускімі сем’ямі».

У санкцыйныя сьпісы прапанавалі ўключыць недзяржаўную арганізацыю «Дэльфіны» і яе заснавальніцу Вольгу Волкаву, якія каардынавалі вываз некалькіх груп украінскіх дзяцей і праводзілі іх «перавыхаваньне». У дакумэнтах сьцьвярджаецца, што гэтая арганізацыя створана ў Беларусі, аднак дзяржаўныя СМІ пісалі, што Вольга Волкава — жыхарка Данецку і стварыла сваю арганізацыю менавіта там. У дакумэнце, які ў сваім распараджэньні мае Свабода, грамадзянства Вольгі Волкавай не пазначана.

Эўразьвяз плянуе афіцыйна апублікаваць 13-ы санкцыйны пакет 24 лютага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG