Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Аляксандра Зіязетдзінава другі раз судзяць за данаты. Яму пагражае да 15 гадоў калёніі


Аляксандр Зіязетдзінаў у калёніі. Скрыншот зь фільму АТН
Аляксандр Зіязетдзінаў у калёніі. Скрыншот зь фільму АТН

29 лютага ў Менскім гарадзкім судзе зноў судзяць палітзьняволенага ІТ-спэцыяліста Аляксандра Зіязетдзінава. Яго абвінавачваюць у фінансаваньні экстрэмісцкай (паводле ч. 1 арт. 361-2 ) і тэрарыстычнай (ч. 2 арт. 290-1) дзейнасьці.

Яму пагражае да 15 гадоў калёніі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Справу разглядае судзьдзя Алена Шылько.

Аляксандра Зіязетдзінава восеньню 2022 году ўжо асудзілі за перавод крыптавалюты ў ByPol паводле ч. 1 арт. 361-2 («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці») да 3 гадоў калёніі. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў Шклоўскую калёнію № 17. На час суду яго ўтрымліваюць у СІЗА-1 Менску.

У сярэдзіне кастрычніка 2023 году на дзяржаўнай тэлевізіі выйшаў прапагандысцкі фільм АТН, у якім сярод іншага паказалі ў калёніі і Аляксандра Зіязетдзінава. У палітвязьня была «жоўтая бірка» экстрэміста. У фільме сьцьвярджалі, што Зіязетдзінава затрымалі, а пазьней і асудзілі на тры гады за адзін эпізод пераводу грошай, але пазьней выявілі новыя факты «данатаў».

«Другі эпізод быў [знайшлі], калі я ўжо тут [у калёніі] знаходзіўся. Мне прапанавалі пакрыць шкоду», — сказаў сам Аляксандар у фільме прапагандыстаў.

У ім паказалі засакрэчанага апэратыўнага супрацоўніка ДФР, які заяўляе, што Зіязетдзінаў нібыта «ня быў да канца шчыры са сьледзтвам і ўтаіў пяць крыптавалютных плацяжоў на 16 тысяч рублёў». У выніку ён нібыта пералічыў на рахункі мэдыцынскіх установаў «круглую суму», абмяняўшы 31 біткоін.

У фільме сьцьвярджаецца, што Зіязетдзінаў падаў хадайніцтва аб памілаваньні на імя Лукашэнкі і чакае рашэньня. Выглядае, яно было адмоўным, бо цяпер яго зноў судзяць, паводле яшчэ цяжэйшых артыкулаў.

Днямі ініцыятыва By_Help паведаміла, што да некаторых людзей, якія раней «добраахвотна» пералічылі грошы дзяржаве за свае данаты ByPol і іншым фондам салідарнасьці і дапамогі ў 2020 годзе, зноў прыходзяць сілавікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG