Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі санкцыі супраць кампаніі Sandvine, датычнай да блякаваньня інтэрнэту ў Беларусі ў 2020-м


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Экспартныя санкцыі супраць гэтага бізнэсу ўвялі за пастаўку тэхналёгій ураду ў Эгіпце.

ЗША ўвялі экспартныя абмежаваньні ў дачыненьні да кампаніі Sandvine за пастаўку тэхналёгій ураду Эгіпту, які выкарыстоўвае іх для цэнзуры і блякаваньня навінаў, а таксама сачэньня за палітычнымі дзеячамі і праваабаронцамі. Пра гэта гаворыцца ў лісьце Міністэрства гандлю на сайце афіцыйнага часопісу ўраду ЗША.

Таксама ў лісьце зазначаецца, што такія дзеяньні кампаніі супярэчаць нацыянальнай бясьпецы і інтарэсам замежнай палітыкі ЗША. Экспартныя абмежаваньні закранулі філіі кампаніі ў Швэцыі, Японіі, ААЭ, Індыі і Маляйзіі.

Sandvine — канадзкая кампанія, якой валодае амэрыканская Francisco Partners. Сядзіба месьціцца ў Сан-Францыска.

Але ў Sandvine ёсьць сувязь таксама зь Беларусьсю.

Улетку 2020 году ўлады Беларусі блякавалі ў краіне інтэрнэт, карыстаючыся абсталяваньнем кітайскай Huawei і амэрыканскай Sandvine. Пасьля падзей лета і восені 2020 году амэрыканцы, зрэшты, вырашылі спыніць супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам. Яны больш не падтрымліваюць пастаўленага ў Беларусь абсталяваньня. Цяпер яно ня мае абнаўленьняў і ня можа падстройвацца пад новыя спосабы абыходу блякаваньняў.

У сваёй заяве ў сярэдзіне верасьня 2020 году Sandvine паведаміла, што расьсьледаваньне абставінаў выявіла — у прадукцыю кампаніі ўставілі «карыстальніцкі код» «з мэтай сарваць свабодны паток інфармацыі падчас выбараў у Беларусі».

«Гэта парушэньне правоў чалавека, і гэта выклікала аўтаматычнае спыненьне нашага ліцэнзійнага пагадненьня з кліентам. Sandvine вельмі сур’ёзна ставіцца да парушэньняў правоў чалавека. Мы таксама нецярпіма ставімся да выкарыстаньня тэхналёгій для зацісканьня свабоднага патоку інфармацыі, што прыводзіць да парушэньня правоў чалавека», — гаварылася ў заяве.

Да таго Sandvine паказала свае распрацоўкі дзяржаўнай службе бясьпекі Беларусі і накіравала сваё абсталяваньне Беларусі праз асноўнага падрадчыка, расейскую фірму Jet Infosystems. Гэта засьведчылі дакумэнты кампаніі.

Апаратуру ўсталявалі ў Менску, у цэнтрах апрацоўкі дадзеных, якімі кіруе Нацыянальны цэнтар абмену трафікам (НЦАТ). Паводле дакумэнтаў і абазнаных асобаў, НЦАТ кіруе ўсімі інтэрнэт-дадзенымі, якія паступаюць у Беларусь і зь Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG