Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэззыдэнт Францыі Макрон на адкрыцьці міжнароднай канфэрэнцыі па Ўкраіне: «Расея не павінная і ня можа перамагчы»


Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Маркон і прэм'ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца напярэдадні міжўрадавай нарады ў Францыі аб дапомозе Ўкраіне, Парыж, 26 лютага 2024 году.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Маркон і прэм'ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца напярэдадні міжўрадавай нарады ў Францыі аб дапомозе Ўкраіне, Парыж, 26 лютага 2024 году.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон адкрыў увечары 26 лютага ў Парыжы міжнародную канфэрэнцыю ў падтрымку Ўкраіны з удзелам двух дзясяткаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Эўропы, а таксама ЗША, Канады і Вялікай Брытаніі.

Пра гэта паведамляе францускі тэлеканал RFI.

Вітаючы прадстаўнікоў краін-саюзьніц Украіны Эманюэль Макрон падкрэсьліў, што мэта працоўнай сустрэчы — «прыняць стратэгічныя і апэрацыйныя рашэньні», каб не «дапусьціць перамогі Расеі» ў вайне з Украінай.

Макрон падкрэсьліў, што падтрымка Ўкраіны зьяўляецца «гарантыяй бясьпекі Эўропы ў цэлым».

Прэзыдэнт Францыі заявіў, што «калектыўны аналіз сытуацыі» паказвае на тое, што «празь некалькі гадоў Расея зможа атакаваць» іншыя краіны. Таму супрацьдзеяньне расейскай пагрозе — гэта пытаньне бясьпекі ўсіх краін. «Расея не павінна і ня можа перамагчы» — сказаў Макрон, зьвяртаючыся да прадстаўнікоў двух з паловай дзесяткаў краін.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зьвярнуўся да ўдзельнікаў рабочай сустрэчы ў Елісейскім палацы ў відэазапісе. Ён паўтарыў, што Ўкраіна атрымала толькі 30% ад «мільёна снарадаў», якія Эўразьвяз абяцаў Украіне.

«Разам мы павінныя зрабіць так, каб Пуцін ня змог разбурыць тое, чаго мы дасягнулі, і распаўсюдзіць сваю агрэсію на іншыя краіны», — сказаў Зяленскі.

Сустрэча з Парыжы з удзелам канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца, прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды, прэм’ера Славаччыны Робэрта Фіца, прадстаўнікоў дзяржаў Балтыі і іншых краін праходзіць у закрытым рэжыме.

Напярэдадні гэтай нарады ва францускай сталіцы кіраўнік ураду Славаччыны заявіў , што некаторыя краіны Эўразьвязу і NATO разглядаюць магчымасьць накіраваць сваіх вайскоўцаў ва Ўкраіну. Паводле Робэрта Фіцы, гэта вынікае з матэрыялаў, якія дзяржаўныя лідэры атрымалі перад канфэрэнцыяй у Парыжы.

«Стратэгія Захаду ва Ўкраіне правалілася. Але я хачу быць канструктыўна падрыхтаваны нягледзячы на тое, што ад тых тэм, пра якія мы гаварылі, ідзе мароз па скуры. З гэтых тэзісаў вынікае, што група краін NATO і ЭЗ абдумваюць, што на базе двухбаковых пагадненьняў адправяць ва Ўкраіну сваіх вайскоўцаў».

Славацкі прэмʼер дадаў, што Браціслава ня можа перашкодзіць асобным краінам NATO і ЭЗ заключаць такія пагадненьні. Пры гэтым ён заявіў, што Славаччына сваіх вайскоўцаў ва Ўкраіну дакладна не пашле.

На яго думку, накіраваньне вайскоўцаў краінаў NATO і ЭЗ ва Ўкраіну «не дасягне чаканай мэты ціску на расейскую адміністрацыю і саступак». Паводле Фіцы «наадварот, на наш погляд, такое рашэньне прывядзе да велізарнай эскаляцыі напружаньня».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG