Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыніцы заходніх СМІ пацьвердзілі просьбу Нямеччыны абмяняць Навальнага на агента ФСБ Красікава


Нямеччына прасіла Злучаныя Штаты ўключыць Аляксея Навальнага ў любое пагадненьне аб абмене зьняволенымі, якое прадугледжвае вызваленьне з турмы грамадзяніна Расеі Вадзіма Красікава.

Пра гэта піша са спасылкай на неназваных амэрыканскіх службоўцаў газэта The New York Times.

Крыніцы Financial Times паведамляюць, што Красікаў мог быць абмяняны на Навальнага, арыштаванага ў Маскве карэспандэнта Wall Street Journal Эвана Гершкавіча і асуджанага ў Расеі за шпіянаж амэрыканца Пола Ўілана. Газэта піша, што пасьля сьмерці Навальнага Бэрлін «ня бачыць прыдатных кандыдатур на абмен падасланага дзяржавай забойцы».

Красікаў адбывае ў Нямеччыне пажыцьцёвы тэрмін за забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зэлімхана Хангашвілі. У абвінаваўчым заключэньні фэдэральнай пракуратуры гаварылася, што злачынства зроблена на заказ расейскіх спэцслужбаў. Пра яго магчымы абмен на Навальнага, пасьля гібелі палітыка ў расейскай калёніі, паведамілі журналістка Юлія Латыніна і нямецкі таблёід Bild.

26 лютага гэтую інфармацыю пацьвердзіла дырэктарка міжнароднага Фонду барацьбы з карупцыяй Марыя Пеўчых.

Латыніна, Bild і Пеўчых сьцьвярджаюць, што ўгода магла адбыцца ўжо ў лютым. The New York Times піша, што газэце не ўдалося пацьвердзіць, што пагадненьне было дасягнутае. Крыніцы Frankfurter Allgemeine Zeitung сьцьвярджаюць, што перамовы знаходзіліся на прасунутай стадыі.

Ва ўрадзе Нямеччыны навіну афіцыйна не камэнтуюць. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў FT, што ў яго няма інфармацыі пра перамовы аб абмене Навальнага.

  • Расейскія ўлады паведамілі пра раптоўную сьмерць Навальнага ў калёніі 16 лютага.
  • Тады ж паведамленьні пракамэнтавалі лідэры краінаў Захаду. Многія зь іх, акрамя выказваньня спачуваньняў, таксама ўсклалі адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра на расейскія ўлады і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, падкрэсьліўшы, што Навальны спачатку быў атручаны, як мяркуецца, на загад расейскіх уладаў, а потым, па вяртаньні ў Расею, кінуты за краты за сваю апазыцыйную дзейнасьць.
  • Краіны «групы сямі» заклікалі Маскву старанна расьсьледаваць і апублікаваць акалічнасьці гібелі палітыка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG