Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскіх спартоўцаў палохаюць наступствамі за згоду выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы ў нэўтральным статусе


Пратэст у Лязане супраць далейшага ўдзелу Расеі ў Алімпійскім руху. 2023 год
Пратэст у Лязане супраць далейшага ўдзелу Расеі ў Алімпійскім руху. 2023 год

У Маскве лічаць санкцыі несправядлівымі, стварылі так званыя «Гульні дружбы», а цяпер перайшлі да запалохваньня тых расейскіх атлетаў, якія ўсё адно зьбіраюцца ехаць у Парыж.

Алімпійскі камітэт Расеі (АКР) папярэдзіў расейскіх спартоўцаў, якія пагодзяцца выступаць на Алімпійскіх гульнях 2024 году ў нэўтральным статусе, як таго патрабуе Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), аб магчымым парушэньні расейскіх законаў.

У АКР падкрэсьлілі, што згода нават зь бягучымі патрабаваньнямі МАК можа прывесьці да парушэньня расейскага заканадаўства.

«Профільныя камісіі і апарат АКР, старанна аналізуючы бягучыя ўмовы, прымаюць вычарпальныя захады для належнага інфармаваньня агульнарасейскіх спартовых фэдэрацый аб магчымых прававых і іншых нэгатыўных наступствах такой згоды», — гаворыцца ў заяве АКР.

У АКР удакладнілі, што Міжнародны алімпійскі камітэт нібыта робіць усе намаганьні для мінімізацыі колькасьці запрошаных на Алімпійскія гульні 2024 года расейцаў.

«Што датычыцца асобных спартоўцаў, якія па-ранейшаму гатовыя прыняць зьневажальныя крытэры магчымага ўдзелу ў Гульнях, то нават у дачыненьні іх МАК робіць усе намаганьні для мінімізацыі колькасьці запрошаных. Нельга выключаць і ўвядзеньня новых дадатковых парамэтраў адсеву, нядаўна Лязана наўпрост заявіла аб гэтым», — адзначаецца ў заяве АКР.

Раней у пятніцу, 23 лютага, Спартовы арбітражны суд (CAS) адхіліў апэляцыю АКР на часовую дыскваліфікацыю ў МАК.

«Тым самым Лязанскі арбітраж пацьвердзіў, што Алімпійская каманда Расеі, расейскія спартоўцы і афіцыйныя асобы ня прымуць удзелу ў Гульнях XXXIII Алімпіяды ў Парыжы, гэтаксама выключыў любое магчымае ўзаемадзеяньне АКР са спартоўцамі, якіх МАК прызнае адпаведнымі крытэрам» — пракамэнтавалі ў АКР рашэньне CAS.

У кастрычніку 2023 года МАК адхіліў АКР з-за ўключэньня ў яго склад спартовых арганізацый з анэксаваных Расеяй тэрыторый Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны.

Згодна з прынятым МАК рашэньнем, Алімпійскі камітэт Расеі больш ня мае права дзейнічаць у якасьці нацыянальнага алімпійскага камітэту. Таксама АКР пазбаўлены права атрымаць фінансаваньне ад міжнароднага алімпійскага руху.

У сьнежні таго ж году МАК усё ж дапусьціў расейскіх і беларускіх спартоўцаў да ўдзелу ў Алімпіядзе 2024 году ў Парыжы ў нэўтральным статусе. Раней МАК заявіў, што расейскія і беларускія атлеты змогуць быць дапушчаны толькі да спаборніцтваў па індывідуальных, але не камандных відах спорту. Таксама яны павінны выступаць без сымболікі краіны на форме, ня быць зьвязанымі з вайскоўцамі і не падтрымліваць вайну ва Ўкраіне ў сваіх сацсетках.

Што тычыцца беларускіх спартовых уладаў, то яны не папярэджвалі атлетаў пра якія-кольвек «прававыя наступствы» згоды на ўдзел у Алімпіядзе ў Парыжы. Аднак чыноўнікі неаднаразова заяўлялі аб тым, што Алімпійскі рух перажывае крызіс, а стаўленьне да беларускіх атлетаў несправядлівае і дыскрымінацыйнае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG