Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адхіленьне хакейнай зборных Расеі і Беларусі ад міжнародных турніраў працягнулі яшчэ на год


Трэнаваньне зборнай Беларусі ў хакеі, 2016 год
Трэнаваньне зборнай Беларусі ў хакеі, 2016 год

Такое рашэньне прыняла Рада Міжнароднай фэдэрацыі хакею (ІІХФ). Беларусь застанецца безь вялікага хакею мінімум да траўня 2025 году.

На чарговым пасяджэньні Рада ІІХФ разгледзела бягучыя рызыкі для бясьпекі, зьвязаныя з паўторным уключэньнем нацыянальных і клюбных камандаў Расеі і Беларусі ў спаборніцтвы ІІХФ.

«На падставе стараннага аналізу Рада ІІХФ прыйшла да высновы, што вяртаньне зборных Расеі і Беларусі ў спаборніцтвы ІІХФ пакуль небясьпечнае», — гаворыцца ў паведамленьні міжнароднай фэдэрацыі.

Такім чынам, дзьве гэтыя зборныя ня будуць удзельнічаць у чэмпіянаце сьвету 2024/2025. Рашэньне будзе распаўсюджвацца і на зборную Беларусі на фінальны раўнд алімпійскай кваліфікацыі, які пройдзе ў жніўні 2024 году.

Як і ў мінулыя гады, Рада ІІХФ працягне сачыць за сытуацыяй, а апошняя дата, каб вызначыць, ці бясьпечна ўключыць Расею і Беларусь у наступны чэмпіянат 2025/2026, адбудзецца ў траўні 2025 году на пасяджэньні Рады ІІХФ, напярэдадні штогадовага Кангрэсу арганізацыі.

За жорсткае задушэньне пратэстаў Беларусь пазбавілі права на правядзеньне чэмпіянату сьвету ў 2021 годзе. Тады, яшчэ да афіцыйнага рашэньня міжнароднай фэдэрацыі, шэраг нацыянальных камандаў і кампаній-фундатараў першынства заявілі, што ў кожным выпадку ня будуць далучацца да турніру. У выніку спаборніцтвы правялі толькі ў Рызе, якая перашапачаткова мелася прымаць чэмпіянат сьвету разам зь Менскам.

Зборныя Беларусі і Расеі не выступаюць у чэмпіянатах сьвету, пачынаючы з 2022 году. 28 лютага, ужо празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, калі напад адбыўся з тэрыторыі Беларусі, Рада ІІХФ упершыню адхіліла дзьве каманды ад спаборніцтваў. Далей гэтая забарона штогадова працягвалася.

Апошняе рашэньне азначае, што зборнай Беларусі дакладна ня будзе на Алімпіядзе 2026 году, што істотна б’е па прэстыжы каманды і адбіваецца на разьвіцьці хакею ў краіне. Апошні раз нацыянальная каманда краіны ўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях ажно ў 2010-м у канадзкім Ванкувэры. Агулам жа на яе рахунку тры ўдзелы ў зімовых Гульнях (7-е месца ў Нагана-1998, 4-е ў Солт-Лэйк-Сіці-2002 і 9-е ў Ванкувэры-2010).

Зборная Расеі выступала на ўсіх Алімпіядах да 2020 году ўключна, а перад забаронай на выступы займала 3-е месца ўсясьветнага рэйтынгу, што дазволіла б ёй прайсьці на наступныя Гульні без кваліфікацыйнага турніру.

Беларусы і расейцы ўжо прапусьцілі чэмпіянаты сьвету 2002 і 2003, раней яны былі адхіленыя і ад чэмпіянату 2004 году, а цяпер дакладна прапусьцяць і чацьвёртае першынство сьвету запар, а таксама першую Алімпіяду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG