Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юніёрская зборная Расеі на турніры ў Менску адмовілася браць прызы пасьля паразы ад беларусаў


Дзьмітры Баскаў
Дзьмітры Баскаў

Расейцы бралі прызы з рук Дзьмітрыя Баскава, але адразу ж ставілі іх на лёд. Чыноўнік пракамэнтаваў такія паводзіны расейцаў.

Хакеісты юніёрскай (U-18) зборнай Расеі адмовіліся забіраць індывідуальныя і камандныя прызы пасьля паразы ад беларускай моладзевай зборнай (U-20), паведаміў тэлеграм-канал BYsport. Уручаў прызы адхілены ад міжнароднага хакею Дзьмітры Баскаў.

Беларуская зборная падчас вырашальнага матчу турніру «Кубак Будучыні» вяла 3:0, потым саступала 3:5, а ў выніку перамагла суперніка ў дадатковы час — 6:5. Беларусы сталі пераможцамі турніру.

Расейцы былі незадаволеныя якасьцю судзьдзёўства, а таму вырашылі не забіраць узнагароды, хоць і прымалі іх з рук арганізатараў. Яны ціснулі рукі, забіралі прызы, а затым ставілі іх на лёд.

Дзьмітры Баскаў выказаў незадавальненьне паводзінамі расейцаў.

«Такое стаўленьне да нашых хакеістаў і заўзятараў з боку пацаноў, якія яшчэ толькі пачынаюць свой шлях у вялікі спорт, проста недапушчальна і супярэчыць сяброўству і падтрымцы, якія заўсёды былі паміж нашымі краінамі і народамі. Нешта можна сьпісаць на неспрактыкаванасьць і эмоцыі, гарачую кроў, бо ўменьне годна саступаць і здабываць з паразаў правільныя ўрокі — цэлае мастацтва, і ім гэтая зборная Расеі пакуль не авалодала», — заявіў Баскаў, якога цытуе «Беларусь 5».

Баскаў таксама «нагадаў» трэнэрам расейскай каманды, што «выхаваць хакеіста — гэта ня толькі навучыць яго катаньню і валоданьню клюшкай, але і прышчапіць яму слушныя жыцьцёвыя каштоўнасьці і арыенціры, што асабліва важна ў цяперашняй палітычнай сытуацыі ў спорце ў цэлым, і ў хакеі, у прыватнасьці».

Дзьмітрыя Баскава ў 2021-м Міжнародная фэдэрацыя хакея адлучыла ад спорту на 5 гадоў. Гэта зрабілі за ціск на спартоўцаў з палітычных матываў, а таксама за магчымае дачыненьне да забойства пратэстоўца Рамана Бандарэнкі восеньню 2020 году. Баскаў назваў гэта «нейкай справай на падставе нейкіх незразумелых і нелягічных лістоў ад зноў жа незразумелых нейкіх там фондаў».

Зборныя Расеі і Беларусі ў гэты момант адлучаныя ад міжнародных сустрэч празь міжнародныя санкцыі, зьвязаныя з вайной супраць Украіны. Таму каманды дзьвюх краін гуляюць паміж сабой.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG