Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб з намі размаўлялі, важна ствараць пагрозу». Добраахвотнік пра «мясныя штурмы», канфлікты паміж ваярамі і «гадзіну X» для Беларусі


Васіль «Пацук» Верамейчык. Ілюстрацыйны каляж
Васіль «Пацук» Верамейчык. Ілюстрацыйны каляж

Два гады ідзе поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны. Ад першых дзён вайны на баку Ўкраіны змагаюцца беларускія добраахвотнікі. Як яны ацэньваюць беларускі ўдзел у змаганьні і пэрспэктывы вызваленьня Беларусі?

Адказвае беларускі добраахвотнік Васіль «Пацук» Верамейчык. Ён адслужыў у беларускім войску сем гадоў, пасьля 24 лютага 2022 году ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях у розных вайсковых фармаваньнях, у тым ліку ў батальёне «Волат» палку Каліноўскага.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

«Беларусь ня страціла, а набыла герояў, бо героі не паміраюць»

— Два гады таму ў лютым вы знаходзіліся ва Ўкраіне пасьля вымушанага ад’езду зь Беларусі, і як толькі пачалася вайна, адразу пайшлі змагацца супраць агрэсараў. Цяпер вы не ва Ўкраіне. Як вы бачыце гэтыя два гады з пункту гледжаньня беларускага ваяра?

— Гэта вельмі цяжкія два гады. Страчана шмат сяброў, загінула шмат людзей, разбураныя гарады. Аднак Украіна няскораная, і беларуская справа таксама ня скончылася і ня скончыцца. Мы працягваем змагацца. Ніхто зь беларускіх добраахвотнікаў, хто звольніўся, насамрэч з вайны не вярнуўся. Усё роўна ты ў гэтай інфармацыйнай прасторы, ты як быццам ва Ўкраіне. Насамрэч заўсёды цяжэй, калі ты далёка адтуль (Васіль Верамейчык цяпер у Азіі. — РС). Чым бліжэй да фронту, тым прасьцей і лягчэй. Ты адчуваеш, што бліжэй да справы, робіш нешта патрэбнае. А калі ты далёка, то ўвесь час думаеш — зараз твае пабрацімы там гінуць. Пабрацімы зь Беларускага добраахвотніцкага корпусу, з батальёну «Волат», «Ліцьвін» і гэтак далей.

— Вы былі камандзірам загінулага Міраслава Лазоўскага, былі намесьнікам у загінулых «Волата» і «Брэста». Ад 2022 году ва Ўкраіне загінулі як мінімум 38 беларускіх ваяроў, больш за сотню былі параненыя. Што страціла Беларусь з гэтымі сьмерцямі і як іх памяць мае быць ушанаваная, з вашага пункту гледжаньня?

— Ня страціла. Беларусь набыла герояў, бо героі не паміраюць. Набытая новая памяць пра гэтых людзей, яна павінна застацца ў нас у сэрцы, і потым у новай Беларусі ім паставяць помнікі, іх імёнамі будуць называць вуліцы, магчыма, вайсковыя акадэміі. Але гэта вялікая страта для ваярства, таму што гінуць заўсёды найлепшыя, самыя сьмелыя.

Людзі, пра каго вы сказалі, былі надзеяй беларускага войска. Той жа Міраслаў Лазоўскі — сапраўдны беларускі патрыёт. Ён увесь час вучыўся, і ён ніколі не хацеў камандаваць. Потым яму мянушку «Генэрал» далі, хоць ягоны пазыўны быў «Мыш». Я быў ягоным камандзірам, ён быў маім намесьнікам. Загінулы «Волат» — гэта глыба, фігура такога маштабу, якога нельга было страціць.

— Які быў ваш самы страшны дзень на вайне і самы шчасьлівы дзень на вайне?

— Шчасьлівы дзень быў ня той, калі я атрымаў раненьне і выжыў, ня той, калі нешта атрымалася ў баявых задачах. Самы шчасьлівы дзень быў у Севераданецку, калі я пасьля варты падключыўся да «Старлінку», і ў гэты момант дачка патэлефанавала.

Было тры самыя страшныя дні. Першы, калі загінуў «Волат», таму што адразу абрынулася вялікая адказнасьць на мяне, «Брэста», «Дзядзьку» ды іншых. Тое ж самае было, калі загінуў «Брэст». Гэта жудаснае адчуваньне, калі падмурак зьнікае. Але самы страшны дзень быў, калі пачаліся ўнутраныя сваркі. Размова ідзе пра паездку ў Адэсу і разборкі зь мясцовымі добраахвотнікамі. Пасьля ў Нікалаеве былі вялікія ўнутраныя супярэчнасьці наконт канкрэтнай штурмавой задачы, і гэта было самае цяжкае. Унутраныя супярэчнасьці, спрэчкі і сваркі.

— Ці можна сказаць, што супярэчнасьці ў мінулым, што зробленыя пэўныя высновы? Усе ў траўматычнай сытуацыі, спрэчкі могуць быць, тым ня менш ці была зробленая нейкая праца над памылкамі?

— Адкажу коратка — не. Не была зробленая праца над памылкамі з боку офісу, кабінэту, бо ў страшны пэрыяд на пачатку вайны ўсё разьвівалася ў жахлівым хаосе бяз пляну. Калі дапускаюцца памылкі, нехта павінен несьці адказнасьць. За сілавы бок адказваў Азараў. Тады яшчэ не было Сахашчыка. Чаму ён не панёс адказнасьць за тое, што фармаваліся беларускія падразьдзяленьні бяз пляну, без афіцэрскага рэзэрву, без дапамогі?

На пяты дзень вайны, калі я ехаў зь Львова і далучыўся да першай калёны, там ехалі добраахвотнікі, якія раней ваявалі ва Ўкраіне, з палітыкаў там ехаў толькі Вадзім Пракоп’еў. Чамусьці не было прадстаўнікоў офісу Ціханоўскай, не было Азарава. А самае галоўнае — пляну не было.

«Войска міру заўсёды прайграе войску вайны»

— У інтэрвію Свабодзе вы казалі, што «самае непрыемнае ў вайне — гэта адчуваньне бессэнсоўнай сьмерці», а «самае галоўнае для воіна — гонар». Якія яшчэ рэчы вы для сябе сфармулявалі падчас вайны?

— Адчуваньне бессэнсоўнай сьмерці — самае страшнае. Памятаю, як на другім тыдні вайны ў Ірпяні я трапіў пад першы мінамётны абстрэл. Было жахлівае адчуваньне, што загіну, не пабачыўшы расейца. Я зразумеў, што я не баязьлівец, але ня супэрсьмелы, як «Волат». Высноваў зрабіў вялікую колькасьць. Самая галоўная выснова: войска міру заўсёды прайграе войску вайны. Войска, якое вельмі доўга ня ўдзельнічае ні ў якіх канфліктах, гэта бескарыснае зборышча людзей. Адпаведна, будучае беларускае новае войска павінна здабыць досьвед у нейкіх міратворчых ротах падчас пэўных канфліктаў. Афіцэры і кантрактнікі павінны атрымліваць баявы досьвед, бяз гэтага эфэктыўнае войска пабудаваць немагчыма.

Я бачыў, што рабілі расейцы напачатку. Для любога чалавека, які служыў у войску ці вучыўся ў акадэміі, гэта проста немагчыма глядзець — калёны бясконцыя з вайскоўцамі ў параднай форме, тысячы загубленых жыцьцяў і тэхнікі бяз сэнсу. Але яны навучыліся цяпер ужо.

«Нягледзячы на тое, што зараз вайна дронаў, артылерыі, каб узяць якую-небудзь Аўдзееўку, патрэбныя „мясныя штурмы“»

— І цяпер працягваюцца так званыя «мясныя штурмы», калі расейцы шмат людзей кідаюць у наступ, і іх забіваюць аднаго за адным. Людзей не шкадуюць, тады як ва ўкраінскім войску людзей шкадуюць, таму ў пэўных выпадках яны адступаюць, каб зьберагчы людзей.

— Украінскае войска шкадуе людзей, але такія штурмы бываюць і ў нас. Гэта не таямніца. Зараз вайна падышла пазыцыйная, падобная да Першай сусьветнай. І тыя самыя «мясныя штурмы», інакш ня будзеш прасоўвацца. Нягледзячы на тое, што зараз вайна дронаў, вайна артылерыі, але ўсё роўна пяхота павінна зайсьці. Таму, каб узяць якую-небудзь Аўдзееўку, патрэбныя «мясныя штурмы».

— І беларускія добраахвотнікі таксама ўдзельнічаюць у «мясных штурмах»?

— Падчас украінскіх «мясных штурмаў», канечне, спрабуюць шкадаваць людзей, але вельмі многа было і нечага падобнага. І беларусы ўдзельнічаюць у такіх апэрацыях.

«Войска Беларусі — савецкае»

— Вы адслужылі ў беларускім войску сем гадоў. Спачатку звычайным салдатам, потым былі чатыры гады вайсковай акадэміі, яшчэ два гады афіцэрам у Печах, камандавалі ротай. Лукашэнка пазбавіў вас вайсковага званьня ў верасьні 2022 году. Як бы вы ахарактарызавалі стан войска Беларусі (у пляне боегатовасьці і маральны)? І ці можна назваць гэта беларускім войскам? Ці будзе яно выконваць усе загады Лукашэнкі?

— На пачатку вайны было дакладнае адчуваньне, што мы едзем дадому. 95–99% беларускіх добраахвотнікаў ваююць ня толькі за Ўкраіну, і ня супраць Расеі нават. На першым месцы стаіць жаданьне вярнуцца дадому і вызваліць сваю краіну. За два гады вайны гэтая пэрспэктыва не такая рэальная. Вялікай структуры ня склалася, таму добраахвотнікаў насамрэч меней.

Галоўнае слова, якое характарызуе беларускае войска, — гэта «пафігізм». Войска — гэта адлюстраваньне грамадзтва, але беларускае войска яшчэ мае такі панятак, як нэгатыўная сэлекцыя. У тым ліку афіцэрскага складу. Боегатовасьць яго вельмі нізкая, але з пачаткам вайны павысілася. Ёсьць адчуваньне, што ёсьць пагроза нейкая — ці ўступленьня ў вайну, ці ад беларускіх добраахвотнікаў, таму пачалі ўкладаць больш грошай, павялічылі бюджэт, вядуцца трэніроўкі. Ці будуць выконваць загады? Будуць. Але будуць старацца захварэць, зламаць нагу. Калі настойлівы дакладны загад будзе, то яго выканаюць. Усе, хто разумеў, што адбываецца, сышлі ці ў 2020 годзе, ці ў 2022-м. І гэтае войска не беларускае. Гэта савецкае войска. Генэралітэт амаль увесь вучыўся ў Расеі, вельмі магутныя сувязі з войскам РФ. Дакладная прарасейская пазыцыя і разуменьне, хто свае, а хто чужыя. Але я перакананы, што і нацыянальна арыентаваныя людзі засталіся і проста чакаюць «гадзіны Х». І гэта будзе акно магчымасьцей, як было на пачатку вайны. Бо калі б на пачатку вайны ў беларускага руху быў плян і дакладная каардынацыя, то Ўкраіна ў той момант дазволіла б усё.

Можна было стварыць сапраўдны полк. Была вялікая колькасьць добраахотнікаў. Канец вайны — такі ж момант. Я не кажу, што трэба ісьці штурмам браць Берасьце. Але каб з намі размаўлялі, важна ствараць пагрозу, валодаць сілай, і тады з табой будуць стасавацца. Той жа рэжым Лукашэнкі, тыя ж генэралы.

— Што будзе зь Беларусьсю, калі скончыцца вайна? Дзе будзеце вы і што будзеце рабіць?

— Усё залежыць ад таго, як яна скончыцца. Калі ўявіць самы аптымістычны сцэнар, калі вайна канчаецца аслабленьнем рэжыму, дэмакратызацыяй, распадам Расеі, і ў гэты момант Лукашэнка ўжо не прэзыдэнт, то беларускія добраахвотнікі, сілавая частка беларускай апазыцыі маглі б паслужыць нагодай і прычынай для дыялёгу з пэўнымі людзьмі ў рэжыме. Зразумела, што зь імі давядзецца размаўляць.

Пры самым аптымістычным сцэнары пасьля вайны будзе нейкі дыялёг і пераходны пэрыяд. Што я буду рабіць? Як сьпявае Шалкевіч у знакамітай песьні «Смутны беларускі блюз», «дадому з Брукліну ці Мангатану». Я спадзяюся, што паўдзельнічаю хаця б у якой камісіі па рэформах беларускага войска, мо яшчэ ў нечым, ці балятаваўся б у парлямэнт, калі былі б справядлівыя выбары.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG