Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына заблякавала заяву ЭЗ да другой гадавіны вайны


Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.

Вугоршчына заблякавала заяву ад імя Эўразьвязу да другой гадавіны расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

Пра гэта паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода са спасылкай на крыніцы ў Брусэлі.

Замест агульнай заявы ад імя ўсіх краін ЭЗ будзе, як паведамляюць крыніцы, апублікаваная заява, падпісаная кіраўнікамі Эўракамісіі, Рады ЭЗ і Эўрапарлямэнту.

Для публікацыі афіцыйнай заявы ЭЗ неабходная згода ўсіх 27 краін Зьвязу. Як адзначае карэспандэнт Свабоды, Вугоршчына і раней нярэдка блякавала публікацыю падобных заяў, апошні раз гэта адбылося на мінулым тыдні, калі Будапэшт не ўхваліў заяву з асуджэньнем плянаў Ізраілю правесьці апэрацыю ў горадзе Рафах на поўдні сэктара Газа. Раней Вугоршчына накладала вэта таксама на заявы з асуджэньнем Азэрбайджану, Кітаю і Расеі.

Па словах дыплямата адной з краін ЭЗ, прапанаваны тэкст заявы, прысьвечанай гадавіне ўварваньня ва Ўкраіну, быў для Будапэшта «занадта жорсткі», — відавочна, маецца на ўвазе, што ён утрымліваў жорсткую крытыку Расеі.

  • Улады Вугоршчыны займаюць у адносінах да вайны ва Ўкраіне асаблівую пазыцыю, якая адрозьніваецца ад пазыцыі пераважнай большасьці краін ЭЗ. Вугоршчына не дае Ўкраіне вайсковай дапамогі і афіцыйна заклікае да мірных перамоваў без папярэдніх умоваў, што для Кіева непрымальна.
  • Раней на гэтым тыдні ЭЗ ухваліў 13-ы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі і Беларусі, прымеркаваны да другой гадавіны пачатку вайны. Вугоршчына пагадзілася яго ўхваліць, заявіўшы, што на этапе абмеркаваньняў яе заўвагі былі ўлічаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG