Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная атака Расеі на Ўкраіну: тры чалавекі загінулі ў Адэсе, восем атрымалі раненьні ў Дніпры


Вынікі расейскага ўдару па Дніпру. 23 лютага 2024
Вынікі расейскага ўдару па Дніпру. 23 лютага 2024

Расейскія войскі ў ноч на 23 лютага атакавалі Ўкраіну бесьпілётнікамі і ракетамі.

Як паведамілі ў Сілах абароны поўдня, у выніку ўдару па Адэскай вобласьці, якую Расея атакавала ракетамі і дронамі з авіяцыі і з Чорнага мора, загінулі тры чалавекі.

Аскепкі зьбітага ўкраінскімі супрацьпаветранымі сіламі дрону ўпалі на прадпрыемства ў прыбярэжнай зоне і выклікалі разбурэньні і пажар. Пад заваламі знайшлі целы трох загінулых.

Паветраныя сілы зьбілі над Адэскай вобласьцю дзевяць бесьпілётнікаў, а ракеты абясшкодзілі ў паветры.

Кіраўнік Днепрапятроўскай вобласьці Сяргей Лысак паведаміў аб пацэльваньні дронаў у шматпавярховы жылы дом.

«Пакуль вядома пра 8 пацярпелых у шматпавярховіку. Сямёра зь іх шпіталізавалі. Аварыйна-выратавальныя работы працягваюцца», — удакладніў ён пазьней.

Паводле абласных уладаў, некалькі кватэраў цалкам разбураныя. Выратавальнікі шукаюць людзей пад заваламі.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны ўдакладанілі, што ў ноч на 23 лютага Расея запусьціла 31 ударны бесьпілётнік, тры кіраваныя і дзьве крылатыя ракеты па ўкраінскіх гарадах.

Супрацьпаветраныя сродкі зьбілі 23 бесьпілётнікі ў межах Адэскай, Мікалаеўскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласьцей.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з розных відаў зброі — ударнымі бесьпілётнікамі і ракетамі, выпушчанымі з акваторыі Чорнага мора ці стратэгічнай авіяцыяй. У студзені Расея актывізавала атакі, у выніку якіх загінулі дзясяткі чалавек, яшчэ сотні былі параненыя.

Нягледзячы на доказы і сьведчаньні, Масква адмаўляе абстрэл мірных жыхароў Украіны з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG