Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар NATO заявіў, што найлепшы спосаб ушанаваць Навальнага — забясьпечыць паразу Расеі ва Ўкраіне

Енс Столтэнбэрг
Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што сьмерць расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага і першыя перамогі Расеі на полі бою за апошнія месяцы павінны дапамагчы засяродзіць увагу NATO і яго саюзьнікаў на тэрміновай неабходнасьці падтрымкі Ўкраіны.

Кіраўнік NATO сказаў, што вывад украінскіх сіл з Аўдзееўкі пасьля некалькіх месяцаў інтэнсіўных баёў дэманструе неабходнасьць дадатковай вайсковай дапамогі, «каб гарантаваць, што Расея ня зробіць далейшых посьпехаў».

Енс Столтэнбэрг згадаў сьмерць Навальнага ў арктычнай турме 16 лютага пры падазроных абставінах. Улады кажуць, што пройдзе яшчэ два тыдні, перш чым цела могуць перадаць сям'і.

«Я цьвёрда перакананы, што найлепшы спосаб ушанаваць памяць Аляксея Навальнага — гэта пераканацца, што прэзыдэнт Пуцін ня выйграе на полі бітвы, а пераможа Ўкраіна», — сказаў Столтэнбэрг у інтэрвію Радыё Свабода, поўная вэрсія якога будзе апублікаваная на 23 лютага.

Столтэнбэрг сказаў, што хаўрусьнікі Ўкраіны сканцэнтраваныя на пакеце вайсковай дапамогі ЗША на 61 мільярд долараў, але пакуль ён застаецца ў тупіку ў Палаце прадстаўнікоў ЗША, іншыя краіны, у тым ліку Швэцыя, Канада і Японія, павялічылі сваю дапамогу.

Швэцыя абвясьціла аб сваім 15-м пакеце дапамогі і самым вялікім на сёньняшні дзень пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі два гады таму. Пакет коштам 7,1 мільярда швэдзкіх крон (684 мільёны даляраў) уключае, сярод іншага, баявыя катэры, міны, артылерыйскія боепрыпасы і сродкі супрацьпаветранай абароны, паведаміў міністар абароны Швэцыі.

Міністэрства абароны Канады заявіла 19 лютага, што паскорыць пастаўку больш як 800 бесьпілётнікаў, дадаўшы ў заяве, што дроны сталі найважнейшым сродкам для Ўкраіны ў вайне. Яны будуць каштаваць больш за 95 мільёнаў канадзкіх даляраў (70 мільёнаў даляраў ЗША) і зьяўляюцца часткай абвешчанага раней пакету вайсковай дапамогі Ўкраіне. Пастаўкі пачнуцца ўжо гэтай вясной, гаворыцца ў паведамленьні.

Дадатковая дапамога з Токіё складае 106 мільёнаў даляраў ЗША на аднаўленьне Ўкраіны пасьля вайны, у тым ліку ў такіх сфэрах, як разьмінаваньне і інфраструктура.

«Вядома, мы сканцэнтраваныя на Злучаных Штатах, але мы таксама бачым, як іншыя хаўрусьнікі сапраўды актывізуюцца і аказваюць значную падтрымку Ўкраіне», — сказаў Столтэнбэрг.

На пытаньне аб тым, калі Ўкраіна зможа разгарнуць зьнішчальнікі F-16, Столтэнбэрг сказаў, што гэта немагчыма сказаць. Ён паўтарыў, што ўсе саюзьнікі Украіны жадаюць, каб яны былі там як мага раней, але сказаў, што эфэкт ад F-16 будзе мацнейшым, калі пілёты, экіпажы тэхнічнага абслугоўваньня і іншы дапаможны пэрсанал будуць добра падрыхтаваныя.

«Такім чынам, я думаю, што мы павінны прыслухацца да вайсковых экспэртаў менавіта тады, калі мы будзем гатовыя або калі саюзьнікі будуць гатовыя пачаць адпраўку і дастаўку F-16, — сказаў ён. — Чым раней, тым лепш».

Кожны хаўрусьнік будзе вырашаць, ці пастаўляць F-16 ва Ўкраіну, і саюзьнікі маюць розную палітыку, сказаў Столтэнбэрг. Але ў той жа час вайна ва Ўкраіне зьяўляецца захопніцкай, сказаў ён, і Ўкраіна мае права на самаабарону, у тым ліку наносіць удары па законных расейскіх вайсковых абʼектах за межамі Ўкраіны.

Адказваючы на пытаньне пра пэрспэктыву былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа вярнуцца ў Белы дом, Столтэнбэрг сказаў, што ён верыць, што, незалежна ад вынікаў выбараў у ЗША сёлета, Злучаныя Штаты застануцца адданым саюзьнікам па NATO, бо гэта ў інтарэсах бясьпекі ЗША.

Столтэнбэрг сказаў, што Злучаныя Штаты больш бясьпечныя і мацнейшыя разам з больш як 30 саюзьнікамі — чаго няма ні ў Кітая, ні ў Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG