Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымлівалі за фота бюлетэняў, разганялі чэргі ля ўчасткаў: сілавікі патрэніраваліся працаваць на выбарах


Скрыншот зь відэа, паказанага на дзяржаўным тэлеканале СТВ
Скрыншот зь відэа, паказанага на дзяржаўным тэлеканале СТВ

Па дзяржаўным тэлебачаньні паказалі тактыка-спэцыяльныя заняткі сілавікоў напярэдадні Адзінага дня галасаваньня, які пройдзе ў Беларусі 25 лютага.

Падчас вучэньняў яны адпрацоўвалі некалькі сцэнараў, у тым ліку затрыманьне выбарнікаў, якія фатаграфуюць выбарчыя бюлетэні, паведаміў дзяржаўны тэлеканал СТВ.

«Па сцэнары, выбарнік, прыйшоўшы на ўчастак для галасаваньня, фатаграфуе бюлетэнь. Гэта парушэньне закону. На заўвагі старшыні выбарчай камісіі не рэагуе. Парушальніка давялося затрымаць супрацоўнікам міліцыі», — гаворыцца ў сюжэце.

Таксама сілавікі, згодна зь сюжэтам, вучыліся разганяць людзей ля выбарчых участкаў, якія «штучна стварылі чаргу» і нібыта нават «падпалілі чалавека». Сярод іншых сцэнараў, якія адпрацоўвалі сілавікі, — «правакацыі на ўчастку для галасаваньня, выяўленьне нічыйнай сумкі, неапазнаны лятальны апарат у небе над будынкам, дзе разьмешчаны выбарчы ўчастак».

У «спэцыяльных занятках МУС» асабіста брала ўдзел Натальля Качанава.

Ахоўваць участкі ў дні галасаваньня будуць ня толькі міліцыянты, але і байцы маладзёжных атрадаў аховы правапарадку БРСМ, а таксама вэтэраны міліцыі.

З гэтага тыдня асабісты склад міліцыі перавядуць на ўзмоцнены варыянт службы. Паводле інфармацыі МУС, больш за 10 тысяч чалавек возьмуць пад кантроль выбарчыя ўчасткі.

Адзначаецца, што з улікам досьведу 2020 году прынята рашэньне аб стварэньні мабільных груп хуткага рэагаваньня.

«Гэта групы хуткага рэагаваньня зь ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, таксама зь ліку спэцпадразьдзяленьняў у поўнай экіпіроўцы, узброеныя аўтаматычнай зброяй», — расказаў Аляксандар Купчэня, начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС.

  • Сёлета ўпершыню ў Беларусі праходзяць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) і мясцовыя саветы дэпутатаў. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага. 20 лютага ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне.
  • На 110 месцаў у ПП НС восьмага скліканьня прэтэндуюць 265 кандыдатаў, на 12 512 месцаў у мясцовых саветах дэпутатаў — 18 802. Сярэдні конкурс — 2,4 і 1,5 чалавека на месца адпаведна. Сярод кандыдатаў няма праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
  • У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі падчас выбараў будзе дзейнічаць апэратыўна-сытуацыйны штаб, паведаміў кіраўнік ведамства Іван Кубракоў у этэры праграмы «Тыдзень» на тэлеканале СТБ 18 лютага.
  • Начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Аляксандар Купчэня заявіў пра магчымае прыцягненьне на выбарчыя ўчасткі мабільных груп хуткага рэагаваньня «зь ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і спэцпадразьдзяленьняў у поўным рыштунку, узброеных аўтаматычнай зброяй».
  • Яны будуць працаваць у Менску, абласных і раённых цэнтрах, удакладніў Купчэня.
  • Раней паведамлялася, што з 19 лютага (за дзень да пачатку датэрміновага галасаваньня) асабовы склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў будзе пераведзены на «ўзмоцнены варыянт службы», які прадугледжвае кругласутачнае дзяжурства на ўсіх выбарчых участках.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі, у гэтым актыўна ўдзельнічае судовая сыстэма.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.
  • Беларускія праваабаронцы заклікаюць паведамляць пра парушэньні падчас выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG