Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі выказаўся наконт Беларусі падчас афіцыйнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Эўразьвязу ў Бруселі, перадае польскае агенцтва PAP.
«У Беларусі, як і ў Расеі, у хуткім часе таксама маюць адбыцца фэйкавыя прэзыдэнцкія выбары. Усе мы памятаем, чым скончыліся папярэднія выбары — хваля рэпрэсій дагэтуль не слабее. У суадносінах да колькасьці насельніцтва гэта горш, чым было ў нас падчас ваеннага становішча.
Нагадаю, што сёньня ў Беларусі і Расеі разам больш палітвязьняў, чым было пры Леаніду Брэжневу ў СССР», — адзначыў Сікорскі.
Ён нагадаў, што Беларусь дала сваю тэрыторыю Расеі для нападу на Ўкраіну і прыняла ў сябе расейскую ядзерную зброю.
Акрамя гэтага кіраўнік МЗС Польшчы закрануў тэму нядаўняй сьмерці Аляксея Навальнага ў расейскай калёніі і падкрэсьліў, што новыя санкцыі за сьмерць апазыцыянэра павінны быць уведзеныя неадкладна.