Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША разглядаюць пытаньне аб пастаўках Кіеву дальнабойнай вэрсіі ракетаў ATACMS


Ракетны комплекс ATACMS
Ракетны комплекс ATACMS

Адміністрацыя Байдэна працуе над тым, каб даць Украіне новыя магутныя балістычныя ракеты вялікай далёкасьці, паведамілі дзьве амэрыканскія афіцыйныя асобы.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

У канцы мінулага году ЗША пачалі пастаўляць Украіне ракетныя комплексы ATACMS, аднак да гэтага часу гаворка ішла толькі пра старыя ATACMS сярэдняй далёкасьці. Цяпер Вашынгтон, па словах афіцыйных асобаў, разглядае магчымасьць паставак Кіеву больш дальнабойнай вэрсіі ракеты. Гэта дазволіць Украіне наносіць удары, якія будуць дасягаць анэксаванага Расеяй Крыму.

Нагадаем, што на мінулым тыдні Сэнат прыняў пакет дапамогі ў памеры 95 мільярдаў даляраў для Ўкраіны, Ізраілю і Тайваня. Але пакуль незразумела, ці будзе гэты законапраект ухвалены Палатай прадстаўнікоў, якая кантралюецца рэспубліканцамі.

Першага лістапада летась група заканадаўцаў-рэспубліканцаў заклікала прэзыдэнта даць Украіне ракеты большай далёкасьці дзеяньня.

Тады ў звароце да прэзыдэнта заканадаўцы адзначылі, што Ўкраіна запрасіла ракеты ATACMS вялікай далёкасьці і прадэманстравала здольнасьць адказна іх ужываць.

Прадстаўнікі абароннага ведамства паведамілі NBC News, што амэрыканскія запасы ATACMS абмежаваныя і што яны наўрад ці адправяць іх ва Ўкраіну, ня вылучыўшы сродкаў на папаўненьне амэрыканскага арсэналу гэтых ракетаў.

Па словах афіцыйных асобаў, калі Кангрэс ухваліць павелічэньне фінансаваньня Ўкраіны, то ЗША могуць уключыць дальнабойныя сыстэмы ATACMS у адзін зь першых пакетаў вайсковай дапамогі, аплачаных за кошт гэтых сродкаў. У ЗША таксама ёсьць боепрыпасы і артылерыя, гатовыя да неадкладнай адпраўкі ва Ўкраіну, калі фінансаваньне будзе ўхваленае, дадалі яны.

Яны ня выключылі магчымасьці звароту да саюзьнікаў з просьбай даць ракеты Ўкраіне, а таксама папоўніць іх запасы ATACMS.

У заяве прадстаўніка Міністэрства абароны гаворыцца, што без прыняцьця закону аб дадатковым фінансаваньні ЗША ня змогуць даць Украіне пакет дапамогі ў сфэры бясьпекі.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што большую частку сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам у Мюнхэне ў суботу ён прысьвяціў абмеркаваньню патрэбаў Украіны ў больш дальнабойнай зброі.

Раней адміністрацыя прэзыдэнта Джо Байдэна выказвала перасьцярогі, што ў выпадку паставак Украіне ракет далёкага радыюсу дзеяньня апошнія могуць быць выкарыстаныя для нанясеньня ўдараў па Крыме або па расейскай тэрыторыі, што можа прывесьці да эскаляцыі канфлікту.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG