Вайсковая выведка Ўкраіны пацьвердзіла гібель пілёта РФ, які зьбег ва Ўкраіну на верталёце

Максім Кузьмінаў
Максім Кузьмінаў

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў 19 лютага пацьвердзіў некалькі ранейшых паведамленьняў пра гібель у Гішпаніі расейскага лётчыка Максіма Кузьмінава, які летам 2023 году зьбег ва Ўкраіну на вайсковым верталёце Мі-8 і перадаў яго УСУ.

«Можам пацьвердзіць факт сьмерці», — сказаў Юсаў выданьню «РБК-Украіна», не ўдакладніўшы прычыны сьмерці пілёта.

14 лютага гішпанскае выданьне ABC паведаміла, што 13 лютага ў горадзе Ля-Вільляхаёса ў правінцыі Алікантэ было знойдзенае цела 33-гадовага грамадзяніна Ўкраіны зь некалькімі кулявымі раненьнямі. Прозьвішча забітага не называлася.

Як піша выданьне The Insider, першапачаткова пра тое, што забітым мог быць Кузьмінаў, паведаміў ТАСС 19 лютага, спаслаўшыся на неназваныя гішпанскія СМІ. Па дадзеных The Insider, у рэальнасьці ў гішпанскіх СМІ такіх паведамленьняў не было, а першакрыніцай навіны пра гібель Кузьмінава стаў тэлеграм-канал Eureka News — гэта канал былога службоўца Мінабароны РФ Міхаіла Зьвінчука, аўтара каналу «Рыбарь». На гэты момант пост пра гібель Кузьмінава ў тэлеграм-канале выдалены.

Гішпанскія праваахоўныя органы пакуль публічна не пацьвярджаюць асобу загінулага.

У жніўні 2023 году расейскі верталёт Мі-8 пераляцеў з Расеі ва Ўкраіну і прызямліўся на адным з украінскіх аэрадромаў. Пазьней кіраўнік украінскай вайсковай выведкі Кірыл Буданаў расказаў, што ведамства пераканала расейскага пілёта Максіма Кузьмінава пераляцець ва Ўкраіну і здаць верталёт. Двое чальцоў экіпажа, якія ня ведалі, што адбываецца, былі забітыя пры спробе схавацца. Усім сваякам Кузьмінава, паводле слоў Буданава, да апэрацыі дапамаглі пакінуць Расею.

​
XS
SM
MD
LG