Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля захопу Аўдзееўкі Расея працягвае наступ і не спыняе абстрэлаў украінскага памежжа і прыфрантавых гарадоў

Баявыя дзеяньні ў Аўдзееўцы, люты 2024
Баявыя дзеяньні ў Аўдзееўцы, люты 2024

Па ўсёй ліні фронту задзень адбылося 80 баявых сутыкненьняў.

Расейскія войскі пасьля захопу Аўдзееўкі ў Данецкай вобласьці працягваюць наступ на гэтым кірунку. Вайсковае кіраўніцтва Ўкраіны сьцьвярджае, што ўкраінскае войска адышло на добра падрыхтаваныя пазыцыі.

Па ўсёй ліні фронту за апошні дзень адбылося 80 баявых сутыкненьняў.

Расейцы спрабуюць прасунуцца на ўсходзе і вярнуць страчаныя пазыцыі на поўдні

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што на аўдзееўскім кірунку ўкраінскія войскі змаглі адбіць пяць атак каля Новабахмутаўкі, Ластачкіна і Первамайскага Данецкай вобласьці.

Украінскі вайсковы карэспандэнт Юрый Бутусаў расказаў, як расейцы пасьля захопу Аўдзееўкі расправіліся зь цяжкапараненымі ўкраінскімі вайскоўцамі — іх не змаглі вывезьці пры выхадзе за захопленага горада.

«Расейскія вайскоўцы расстралялі бездапаможных няўзброеных параненых, якіх захапілі ў палон і якія не маглі перасоўвацца. Целы скінулі ў ваду», — паведаміў журналіст.

Разам з такімі «зачысткамі» ў Аўдзееўцы Расея павялічыла колькасьць авіяцыйных атак на памежжа ў Харкаўскай вобласьці, а таксама на прыфрантавыя населеныя пункты ў Данецкай, Луганскай і Запароскай абласьцях. На Запарожжы расейцы спрабавалі атакаваць Рабоціна, якое яны страцілі ў жніўні 2023 году. Украінцы сьцьвярджаюць, што змаглі адбіць гэты расейскі наступ.

Інстытут вывучэньня вайны: хаатычнага адступленьня ўкраінцаў не было

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) сьцьвярджаюць, што ўкраінскія войскі адышлі на падрыхтаваныя пазыцыі недалёка ад Аўдзееўкі, хоць расейскія СІМ сьцьвярджаюць, што адступленьне было хаатычным.

«Даступныя здымкі, якія ISW не будзе прадстаўляць або апісваць больш падрабязна на цяперашні момант, каб захаваць апэратыўную бясьпеку Ўкраіны, не пацьвярджаюць сьцьвярджэньня аб тым, што ўкраінскія сілы ня маюць падрыхтаваных абарончых пазыцый на захад ад Аўдзееўкі», — адзначаецца з справаздачы Інстытуту за 18 лютага.

Экспэрты таксама падкрэсьлілі, што ўкраінскае камандаваньне таксама нядаўна накіравала новыя падразьдзяленьні на фронт у Аўдзееўку для контратак і стварэньня калідору для эвакуацыі ўкраінскіх войскаў.

«Цяпер расейскія войскі вядуць як мінімум тры наступальныя апэрацыі — уздоўж мяжы Харкаўскай і Луганскай вобласьці, у прыватнасьці, у кірунках Купянску і Лімана, у Аўдзееўцы і яе ваколіцах, а таксама каля Рабоціна на захадзе Запароскай вобласьці», — адзначылі экспэрты.

Паводле іх, цяпер Расея спрабуе скарыстацца «паўзай» у заходняй вайсковай дапамозе Ўкраіне, каб вярнуць страчаныя цягам 2023 году пазыцыі на ўсходзе і поўдні. Але экспэрты перакананыя, што расейскай арміі будзе гэта вельмі цяжка зрабіць.

На поўначы, усходзе і поўдні Ўкраіны ёсьць загінулыя і параненыя

У апэратыўным камандаваньні «Поўнач» паведамілі, што за апошнія содні Расея выпусьціла па Чарнігаўскай і Сумскай абласьцях да 30 снарадаў.

У Харкаўскай вобласьці адзін чалавек загінуў і сем атрымалі раненьні, у Данецкай вобласьці — мінімум 2 чалавекі атрымалі раненьні.

Расейцы нанесьлі 402 удары па 12 населеных пунктах Запароскай вобласьці, і 21 — па Херсону і Херсонскай вобласьці. Улады пакуль не паведамляюць аб ахвярах.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG