Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родным Навальнага агучылі новую прычыну сьмерці палітыка. СМІ: на ягоным целе выявілі сінякі

абноўлена

Меркавана, маці Аляксея Навальнага, падчас наведваньня калёніи №3 у пасёлку Харп, 17 лютага 2024 году
Меркавана, маці Аляксея Навальнага, падчас наведваньня калёніи №3 у пасёлку Харп, 17 лютага 2024 году

Супрацоўнік папраўчай калёніі № 3 заявіў, што цела Аляксея Навальнага знаходзіцца ў Салехардзе, хоць у моргу Салехарда, куды прыехалі маці і адвакат палітыка, заявілі, што цела Навальнага ў іх няма, кажа прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.

«Сындром раптоўнай сьмерці»

Паплечнік Навальнага Іван Жданаў паведаміў, што ў калёніі адвакату і маці Навальнага сказалі, што прычына — сындром раптоўнай сьмерці. Раней дзяржаўны тэлеканал RT са спасылкай на крыніцы сьцьвярджаў, што прычынай сьмерці стаў адрыў тромба.

Анэстэзіёляг Аляксандар Палупан, які лекаваў Навальнага пасьля яго атручваньня ў 2020 годзе, сказаў выданьню «Агентство», што гаворка, верагодна, ідзе пра дыягназ «раптоўная сардэчная сьмерць», бо дыягназ «сындром раптоўнай сьмерці» ставяць толькі немаўлятам. Палупан зьвярнуў увагу на тое, што пры такім дыягназе чалавек памірае фактычна імгненна, у той час як у паведамленьні УФСВП аб сьмерці Навальнага гаварылася, што яму спачатку стала дрэнна, а потым ён страціў прытомнасьць. Дыягназ «раптоўная сардэчная сьмерць» як адзіны дыягназ звычайна ставяць, калі ня выяўлена іншых прычын пры ўскрыцьці, сказаў Палупан, адзначыўшы, што пад такі дыягназ «можна сьпісаць усё што заўгодна».

Крыніца «Новой газеты»: на целе Навальнага выяўленыя сінякі

Паводле Кіры Ярмыш, афіцыйнага заключэньня аб сьмерці Навальнага ягоныя сваякі ўсё яшчэ не атрымлівалі. Паплечнікі палітыка настойваюць на неадкладнай выдачы ягонага цела сям’і.

Паводле Ярмыш, у Сьледчым камітэце РФ заявілі, што цела не аддадуць сваякам, пакуль не завершаць праверку, хаця раней, адвакатам паведамілі, што «праверка скончаная, крыміналу ня знойдзена». Яшчэ аднаму адвакату Навальнага ў СК Салехарда сказалі, што прычына сьмерці Навальнага не ўстаноўленая і была ўзятая паўторная гісталягічная экспэртыза. Яе вынікі будуць гатовыя на наступным тыдні.

«Адвакат і маці Аляксея прыехалі ў салехардзкі морг. Ён зачынены, нягледзячы на запэўніваньні калёніі, быццам ён працуе і цела Навальнага знаходзіцца там. Адвакат патэлефанаваў па ўказаным на дзьвярах тэлефоне. Яму сказалі, што ён ужо сёмы, хто сёньня тэлефануе. Цела Аляксея ў іх у моргу няма», — распавяла Кіра Ярмыш.

Паводле крыніцы выданьня «Новая газета. Европа», цела Навальнага ўсё ж знаходзіцца ў моргу Салехарда. Па стане на 17 лютага ўскрыцьце не праводзілі.

Крыніцы ў «хуткай» паведамілі, што на целе Навальнага былі выяўленыя сінякі, атрыманыя ім пры жыцьці — але не ад зьбіцьця, а ў выніку іншых дзеяньняў. На думку супрацоўніка «хуткай», такія пашкоджаньні, як апісвалі іх тыя, хто бачыў, могуць зьявіцца ад сутаргаў — калі чалавек б’ецца ў моцных канвульсіях, а яго спрабуюць утрымаць. Паводле крыніцы, на грудзях у Навальнага таксама пабачылі сіняк, што можа быць вынікам непрамога масажу сэрца.

У калёніі нешта адбывалася ўжо 15 лютага

«Новой газете Европа» ўдалося зьвязацца з адным са зьняволеных калёніі, дзе адбываў пакараньне Навальны. Суразмоўца расказаў журналістам, што вечаровую праверку 15 лютага моцна паскорылі, пасьля чаго зьняволеных разьвялі па бараках і ўзмацнілі ахову.

Па словах крыніцы, позна ўвечары і ноччу на тэрыторыю «Палярнага ваўка» заяжджалі тры машыны, але разглядзець, што гэта былі за аўтамабілі, было немагчыма.

Суразмоўца распавёў «Новой газете Европа», што раніцай у вязьняў правялі татальную праверку, пра якую не папярэджвалі загадзя. Пра сьмерць Навальнага ў калёніі стала вядома каля 10 гадзін раніцы па мясцовым часе (8 раніцы па маскоўскім). Пры гэтым упраўленьне ФСВП па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе абʼявіла аб сьмерці палітыка каля 16 гадзін па мясцовым часе.

Разам з тым крыніца выданьня адзначыла, што сьмерць Навальнага стала нечаканасьцю для кіраўніцтва калёніі, а самі супрацоўнікі ФСВП прамога дачыненьня да здарэньня, па ўсёй верагоднасьці, ня маюць.

16 лютага УФСІН па Ямала-Ненецкай акрузе абвясьціла, што Аляксей Навальны памёр у калёніі. Людміла Навальная пасьля паведамленьняў аб сьмерці сына сказала, што некалькі дзён таму езьдзіла да яго на спатканьне і, паводле яе, палітык адчуваў сябе добра і ня скардзіўся на здароўе.

Тое, што ў Навальнага было добрае самаадчуваньне, пацьвердзілі і ва Ўладзімірскім аблсудзе, дзе 15 лютага палітык выступаў па відэасувязі.


BILD: Расея вяла перамовы зь Нямеччынай і ЗША пра магчымы абмен Навальнага

Выданьне BILD са спасылкай на свае крыніцы сьцьвярджае, што раней ішлі перамовы пра магчымы абмен Навальнага. Паводле інфармацыі выданьня, у гэтых перамовах удзельнічалі Масква, Вашынгтон і Бэрлін. Пуцін нібыта хацеў атрымаць расейскага агента Вадзіма Красікава, які сядзеў у турме ў Нямеччыне, і абмяркоўвалася, што ў абмен ён можа вызваліць Навальнага.

Аглядальнік BILD Філіп Пятаў адзначае, што Навальнага «маглі б вызваліць у бліжэйшыя тыдні ці месяцы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG