ЗША, ЭЗ і іншыя партнэры абмеркавалі новыя санкцыі супраць Расеі на сустрэчы ў Брусэлі, якая адбылася напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Ўкраіне.
«Многія з нас гатовы ўвесьці даволі сур’ёзныя пакеты санкцый у сувязі з гэтай гадавінай», — заявіў Reuters высокапастаўлены амэрыканскі чыноўнік, не ўдаючыся ў дэталі.
Расея ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
Чыноўнік дадаў, што новыя меры ЗША будуць уключаць супрацьдзеяньне ўхіленьню ад санкцый, паколькі Вашынгтон спрабуе абмежаваць доступ Расеі да тавараў, неабходных для баявых дзеяньняў, а таксама абмежаваць яе даходы.
Пад новыя амэрыканскія санкцыі могуць трапіць расейскія дзяржаўныя інстытуты, фізычныя асобы і кампаніі, а таксама некаторыя сэктары расейскай эканомікі, выказаў думку былы дырэктар Упраўленьня кантролю за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) Джон Сьміт.
«Цалкам верагодна, што па меры набліжэньня гадавіны ў сьпіс будзе дабаўлена значная колькасьць — хутчэй за ўсё, больш за 100 — фізычных і юрыдычных асоб», — сказаў ён.
Сьміт дадаў, што Вашынгтон можа таксама скарыстацца ўказам, падпісаным у сьнежні, каб увесьці санкцыі супраць замежных фінансавых інстытутаў.
Заходняя крыніца паведаміла ў аўторак, што кааліцыя, якая ўвяла санкцыі супраць Масквы, павінна пайсьці далей.
Гэтыя захады павінны ўключаць закрыцьцё шчылін і абыходных шляхоў, далейшае зьніжэньне даходаў Расеі і ўзмацненьне жорсткасьці мер у рэалізацыі столі цэнаў на нафту. Апошняе павінна ўключаць меры супраць ценявога флёту танкераў, якія перавозяць расейскую нафту.
Акрамя таго, прадстаўнікі 27 краін — сяброў ЭЗ правялі ў Брусэлі ў сераду асобную, першую дыскусію аб 13-м пакеце санкцый супраць Расеі з пачатку вайны ва Ўкраіне.
Прадстаўнік ЭЗ паведаміў, што новы пакет не прадугледжвае новых забарон на імпарт прамысловых тавараў. Аднак, па словах чыноўніка, ЭЗ унясе ў «чорны сьпіс» амаль 200 фізычных і юрыдычных асоб.
Як стала вядома Свабодзе з крыніц у Брусэлі, у праект 13-га санкцыйнага сьпісу супраць Расеі трапіла некалькі беларускіх прадпрыемстваў і іхных кіраўнікоў, а таксама грамадзкіх арганізацый, якія ўдзельнічалі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей.