Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма мінімальна неабходнага бюджэту». Футбольны клюб «Крумкачы» другі год запар адмовіўся гуляць у першай лізе


Архіўнае фота. Акцыя салідарнасьці, якую «Крумкачы» зладзілі 1 верасьня 2020 году
Архіўнае фота. Акцыя салідарнасьці, якую «Крумкачы» зладзілі 1 верасьня 2020 году

Футбольны клюб «Крумкачы», заваяваўшы права выступу ў першай лізе чэмпіянату Беларусі, добраахвотна адмовіўся ад праходжаньня ліцэнзаваньня і будзе гуляць у другой лізе, паведаміла 14 лютага прэс-служба клюбу.

Па выніках чэмпіянату 2023 году сярод камандаў другой лігі «Крумкачы» заваявалі срэбныя мэдалі і атрымалі права ўдзельнічаць у працэсе ліцэнзаваньня, але ў выніку вырашылі адмовіцца ад праходжаньня працэдуры.

«Нягледзячы на прывабнасьць клюбу як рэклямнага брэнду, што можна бачыць па лічбах наведвальнасьці матчаў, продажаў і ахопаў у сацыяльных сетках, мы атрымалі шэраг адмоваў ад супрацоўніцтва. На сёньняшні дзень клюб ня мае мінімальна неабходнага бюджэту для ўдзелу ў першай лізе.

Рызыкаваць існаваньнем клюбу і дапускаць магчымае зьняцьце „Крумкачоў“ па ходзе сэзону я ня ў праве. Таму было прынята складанае рашэньне аб удзеле ў чэмпіянаце сярод камандаў другой лігі 2024 году», — патлумачыў рашэньне дырэктар клюбу Алег Давідовіч.

У 2023 годзе «Крумкачы» таксама вырашылі адмовіцца ад удзелу ў спаборніцтвах першай лігі. Галоўнай прычынай добраахвотнага паніжэньня ў клясе стала немагчымасьць дамовіцца аб арэндзе са стадыёнам, які б адпавядаў крытэрам ліцэнзаваньня. Больш за тое, клюб ня змог знайсьці нават палі для вучэбна-трэніровачных заняткаў каманды — паўсюль, куды зьвярталіся «Крумкачы», ім адмаўлялі. Праблемы з стадыёнам для трэніровак і матчаў, паводле інфармацыі футбольных СМІ, пачаліся з прычыны ўмяшаньня кіраўніка фэдэрацыі Ўладзімера Базанава.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году клюб ня раз выказваў салідарнасьць з тымі, хто пацярпеў ад гвалту. Журналіста і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна асудзілі на два гады калёніі.

Менская каманда «Крумкачы» — адзін зь нешматлікіх недзяржаўных клюбаў у беларускім футболе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG