Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіргізстане на ўзор Расеі плянуюць увесьці кантроль за СМІ, якія фінансуюцца з-за мяжы


Энтані Блінкен і Садыр Жапараў
Энтані Блінкен і Садыр Жапараў

Садыр Жапараў падкрэсьліў, што ўрад краіны падтрымлівае дзейнасьць няўрадавых арганізацый і СМІ, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, але патрабуе ад іх выкананьня Канстытуцыі і законаў Кіргізстану, у тым ліку Падатковага кодэксу, а таксама празрыстасьці дзейнасьці.

Парлямэнт Кіргізстану ў першым чытаньні ўхваліў зьмены да закону аб некамэрцыйных арганізацыях, якія прадугледжваюць увядзеньне статусу іншаземных агентаў.

Як паведаміла мясцовае выданьне 24.kg, закон прадугледжвае нормы, зьвязаныя зь дзейнасьцю некамэрцыйных арганізацый, якія выконваюць функцыі іншаземнага прадстаўніцтва. Пасьля ўхваленьня закону ў Кіргізстане будзе створаны адмысловы рэестар такіх арганізацый.

З гэтай нагоды дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен накіраваў ліст прэзыдэнту Кіргізстану Садыру Жапараву і выказаў занепакоенасьць у сувязі з заплянаванымі новаўвядзеньнямі. Гэта стала вядома пасьля таго, як прэсавы сакратар кіргізстанскага прэзыдэнта апублікаваў адказ уладам ЗША.

«Вымушаны з шкадаваньнем адзначыць, што зьмест вашага ліста мае прыкметы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы», — адзначаецца ў адказе Садыра Жапарава Энтані Блінкену.

Прэзыдэнт Кіргізстану падкрэсьліў, што мэта заканадаўчых зьменаў — упарадкаваць дзейнасьць няўрадавых арганізацый, якія дзейнічаюць у краіне і атрымліваюць фінансаваньне з ЗША і Эўразьвязу.

«Кіргізская дзяржава, згодна са сваім статусам, мае намер кантраляваць, адкуль прыходзяць грошы ў гэтыя некамэрцыйныя арганізацыі, хто, як і на якія мэты іх выкарыстоўвае», — адзначыў Садыр Жапараў. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што канцэпцыя гэтага закону блізкая да закону аб рэгістрацыі іншаземных агентаў, ухваленага ў ЗША ў 1938 годзе.

«Як нам вядома, у законе ЗША статус іншаземнага агента прадугледжаны ня толькі для сродкаў масавай інфармацыі, але і для іншых юрыдычных і фізычных асобаў. Парушэньні — затрымка рэгістрацыі або адмова ад яе — пагражаюць ня толькі адміністрацыйнай, а і крымінальнай адказнасьцю. У гэтай сувязі ня можа не паўстаць пытаньне: чаму вам можна, а нам нельга?», — дадаў прэзыдэнт Кіргізстану.

Садыр Жапараў падкрэсьліў, што ўрад краіны падтрымлівае дзейнасьць няўрадавых арганізацый і СМІ, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, але патрабуе ад іх выкананьня Канстытуцыі і законаў Кіргізстану, у тым ліку Падатковага кодэксу, а таксама празрыстасьці дзейнасьці.

Раней аналягічны закон ухвалілі ў Расеі. Цяпер расейскім грамадзянам, якія не зарэгіструюцца іншаземным агентам, пагражае крымінальная адказнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG