Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Карымавым ня ладзілі, зь Мірзіёевым — наадварот. Чым адметны візыт Лукашэнкі ва Ўзбэкістан


Аляксандар Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў, Ташкент, 7 лютага 2024
Аляксандар Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў, Ташкент, 7 лютага 2024

Беларуска-ўзбэцкія адносіны — ілюстрацыя таго, што супрацоўніцтва паміж дзяржавамі з аўтарытарнымі рэжымамі моцна залежыць ад асабістых узаемадачыненьняў іхных лідэраў.

Сьцісла:

  • У Аляксандра Лукашэнкі і ранейшага кіраўніка Ўзбэкістану Іслама Карымава ня склаліся адносіны. Таму і ўзаемадачыненьні паміж краінамі разьвіваліся слаба.
  • Нібы па кантрасьце, асабістыя адносіны Аляксандра Лукашэнкі і новага прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева склаліся добрыя. І адразу пачалося актыўнае супрацоўніцтва.
  • Быў заўважны крыху паблажлівы тон, зь якім Лукашэнка зьвяртаўся да ўзбэцкага боку. Сэнс ягоных выказваньняў у тым, што Беларусь — тэхналягічна больш разьвітая краіна, і яна гатовая ўзяць адсталы Ўзбэкістан на буксір.
  • Адметна, што падчас візыту з боку Лукашэнкі публічна не гучала ніякіх антызаходніх выпадаў. Бо Ўзбэкістан падтрымлівае нармальныя адносіны з ЗША і краінамі ЭЗ.

Абрынаньне заходняга вэктару замежнай палітыкі Беларусі, паварот на Ўсход і Поўдзень набывае характар стратэгіі, напаўняецца канкрэтным зьместам. Часта гэта выліваецца ў экзатычныя формы. Так, у Менск прыехала дэлегацыя Паўднёвага Судану на запрашэньне Лібэральна-дэмакратычнай партыі. Або вось прэзыдэнт Зымбабвэ прыняў даверчыя граматы пасла Беларусі і пацьвердзіў гатоўнасьць наведаць беларускую сталіцу. І гэта становіцца важнай навіной замежнай палітыкі краіны.

На гэтым тле афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ва Ўзбэкістан выглядае як лягічны працяг замежнапалітычнай лініі афіцыйнага Менску.

Увогуле ж, беларуска-ўзбэцкія адносіны — ілюстрацыя таго, што супрацоўніцтва паміж дзяржавамі з аўтарытарнымі рэжымамі моцна залежыць ад асабістых узаемадачыненьняў іхных лідэраў. У Аляксандра Лукашэнкі і ранейшага кіраўніка Ўзбэкістану Іслама Карымава было пэрсанальнае непрыманьне, канфлікт. Раздражненьне часам вылівалася ў публічныя звады, спрэчкі, узаемныя ўколы.

Сам Лукашэнка апавядаў журналістам, што адбылося на прыёме, які калісьці даваў Барыс Ельцын у Маскве: «Узьнімаецца Карымаў. Р-раз, мяне зачапіў — што я, маўляў, камуністаў у Расеі ня лаю».

У 1996 годзе Карымаў, раздражнёны імкненьнем беларускага лідэра быць галоўным інтэгратарам на постсавецкай прасторы, проста адчытаў маладога калегу: «Калі слухаеш прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, ствараецца ўражаньне, што калі рэспублікі былога СССР неадкладна ня зоймуцца інтэграцыяй і не аб’яднаюцца, то ўсе яны зьнікнуць — у іх няма ніякіх пэрспэктыў, ніякіх шанцаў на выжываньне, усе іх чакае крызіс. Растлумачыць празьмерную актыўнасьць некаторых палітыкаў, прыхільнікаў неадкладнай інтэграцыі можна, па-першае, імкненьнем пастаянна быць у цэнтры ўвагі, паказаць сябе абаронцам інтарэсаў ня толькі свайго народу, але і іншых рэспублік, якія калісьці былі ў складзе СССР. Па-другое, гэта тлумачыцца жаданьнем адцягнуць увагу сваіх суграмадзянаў і грамадзкасьці ад найважнейшых унутраных праблем».

Але і Лукашэнка не заставаўся ў даўгу. У кастрычніку 2007 году, выступаючы перад расейскімі журналістамі, ён ня надта далікатна прайшоўся па ўзбэцкім лідэры: «Памятаеце няшчасьце, якое абрынулася на Ўзбэкістан? Ён шчыльна супрацоўнічаў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Як павялі сябе амэрыканцы ў адносінах да Ўзбэкістану? Яны гатовыя былі, як з Афганістанам, пачаць вайну. Куды прыйшоў Карымаў? У СНД, да Расеі. Зьвярнуўся ў СНД: дапамажыце, абараніце. І ў ЭўрАзЭС, і ў АДКБ уступіў адразу ж. Зразумеў, дзе яго шчасьце».

У кастрычніку 2011 г. Лукашэнка заявіў, што «патройная гульня, якую сёньня вядзе Ўзбэкістан, не дазваляе яму знаходзіцца ў АДКБ». А ў 2015 годзе на саміце СНД у Маскве прэзыдэнты Беларусі і Ўзбэкістану публічна паспрачаліся, хто з народаў унёс большы ўклад у перамогу над Нямеччынай.

Таму ня дзіўна, што Лукашэнка пры ранейшым узбэцкім прэзыдэнце зрабіў толькі адзін візыт у гэтую краіну ў сьнежні 1994 году. Карымаў прыяжджаў у Менск толькі на саміты інтэграцыйных абʼяднаньняў. Узбэкістан заставаўся адзінай постсавецкай дзяржавай, якая доўгі час ня мела ў Менску сваёй амбасады. Яе адкрылі толькі ў чэрвені 2018 году, праз два гады пасьля сьмерці ранейшага прэзыдэнта Ўзбэкістану. Адметна, што на пахаваньне Іслама Карымава Аляксандар Лукашэнка не прыехаў.

Падчас цяперашняга візыту Лукашэнка не ўтрымаўся, каб не папракнуць былога ўзбэцкага лідэра: «Мы зь вялікай цікаўнасьцю назіраем за тымі пераўтварэньнямі, якія адбываюцца ва Ўзбэкістане. Адзінае, што вам трэба, — гэта час. Страчана ў свой час было нямала. Вам даводзіцца, як вы правільна сказалі, даганяць, даганяць і даганяць, а гэта заўсёды няпроста».

Нібы па кантрасьце, асабістыя адносіны Аляксандра Лукашэнкі і новага прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева склаліся добрыя. І пачалося актыўнае супрацоўніцтва.

Лукашэнка наведваў Узбэкістан з афіцыйным візытам у 2018 годзе, з працоўнымі — у 2016-м (двойчы) і ў 2022-м. У 2014 і 2019 гадах адбыліся афіцыйныя візыты ўзбэцкага прэзыдэнта ў Беларусь.

За 2018 —2022 гады тавараабарот паміж краінамі павялічыўся ў 3,2 раза. У 2023 годзе абʼём узаемнага гандлю вырас яшчэ на 12 працэнтаў і перасягнуў $565 млн. Гэта значна больш, чым гандлёвы абарот з афрыканскімі краінамі, якія Лукашэнка наведваў летась.

У беларускіх ВНУ навучаецца больш за 5 тысяч узбэцкіх студэнтаў, а некалькі гадоў таму іх было ўсяго некалькі дзясяткаў.

Падчас перамоваў у Ташкенце гучала шмат патасных прамоваў, абвяшчаліся грандыёзныя пляны эканамічнага супрацоўніцтва. Адначасова Лукашэнка і Мірзіёеў моцна папракалі ўрады за тое, што тыя ня выканалі папярэднія дамоўленасьці паміж лідэрамі.

Быў заўважны крыху паблажлівы тон, зь якім Лукашэнка зьвяртаўся да ўзбэцкага боку. Сэнс ягоных выказваньняў быў у тым, што Беларусь — тэхналягічна больш разьвітая краіна, і яна гатовая ўзяць адсталы Ўзбэкістан на буксір: «Будзем падтрымліваць узбэцкі народ і Ўзбэкістан, наколькі мы можам... Тыя тэхналёгіі, якія вам патрэбныя на сёньня і нават заўтра, яны ў нас ёсьць. Ня трэба нідзе хадзіць па сьвеце і кланяцца... Усё, што ўбачыш у Беларусі і табе трэба будзе, — мы гатовыя прыйсьці на дапамогу з высокімі тэхналёгіямі і зрабіць тое, што папросіш... Мы гатовыя ад сябе адарваць, прыехаць, запусьціць як трэба гэтую клініку, дапамагчы вам укамплектаваць, навучыць акушэрству вашых людзей. Але пакуль навучым, будзем вам дапамагаць».

Усё гэта гучала трохі прыніжальна для гаспадароў, але, здаецца, сам Лукашэнка не адчуваў, што такая дэманстрацыя перавагі можа іх пакрыўдзіць.

Яшчэ адметна, што падчас візыту з боку Лукашэнкі публічна не гучала нейкіх антызаходніх выпадаў. Бо Ўзбэкістан не ўваходзіць у АДКБ, мае нармальныя адносіны з ЗША і краінамі ЭЗ. У лістападзе мінулага году Ташкент наведаў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG