Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі прысуд беларусу, які год таму пад узьдзеяньнем марыхуаны насьмерць зьбіў раварыстку ў Познані


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Раённы суд Познані вынес прысуд беларусу Аляксандру С., які роўна год таму насьмерць зьбіў раварыстку на пешаходным пераходзе. Яму прысудзілі да 6,5 года турмы, а таксама пажыцьцёвую забарону на кіраваньне аўтамабілем, паведамляе выданьне Most.

Вынесенае пакараньне мякчэйшае, чым прасіла абвінавачаньне, бо пракурор прасіў 7,5 года.

Суд палічыў беларуса вінаватым у ненаўмысным ДТЗ са сьмяротным вынікам і кіраваньні аўтамабілем у стане наркатычнага ап’яненьня.

Трагедыя адбылася 9 лютага 2023 году на вуліцы Дамброўскага ў Познані. 27-гадовая раварыстка пераяжджала дарогу. Яна ня сьпешылася, бо на тым пераходзе была спэцыяльная зона для раварыстаў. У яе ўрэзаўся аўтамабіль Uber, якім кіраваў 35-гадовы грамадзянін Беларусі. Дзяўчыну рэанімавалі, але выратаваць яе не ўдалося.

Экспэртыза выявіла, што ў момант ДТЗ Аляксандар С. знаходзіўся пад узьдзеяньнем марыхуаны. Ступень наркатычнага ап’яненьня адпавядала больш як палове праміле алькаголю. У судзе ён адмаўляў, што прымаў наркотыкі ў той дзень, хоць прызнаваў, што мог курыць марыхуану ў папярэднія выходныя.

Аляксандар прыйшоў на працу ў таксі незадоўга да трагедыі. У дзень аварыі была толькі чацьвёртая яго зьмена. Да таго моманту, сьцьвярджаў беларус, ён яшчэ не вывучыў горад, перасоўваўся з дапамогай навігатара і ня ведаў, у якім месцы пешаходы і раварысты пераходзяць дарогу. А на вуліцы Дамброўскага, дзе здарылася сьмяротнае ДТЗ, ён наогул быў упершыню.

Аляксандра затрымалі летась у лютым, адразу пасьля ДТЗ. Аднак у жніўні судзьдзя прыняў рашэньне вызваліць яго да суду, бо да таго моманту ў справе былі сабраныя ўсе доказы. У сям’і ахвяры гэта выклікала шок, сваякі баяліся, што абвінавачаны зможа ўцячы ў Беларусь.

Пасьля грамадзкай агалоскі судзьдзя забараніў мужчыну пакідаць Польшчу. Паліцыянты праверылі месца, якое ён паказаў як месца свайго знаходжаньня, але там яго не аказалася. Высьветлілася, што беларус зьехаў у Шчэцін. Там ён быў паўторна арыштаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG