Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна перадала Расеі яшчэ аднаго палоннага беларуса, які ваяваў у расейскай ПВК «Рэдут»


Максім Зязюльчык знаходзіўся ва ўкраінскім палоне зь верасьня 2022 году. Архіўнае фота
Максім Зязюльчык знаходзіўся ва ўкраінскім палоне зь верасьня 2022 году. Архіўнае фота

Абмен палоннымі ў фармаце «100 на 100» адбыўся 8 лютага ў Сумскай вобласьці Ўкраіны на мяжы з Расеяй.

У межах абмену палоннымі Ўкраіна перадала Расеі грамадзяніна Беларусі Максіма Зязюльчыка, які ваяваў у падразьдзеле «Вэтэраны» расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут» і знаходзіўся ва ўкраінскім палоне з 19 верасьня 2022 году.

«Максім Зязюльчык звычайны вайсковы палонны. Ён прайшоў паводле працэдуры: ваяваў за Расею і ў Расею вярнуўся», — паведамілі Свабодзе ў праекце «Хачу жыць», створаным ва Ўкраіне для расейскіх вайскоўцаў.

У той жа час сярод перададзеных Расеяй украінскіх палонных беларускіх добраахвотнікаў няма.

31 студзеня Ўкраіна ў межах абмену вайсковымі палоннымі перадала Расеі грамадзяніна Беларусі Максіма Запеку.

Ва Ўкраіне ў палоне застаецца яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расеі — Андрэй Герыловіч. Ён ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр» і быў асуджаны ва Ўкраіне на 9 гадоў зьняволеньня. Герыловіч трапіў ва ўкраінскі палон 16 лістапада 2022 году непадалёк ад пасёлка Курдзюмаўка Бахмуцкага раёну Данецкай вобласьці.

Хто такі Максім Зязюльчык

Максім Зязюльчык нарадзіўся ў Рудзенску Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці. Служыў у падразьдзеле «Вэтэраны» кулямётнікам-рэтрансьлятарам з 21 ліпеня 2022 году. Да 25 жніўня ён знаходзіўся на пазыцыях сілаў Расеі ў акупаваным горадзе Ізюме Харкаўскай вобласьці.

Батальён «Вэтэраны» — падразьдзел прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут», якая спачатку ня ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях, а выконвала функцыю аховы аб’ектаў.

Максім Зязюльчык удзельнічаў у баях каля Краснапольля ў Данецкай вобласьці. У час баёў за пазыцыі ў лесапаласе Дубы 30 ліпеня ён быў паранены і да 25 жніўня лячыўся на базе сталай дысьлякацыі «Рэдуту» ў Ізюме Харкаўскай вобласьці.

25 жніўня ў складзе батальёну «Вэтэраны» яго перакінулі на пазыцыі каля Сватава ў Луганскай вобласьці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Пазьней расейцы перакінулі гэты падразьдзел у Ліманскі раён Данецкай вобласьці.

Урэшце 19 верасьня 2022 году Максім Зязюльчык трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў. 18 студзеня 2023 году суд асудзіў яго на 10 гадоў пазбаўленьня волі — максымальны тэрмін, прадугледжаны паводле выстаўленых яму абвінавачаньняў ва ўдзеле ў якасьці найміта ў збройным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях (ч. 4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).

Пасьля судовага выраку СБУ паведаміла, што Максім Зязюльчык быў агентам КДБ Беларусі — нібыта ў сьнежні 2020 году ён паступіў на службу ў 2-гі антытэрарыстычны аддзел КДБ на пасаду «выведніка».

Паводле легенды, ён меўся дзейнічаць пад выглядам замежнага найміта, каб сабраць інфармацыю пра ўзоры замежнага ўзбраеньня, якія атрымліваюць падразьдзелы Ўзброеных сіл Украіны ад заходніх партнэраў, а таксама «выведаць пляны магчымага ўдзелу расейскіх прыватных кампаній у спробах адхіліць ад улады дзейнага рэжыму самаабвешчанага прэзыдэнта Лукашэнкі». Сабраную выведную інфармацыю ён павінен быў перадаваць у Менск праз сувязнога.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG