Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве зарэгістравалі Праваслаўную царкву Канстантынопальскага патрыярхату, сярод яе сьвятароў двое беларусаў


Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце і Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей на падпісаньні пагадненьня ў Вільні, сакавік 2023
Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце і Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей на падпісаньні пагадненьня ў Вільні, сакавік 2023

У Літоўскі экзархат Канстантынопальскага патрыярхату ўваходзяць 10 сьвятароў, у тым ліку 2 беларускія, і 10 мясцовых праваслаўных грамад.

Міністэрства юстыцыі Літвы зарэгістравала Праваслаўную царкву Літвы Канстантынопальскага патрыярхату — як традыцыйную дэнамінацыю.

Як паведаміла выданьне 15min.lt, дакумэнты аб рэгістрацыі Экзархату Ўсясьветнага патрыярхату ў Літве перадалі ў Віленскае аддзяленьне Цэнтру рэестру юрыдычных асобаў. Цяпер гэтая рэлігійная грамада зможа атрымліваць дзяржаўнае фінансаваньне.

«Экзархат Канстантынопальскага патрыярхату ў Літве набыў афіцыйную рэгістрацыю ў якасьці традыцыйнай дэнамінацыі. Статус „традыцыйнай рэлігіі“ дазволіць разьлічваць на некаторыя льготы, напрыклад на доступ да выкладаньня рэлігіі ў навучальных установах і фінансавую дапамогу зь бюджэту (невялікую, у адпаведнасьці з пакуль яшчэ невялікай колькасьцю вернікаў)», — патлумачыў у сваім фэйсбуку Аляксандар Шрамко.

Экзархат (прадстаўніцтва) Канстантынопальскага патрыярхату ў Літве ўзначаліў эстонец, ераманах Юстын. Да яго далучыліся праваслаўныя сьвятары, якія ў 2022 годзе не падтрымалі пазыцыі кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы Кірыла аб падтрымцы агрэсіі Расеі супраць Украіны. За гэты ўчынак іх пазбавілі сану і забаранілі служыць.

У лютым 2023 году Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей аднавіў гэтых сьвятароў у сане. Пазьней да іх далучыліся беларускія сьвятары, Георгі Рой і Аляксандар Кухта якія ўцяклі ў Літву ад перасьледу ў Беларусі.

У сакавіку 2023 году патрыярх Варфаламей знаходзіўся ў Літве зь візытам.

Цяпер у Літоўскі экзархат Канстантынопальскага патрыярхату ўваходзяць 10 сьвятароў і 10 мясцовых праваслаўных грамад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG