Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 6 лютага: трансгендэрную дзяўчыну арыштавалі на 13 дзён; масавыя затрыманьні на Гомельшчыне


Беларускі міліцыянт. Архіўнае фота
Беларускі міліцыянт. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

28-гадовага жыхара Петрыкава абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэксу

У Гомельскім абласным судзе з 15 лютага пачнуць слухаць справу жыхара Петрыкава Івана Сухамерава, якога абвінавачваюць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, сярод якіх «здрада дзяржаве» (частка 1 артыкула 356 КК), заўважыла выданьне «Гомель Штодзень».

Сухамерава абвінавачваюць паводле наступных артыкулаў:

  • удзел, вярбоўка або падрыхтоўка да збройнага канфлікту на тэрыторыі іншай дзяржавы (ч. 1 арт. 361-3 КК),
  • паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК),
  • фінансаваньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці (ч. 2 і 3 арт. 361- 2 КК),
  • дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1 КК),
  • стварэньне або ўдзел у «экстрэмісцкім» фармаваньні (ч. 3 арт. 361-1 КК),
  • садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК),
  • зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК),
  • заклікі да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі (ч. 3 арт. 361 КК),
  • здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК),
  • стварэньне або ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі (ч. 2 арт. 290-5 КК).

Падрабязнасьці справы невядомыя, паседжаньне пройдзе ў закрытым рэжыме. Весьці так званы суд будзе судзьдзя Сяргей Багінскі, які выносіў мноства палітычна матываваных прысудаў у дачыненьні да апанэнтаў улады.

Як піша «Гомель Штодзень», Сухамераву 28 гадоў. У 2017 годзе ён атрымаў дыплём сацыяльнага пэдагога ў Мазырскім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце імя Івана Шамякіна.

На Гомельшчыне затрымалі сама меней 7 чалавек

Як паведаміла «Вясна», усіх затрыманых вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Трансгендэрную дзяўчыну арыштавалі на 13 дзён

Інфармацыю пра гэта tghouse паведаміў яе знаёмы. Па словах хлопца, затрымалі яе ўвечары 31 студзеня. Калі адбылося пасяджэньне і паводле якога артыкула яе судзілі, невядома.

Як піша «Вясна», пра затрыманьне трансгендэрнай дзяўчыны стала вядома 3 лютага.

На відэа, запісаным сілавікамі, затрыманая расказала, што ў чэрвені 2023 году яе нібыта пабіў украінец за сьцяжок Украіны побач са сьцяжком ЛГБТ+ на заплечніку і пашкодзіў палец. Затрымалі дзяўчыну за перасланае паведамленьне з так званага «экстрэмісцкага рэсурсу».

Асудзілі жыхара Ліды, які патэлефанаваў у міліцыю, нібыта за абразу Лукашэнкі

6 лютага «Вясьне» стала вядома, што 27 сьнежня 2023 году ў Лідзе агучылі прысуд 63-гадоваму Генадзю Жукелю. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу («Абраза прэзыдэнта») і асудзілі на год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Вырак агучыла судзьдзя Натальля Лобан.

Мужчына патэлефанаваў у раённую міліцыю і выказаўся на адрас Лукашэнкі, калі размаўляў зь дзяжурным.

Кантрактніка зь Ліды асудзілі за публікацыю ў TikTok падпраўленага герба нацысцкай Нямеччыны

Вайскоўца-кантрактніка з вайсковай часьці ў Лідзе аштрафавалі ў мясцовым судзе. Мужчына паставіў на аватар у TikTok перайначаны герб нацысцкай Нямеччыны. Гэта палічылі распаўсюджваньнем нацысцкай сымболікі, піша Hrodna.life.

Таксама мужчына распаўсюджваў інтэрнэт-старонку «Caлідарнасьць» (gazeta.by) у TikTok.

Справу разгледзелі 22 студзеня ў судзе Лідзкага раёну. Мужчына прызнаў віну.

Па ч.1 арт. 19.10 КаАП «Прапаганда або публічнае дэманстраваньне, выраб, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі» і ч.2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць» яго аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1600 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG