Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея не спыняе атак на цывільныя аб’екты ва Ўкраіне: на Харкаўшчыне разбамбілі лякарню, у Херсоне — жылы сэктар


Населеныя пункты ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласьці Расея абстрэльвае па некалькі разоў на дзень. Ілюстрацыйнае фота
Населеныя пункты ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласьці Расея абстрэльвае па некалькі разоў на дзень. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія войскі выкарыстоўваюць увесь арсэнал — артылерыю, бесьпілётнікі і баявую авіяцыю.

У ноч на 1 лютага Расея найперш атакавала прыфрантавыя населеныя пункты Ўкраіны. На Харкаўшчыне і ў Херсоне — 10 параненых.

Расейскія войскі выкарыстоўваюць увесь арсэнал — артылерыю, бесьпілётнікі і баявую авіяцыю.

У Херсонскай вобласьці пацярпелі дзіцячы садок і жылы сэктар

Улады Херсонскай вобласьці паведамілі, што за апошнія содні расейцы выпусьцілі 164 снарады, у тым ліку 64 — па Херсоне. Абласны цэнтар і рэгіён абстрэльвалі з артылерыі, зэнітных установак, танкаў, баявой авіяцыі і пры дапамозе бесьпілётнікаў.

У Берыслаўскім раёне расейцы пацэлілі ў навучальныя ўстановы і дзіцячы садок, у Херсоне — у жылыя дамы, інтэрнат і прамысловае прадпрыемства. У выніку 6 чалавек атрымалі раненьні.

Абласны цэнтар пасьля расейскіх абстрэлаў застаўся часткова без электрычнасьці, на маршруты ня змог выйсьці электрычны грамадзкі транспарт.

На Харкаўшчыне абстралялі лякарню

У Купянскім раёне Харкаўскай вобласьці ў выніку расейскай атакі пацярпела цэнтральная раённая лякарня. Вялікай колькасьці ахвяр удалося пазьбегнуць, бо пасьля абвяшчэньня трывогі пасьпелі эвакуаваць пацыентаў і пэрсанал. Чатыры чалавекі пацярпелі: ім на месцы аказалі мэдычную дапамогу.

Як паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў, эвакуавалі 38 пацыентаў і 5 мэдычных супрацоўнікаў. У лякарні пашкоджаныя фасад, дах, павыляталі шыбы.

Расейцы таксама не спыняюць абстрэлы Запароскай, Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай і іншых абласьцей Украіны. Мясцовыя ўлады паведамілі аб пападаньні ў інфраструктурныя, прамысловыя і сацыяльныя аб’екты.

Сытуацыйны цэнтар Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміў, што за апошнія содні Расея абстраляла тэрыторыю 9 абласьцей.

«Ёсьць загінулыя і параненыя сярод цывільных, колькасьць ахвяр удакладняецца», — адзначаецца ў паведамленьні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG