Краіны ЭЗ маюць намер паскорыць пастаўкі боепрыпасаў і ракет Украіне

Лідэры краін ЭЗ пацьвердзяць свой намер і ў далейшым аказваць Украіне «своечасовую, прадказальную і ўстойлівую вайсковую падтрымку», паведамляецца ў папярэднім дакумэнце па чаканых выніках саміту арганізацыі, прызначанага на чацьвер, 1 лютага, піша «Голас Амэрыкі».

«Эўрапейская Рада... пацьвярджае тэрміновую неабходнасьць паскорыць дастаўку боепрыпасаў і ракет», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце, зь якім азнаёмілася агенцтва Reuters.

Застаецца адкрытым пытаньне, ці паабяцаюць лідэры таксама выдзеліць яшчэ 5 мільярдаў эўра на дапамогу Ўкраіне ў «Эўрапейскі фонд міру», які выкарыстоўваўся для фінансаваньня паставак зброі Кіеву.

Краіны-члены ЭЗ ужо некалькі месяцаў абмяркоўваюць будучую ролю фонду ў аказаньні вайсковай дапамогі Ўкраіне. Нямеччына мяркуе, што цяпер трэба засяродзіцца на двухбаковай дапамозе ад асобных краін ЭЗ.

Прапанова аб выдзяленьні яшчэ 5 мільярдаў эўра ўключаная ў папярэдні варыянт выніковага дакумэнту ў квадратных дужках — гэта значыць, што яна ўсё яшчэ абмяркоўваецца.

Галоўная тэма саміту — спроба дасягнуць пагадненьня наконт пакета фінансавай дапамогі Ўкраіне памерам 50 мільярдаў эўра на працягу чатырох гадоў, заблякаванага Вугоршчынай на папярэднім саміце, які адбыўся ў сьнежні.

​
XS
SM
MD
LG