Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым Лукашэнкі сам лезе ў пашчу імпэрскага цмока»,— Класкоўскі


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, Санкт-Пецярбург, 29 студзеня 2024
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, Санкт-Пецярбург, 29 студзеня 2024

Што абяцае Беларусі плян паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй, зацьверджаны сёньня на пасяджэньні дзяржсавету «саюзнай дзяржавы»? Чым былі адрозныя і чым падобныя выступы Лукашэнкі і Пуціна на ўрачыстасьцях да 80-й гадавіны вызваленьня Ленінграду ад нацысцкай блякады? Якія цяпер адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі.

Сьцісла:

  • «Асноўныя кірункі» інтэграцыі Беларусі і Расеі на 2024–2026 гады — праграма пераводу ўсяго беларускага жыцьця на расейскія рэйкі;
  • Масква дзейнічае ціхай сапай і не фарсіруе палітычную інтэграцыю;
  • Беларускі і расейскі рэжымы выкарыстоўваюць тэму Другой сусьветнай вайны дзеля палітычных спэкуляцыяў;
  • Запрашэньне на ўрачыстасьці да гадавіны вызваленьня Ленінграду ад нацысцкай блякады — дэманстрацыя Крамля, што ў яго ёсьць толькі адзін саюзьнік.

— Апошнія тры дні Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся зь візытам у Расеі. Сёньня ён узяў удзел у пасяджэньні вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. На ім былі зацьверджаныя «Асноўныя кірункі рэалізацыі палажэньняў Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады». Што ў гэтым дакумэнце ёсьць і чаго ў ім няма?

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

— Цалкам гэты дакумэнт яшчэ не апублікаваны. Але зь пераказу яго зьместу можна зразумець, што гэта тое, што называюць «паглыбленьнем інтэграцыі». На звычайнай мове — гэта паглыбленьне залежнасьці ад Расеі. Былі ў 2019 годзе «дарожныя мапы», якія Лукашэнка тады з пыхай адрынуў. Тады ён яшчэ мог станавіцца на дыбкі, супраціўляцца Крамлю. У 2020–2021 гадах «мапы» перарабілі ў «саюзныя праграмы», і Лукашэнка ўжо быў як шаўковы. Цяпер — «асноўныя кірункі».

Гэта плян паступовага пераводу ўсіх сфэраў беларускага жыцьця на расейскія рэйкі — у грашовай, мытнай, падатковай сфэрах. І хоць гаворыцца пра раўнапраўе, па сутнасьці, гэта пераход на расейскія правілы — на іх законы, нават на іхны софт. І ўсё гэта зьядае беларускі сувэрэнітэт па кавалках у адпаведных сфэрах.

— Сёньня на пасяджэньні дзяржсавету Лукашэнка заявіў: «Мы пакуль цалкам ня вызначыліся ў самых галоўных пытаньнях. Гэта тычыцца стварэньня адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў». Калі, як вы кажаце, беларускае жыцьцё пераводзіцца на расейскія рэйкі, дык, відаць, і рынкі гэтых тавараў павінны быць адзіныя. Але, паводле Лукашэнкі, з гэтым пакуль ня вызначыліся. Гэтая ягоная заява прагучала перад зацьвярджэньнем тых «Асноўных кірункаў». Дык, відаць, і ў іх гэтая ўніфікацыя не прадугледжаная?

— Наколькі я памятаю, паводле ранейшых саюзных пагадненьняў гэтыя рынкі павінны былі стаць адзінымі да 2025 году. Масква ўвесь час цягнула з гэтым. Мяркуючы па ўсім, і ў плянах на бліжэйшыя 3 гады гэтых пунктаў, якіх дамагаецца і дамагаўся Лукашэнка, таксама няма. Масква тут вядзе хітрую палітыку. З аднаго боку, Лукашэнку сёньня грэх скардзіцца на цэны на энэрганосьбіты — беларускім НПЗ далі расейскі зваротны акцыз, каб умовы гаспадараньня ў іх былі збольшага такія ж, як у расейскіх. Але ўсё гэта, як кажуць расейцы, «по понятиям». А Лукашэнку хочацца, каб гэта было ўвасоблена ў трывалыя формулы. Сёньня даюць са зьніжкай, а заўтра пасварацца і зьніжку скасуюць. Але Маскве зручней трымаць яго на кручку і даваць тыя ці іншыя даброты ў залежнасьці ад паводзінаў саюзьніка. У энэргетычнай сфэры яны хочуць быць гаспадарамі становішча.

— 18 студзеня Лукашэнка на ўрадавай нарадзе запэўніваў, што не здае сувэрэнітэту Беларусі. Пры гэтым ён заявіў, што пры ўніфікацыі мытнага заканадаўства з боку Расеі гучалі прапановы «ледзь не стварыць адно міністэрства або мытны камітэт». Паводле Лукашэнкі, беларускі бок ад гэтага катэгарычна адмовіўся.

У лістападзе расейскі прэм’ер Міхаіл Мішусьцін падпісаў пастанову аб стварэньні наднацыянальнага падатковага камітэту «саюзнай дзяржавы».

У «Асноўных кірунках», прынятых сёньня, пра гэты наднацыянальны падатковы камітэт нешта гаворыцца? Будзе ён ці не?

— Выгляд падчас перамоваў у Расеі ў Лукашэнкі быў лагодны, выглядала, што ён задаволены. І мой прагноз, што ў дакумэнце, прынятым сёньня, няма ніякіх наднацыянальных органаў у яўным выглядзе. Масква дзейнічае ціхай сапай. Там бачаць, як балюча Лукашэнка ставіцца да стварэньня гэтых наднацыянальных органаў. Але рэжым Лукашэнкі сам лезе ў пашчу імпэрскага цмока. Сёньня Лукашэнка з Пуціным жывуць душа ў душу. Настолькі ідылічнага пэрыяду ў іх адносінах ніколі не было. Санкцыі і вайна зблізілі іх. Лукашэнка некалі казаў, што яны з Пуціным будуць стаяць сьпіна ў сьпіну і адстрэльвацца. Ну вось і стаяць. Зараз амаль увесь беларускі экспарт завязаны альбо на расейскі рынак, альбо на расейскі транзыт. На дывэрсыфікацыю ўжо і забыліся. І сувэрэнітэт здаецца спакваля. Лукашэнка, напэўна, мяркуе, што на яго век сувэрэнітэту хопіць. Не ісьці ж у Гаагу ды здавацца Паўлу Латушку.

— Часткай гэтага візыту Лукашэнкі ў Расею быў удзел ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных 80-й гадавіне вызваленьня Ленінграду (Пецярбургу) ад нацысцкай блякады. Чым падчас выступаў на гэтых урачыстасьцях адрозьнівалася рыторыка Лукашэнкі ад рыторыкі Пуціна і чым яны былі падобныя?

— Абодва рэжымы выкарыстоўваюць тэму Другой сусьветнай вайны для палітычных спэкуляцыяў. Мэта — дыскрэдытаваць Захад, правесьці паралель паміж нацысцкай Нямеччынай і сучасным Захадам, і апраўдаць вайну ва Ўкраіне. Пуцін казаў, што, маўляў, мы не дамо нацызму ўзьняць галаву нідзе ў сьвеце. І Лукашэнка выказваўся ў тым жа стылі. У Лукашэнкі гучалі лісьлівыя ноткі, што Расея найбольш пацярпела і сёньня цярпіць. Нацысцкая акупацыя была велізарнай трагедыяй, і няма апраўданьня зьверствам нацыстаў. Але ж сёньня гінуць украінскія маці зь дзецьмі. Расейцы — хаўрусьнікі Лукашэнкі — разьнесьлі ўшчэнт Марыюпаль. Пра гэта ні Лукашэнка, ні Пуцін не прыгадалі. І гэта цынічна. Стаўленьне іх абодвух да гісторыі чыста інструмэнтальнае. У Лукашэнкі прагучала нават: «Мы нашчадкі пераможцаў». Тут такі ланцужок — мы перамаглі, Захад — нашчадкі нацыстаў, ён нам ня ўказ, плявалі мы на іх, у нас электаральны сувэрэнітэт.

У Лукашэнкі прагучала тэза, што электаральныя кампаніі ў Беларусі і Расеі пройдуць ціха і гладка. Цікава, што ў Беларусі і ён сам, і яго прапагандысты і сілавікі ўзьнімаюць градус напружанасьці, і старшыня ЦВК Карпенка — яны да дня галасаваньня рыхтуюцца, як да вялікай вайны. Для ўнутранай аўдыторыі, каб апраўдаць зацісканьне гаек, — адна рыторыка, для расейскай аўдыторыі — іншая.

Некаторыя праціўнікі Пуціна і Лукашэнкі дзеля хайпу пачынаюць разьдзьмуваць кансьпіралягічныя вэрсіі, што Пуцін будзе прымушаць Лукашэнку да транзыту, што зрыне яго, што правядзе сваю «пятую калёну» на «ўсебеларускі народны сход». Усё гэта поўная лухта. Па-першае, унутраную палітыку Беларусі кантралюе Лукашэнка. А па-другое, Пуціну гэта сто гадоў ня трэба. Коней на пераправе не мяняюць, і «стары конь» Лукашэнка яму зараз прыйшоўся вельмі дарэчы.

— На ўрачыстасьцях да 80-й гадавіны вызваленьня Ленінграду з кіраўнікоў дзяржаваў былі толькі Лукашэнка і Пуцін. Але ў Другой сусьветнай вайне ўдзельнічаў увесь СССР. Кіраўнікоў іншых былых рэспублік Савецкага Саюзу на ўрачыстасьцях не было. Можна сказаць, што ўдзел Лукашэнкі быў прымеркаваны да дзяржсавету саюзнай дзяржавы дзьвюх краінаў.

Але ў 2020 годзе, на адкрыцьці мэмарыялу ў Ржэве, прысьвечанага таксама Другой сусьветнай, таксама былі толькі Лукашэнка і Пуцін. І таксама гэта было напярэдадні важнай палітычнай падзеі ў Расеі — рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі. Кіраўнікоў іншых дзяржаваў — рэспублік былога СССР — не запрасілі ці яны адмовіліся?

— Хутчэй не запрашалі. Наўрад ці прэзыдэнт Казахстану Такаеў адмовіўся б. Цяпер у Пуціна нават з Казахстанам не такія адносіны, як зь Беларусьсю. Ня кажучы ўжо пра іншых — пра Грузію і тым больш пра Ўкраіну. Лукашэнка, дарэчы, крывадушна пашкадаваў, што разам зь ім на ўрачыстасьцях няма прадстаўнікоў Украіны. І дадаў, што маўляў, мы вернем Украіну ва ўлоньне славянства. Як прыгадаеш, якімі мэтадамі яе «вяртаюць», то не па сабе робіцца. Запрашэньне на ўрачыстасьці толькі Лукашэнку — гэта дэманстрацыя таго, што адзіны адданы саюзьнік на сёньня — толькі ён.

Хаўрус Лукашэнкі і Пуціна — гэта хаўрус палітыкаў, асуджаных у гістарычным пляне. Але цяпер яны, магчыма, адчуваюць нават драйв. А самае галоўнае — што ім няма куды падзецца аднаму ад аднаго. Што тычыцца эканомікі, то некалькі гадоў таму Лукашэнка ламаў галаву, куды падзець мікрасхемы, якія вырабляе «Інтэграл». Попыт на іх у сьвеце быў невялікі. Але сёньня яны прадаюцца ў Расею са сьвістам. Было расьсьледаваньне БелПола, што «Амкадор» пачынае вырабляць прадукцыю вайсковага прызначэньня. Некаторыя беларускія прадпрыемствы адчулі другое дыханьне дзякуючы расейскай агрэсіі. Я ўжо нават не гавару пра мараль, пра тое, што кепска нажывацца на вайне. Мараль — гэта не пра гэтых людзей. Але гэта ізноў жа паглыбленьне залежнасьці ад Расеі.

Калісьці Лукашэнка гаварыў пра «дзікі крэн» у бок Расеі. Цяпер гэты «крэн» стаў яшчэ большы, і Беларусь можа дэ-факта страціць сувэрэнітэт. Пуцін у 2002 годзе прапаноўваў Беларусі проста ўвайсьці ў РФ шасьцю губэрнямі. Тады ён быў адносна малады, гарачы. Аднак ягонае імпэрскае мысьленьне з таго часу не зьмянілася. А Беларусь сама лезе ў пашчу цмока, і ў Крамлі толькі паціраюць рукі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG