Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паведамляюць пра як мінімум 165 затрыманьняў 23–24 студзеня


Архіўнае ілюстрацыйнае фота, Менск, 1 лістапада 2020 году.
Архіўнае ілюстрацыйнае фота, Менск, 1 лістапада 2020 году.

Пра мінімум 165 затрыманьняў падчас рэйду сілавікоў, які пачаўся ў Беларусі 23 студзеня і працягнуўся на наступны дзень, вядома праваабаронцам.

Такую лічбу прыводзіць інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на праваабарончы цэнтар «Вясна».

Ініцыятыва Dissidentby паведамляе аб 166 затрыманьнях.

Паводле інфармацыі Асацыяцыі палітвязьняў Беларусі, якая аб’ядноўвае былых палітвязьняў за мяжой, сярод рэпрэсаваных з 23 студзеня ёсьць сваякі яе чальцоў. На старонцы арганізацыі ў Фэйсбуку гаворыцца, што яны могуць пацьвердзіць «29 канкрэтных выпадкаў ператрусаў кватэраў і выклікаў на допыты сваякоў сярод нашых палітвязьняў».

«У трох выпадках допыты адбываліся па месцы працы. Па меншай меры аб месцазнаходжаньня пяцёх чалавек нам нічога не вядома, аднаму прад’яўленыя абвінавачаньні ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні. Пераважная большасьць тых, каго дапытвалі, падпісалі падпіскі аб неразгалошваньні. Чатырох чалавек прымусілі падпісаць падпіску аб забароне выяжджаць з Беларусі», — заявілі ў арганізацыі.

23–24 студзеня па ўсёй краіне пракацілася хваля ператрусаў і затрыманьняў сваякоў палітычных зьняволеных, былых палітвязьняў і іншых. Некаторыя з затрыманьняў зьвязаныя з праектам харчовай дапамогі рэпрэсаваным INeedHelp, які 16 студзеня быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».

ЗША выступілі з асуджэньнем рэйдаў і затрыманьняў, ажыцьцёўленых «рэжымам Лукашэнкі, а таксама працяглыя напады на правы чалавека і спробы перашкодзіць дэмакратычным памкненьням народа Беларусі». Вашынгтон мае намер «працягваць з дапамогай санкцый і іншых сродкаў прыцягваць рэжым да адказнасьці за яго жорсткія ўнутраныя рэпрэсіі, а таксама за яго працяглую падтрымку агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны».

З рашучым асуджэньнем «нядаўняй хвалі рэпрэсій супраць былых палітвязьняў, якія засталіся ў Беларусі, а таксама сваякоў палітвязьняў» выступіў Эўразьвяз. Адмысловую рэзалюцыю на гэты конт прыняла ўчора Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ).

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі вітаў рэакцыю ПАРЭ.

«Маштабныя рэпрэсіі супраць беларусаў справядліва называюцца ў рэзалюцыі як блізкія да злачынстваў супраць чалавечнасьці. Гэта гучны сыгнал для ўрадаў дэмакратычных краінаў і міжнародных арганізацыяў, бо такія дзеяньні падлягаюць адказнасьці з пункту гледжаньня міжнароднага права», — падкрэсьліў Кавалеўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG