Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакладчык ПАРЭ назваў супрацоўніцтва зь беларускімі дэмсіламі ўнікальнай гісторыяй для Рады Эўропы


Кіма Кільюнэн
Кіма Кільюнэн

Кіма Кільюнэн лічыць вельмі важным тое, што ў Радзе Эўропы зараз працуе пастаяннае прадстаўніцтва беларускіх дэмсіл.

Пачынаючы ў 2022 годзе працу над дакладам па Беларусі, фінскі парлямэнтар і дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Кіма Кільюнэн спадзяваўся, што яму ўдасца наведаць краіну.

«Магчыма, можна было б наведаць Беларусь — з фокусам візыту на палітычных зьняволеных, але ўсё зьмянілася пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якое зрабіла немагчымым любое супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі», — заявіў ён у інтэрвію «Позірку».

Пры падрыхтоўцы дакладу Кільюнэн кансультаваўся з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцамі, журналістамі, дэмакратычнымі палітычнымі сіламі:

«Гэта была асноўная крыніца інфармацыі, мы працавалі ў вельмі цесным супрацоўніцтве. І, дарэчы, дзякуючы гэтай каапэрацыі, таксама стала магчымым правядзеньне канфэрэнцыі ў Хэльсынкі», — падкрэсьліў парлямэнтар.

Мова пра канфэрэнцыю «Хэльсынскі дыялёг: дэмакратычная будучыня для Беларусі», якая прайшла 11–12 студзеня. Яе арганізатарамі выступілі ПАРЭ і Міністэрства замежных спраў Фінляндыі ў супрацоўніцтве з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай.

Кільюнэн таксама лічыць вельмі важным тое, што ў Радзе Эўропы зараз працуе пастаяннае прадстаўніцтва беларускіх дэмсіл. Так яны ў далейшым змогуць удзельнічаць у рабоце ПАРЭ па шырокім коле пытаньняў.

«Гэта вельмі ўнікальная сытуацыя для Рады Эўропы, — падкрэсьліў ён. — Упершыню ў 75-гадовай гісторыі нашай арганізацыі ў Радзе Эўропы працуе пастаянная дэлегацыя, якая зьяўляецца дэлегацыяй не дзяржавы, а дэмакратычных сілаў. І гэта таксама сьведчаньне таго, як сур’ёзна мы ставімся да сытуацыі ў Беларусі».

Паводле яго слоў, зараз Рада Эўропы і беларускія дэмсілы дапрацоўваюць двухгадовы плян дзеяньняў, дзе агаворваюцца мерапрыемствы і фарматы сумеснай працы. Акрамя таго, па выніках прадстаўленага 25 студзеня дакладу і прынятай ПАРЭ рэзалюцыі плянуецца прызначыць генэральнага дакладчыка па сытуацыі ў Беларусі.

«Я таксама знаходжу вельмі цікавым тое, што сказала Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго выступу, што мы мусім падумаць над стварэньнем „дарожнай мапы“ па інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскія структуры — ня толькі ў Раду Эўропы, але і ў Эўразьвяз. Гэта вельмі цікавая прапанова, мы павінны падумаць над яе рэалізацыяй», — сказаў Кільюнэн.

Кільюнэн адзначыў, што ў 2022 годзе, калі пачыналася праца над дакладам, у Беларусі назіраліся «брутальныя рэпрэсіі», але «была, вядома, маленькая надзея, што атрымаецца праз палітычны дыялёг чагосьці дасягнуць, нейкіх зьмен».

«Нас напаткала вялікае расчараваньне. З атакай Расеі і працяглай вайной ва Ўкраіне няма сурʼёзнай надзеі, што рэжым Лукашэнкі захоча зьмяніць палітыку, якая праводзіцца», — канстатаваў ён.

Дакладчык ПАРЭ бачыць шанец для Беларусі ў перамозе Ўкраіны ў вайне, разьвязанай супраць яе Расеяй. На яго думку, у гэтым выпадку, калі перамены «не пачнуцца зь нізоў», то «сапраўды пачнуць адбывацца ў вярхах».

«Такія перамены, відавочна, ня будуць адбывацца ў тым дэмакратычным ключы, як нам хацелася б. Але яны будуць адбывацца праз імкненьне рэжыму захавацца, балянсаваць у новых умовах. І вось тады могуць быць зроблены маленькія крокі па зьмяншэньні рэпрэсій і вызваленьні палітвязьняў. Але пакуль мы бачым, што рэжым Лукашэнкі не ідзе ні на якія саступкі», — падсумаваў Кільюнэн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG