Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бондарава, Раманаў, Гігін. Хто з прарасейскіх кандыдатаў удзельнічае ў выбарах


Алег Раманаў, Вадзім Гігін, Андрэй Іваноў, Вольга Бондарава, каляж
Алег Раманаў, Вадзім Гігін, Андрэй Іваноў, Вольга Бондарава, каляж

Прадстаўнікоў апазыцыі сёлета няма сярод вылучэнцаў, але і адэптаў «русского мира» ня так шмат. Расказваем, што вядома пра тых, хто вырашыў паспрабаваць трапіць у Палату прадстаўнікоў

25 лютага ў Беларусі адбудзецца адзіны дзень галасаваньня, калі выбарнікам прапануюць прагаласаваць за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Выбары ўнікальныя тым, што ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі ў ёй зусім ня будуць удзельнічаць прадстаўнікі палітычнай апазыцыі.

Усе апазыцыйныя партыі папярэдне былі зьліквідаваныя Міністэрствам юстыцыі, а асобных вылучэнцаў, як былога кіраўніка партыі «Зялёныя» Дзьмітрыя Кучука, проста не зарэгістравалі ў якасьці кандыдатаў.

Але ці будуць на гэтых выбарах, апроч традыцыйных вылучэнцаў ад вэртыкалі, кандыдаты, якія адкрыта сымпатызуюць «русскому миру»? Свабода вывучыла сьпісы кандыдатаў.

Бондарава хоча трапіць у Менскі гарсавет

Вядомасьць да Вольгі Бондаравай прыйшла пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі разам з былым сілавіком Дзьмітрыем Беляковым яна заснавала «Інфаспэцназ Беларусь», каб накідаць праўладныя погляды ў сацыяльных сетках. Бондарава ўдзельнічала ў мітынгах у падтрымку Лукашэнкі.

Пазьней яна разьвівала сваю дзейнасьць самастойна. Пачала змагацца з праявамі ўсяго беларускага. Даходзіла да таго, што «васілёк — гэта адзін з сымбаляў беларускіх нацыстаў».

Пасьля скаргаў Бондаравай зь менскага мэтро і вулічных паказальнікаў зьнікла лацінка, улады зносілі помнікі і нават саджалі ў турму людзей. Менавіта Бондарава першай стала абурацца выставай Алеся Пушкіна ў Горадні. У выніку мастак трапіў у няволю, дзе і памёр.

«З проста фрыкаватай прыхільніцы „русского мира“ яна стала галоўнай даносчыцай Беларусі. Да яе думкі прыслухоўваюцца ў самых высокіх кабінэтах. Насамрэч жа гэта прабелы адукацыі і дэманстрацыя свайго невуцтва», — выказаўся гарадзенец, асабіста знаёмы з Бондаравай.

Цяпер Бондараву вылучылі ад Камуністычнай партыі Беларусі як кандыдатку ў дэпутаты Менгарсавету па Шугаеўскай акрузе (гэта мікрараён Уручча-1 у Менску). 41-гадовая актывістка пазначаная ў сьпісах як «студэнтка Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Танка».

Іншым кандыдатам па гэтай акрузе зьяўляецца ідэоляг вайсковай часткі 3214 Міхаіл Адамчык.

Лектар-кансьпіроляг

Па Сьвіслацкай акрузе Менску самастойна шляхам збору подпісаў вылучыўся 55-гадовы прадпрымальнік Андрэй Іваноў.

У 2020 годзе ён зьбіраўся быць кандыдатам ў прэзыдэнты, але ня быў зарэгістраваны па прычыне таго, што народжаны ў Расеі. Іваноў выступае за больш шчыльны саюз з Расеяй, а краіну называе «Белая Русь».

Таксама ён лічыць, што развал СССР быў незаконным, а Беларусь ад 1991 году знаходзіцца пад акупацыяй. Пры гэтым Іваноў езьдзіў з кансьпіралягічнымі лекцыямі для работнікаў райвыканкамаў па Беларусі. Меў ухвальную грамату ад «міністра моладзі ДНР». Іваноў прыхільнік славянскага паганства («раднавер’я»), удзельнічаў у рытуалах.

Па гэтай самай акрузе ад КПБ вылучаецца палкоўнік Аляксандар Плавінскі. Ён вядомы сваімі публікацыямі аб тым, што ў Курапатах людзей расстрэльвалі нацысты, а не савецкія спэцслужбы. Ніякіх гістарычных абгрунтаваньняў яго працам няма.

Яшчэ адзін кандыдат па дадзенай акрузе — прапагандыст і супрацоўнік пасольства Беларусі ў Расеі Аляксандар Шпакоўскі.

Прыхільнік Мураўёва ў Менску

Па Партызанскай акрузе № 110 у Менску вылучаны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін. Ён прафэсійны гісторык, але пасьля вучобы ў БДУ працаваў у БРСМ і Генэральнай пракуратуры. Туды Гігіна з сабой браў прапагандыст Юры Азаронак.

«Яны сышліся на глебе манархісцкіх, чарнасоценскіх поглядаў, прыхільнасьці да Расеі. Азаронак-старэйшы шмат у чым дапамог Гігіну», — расказаў Свабодзе знаёмы прапагандыста.

Упершыню вядомасьць Гігін атрымаў пасьля таго, як выказаў захапленьне віленскім генэрал-губэрнатарам Міхаілам Мураўёвым-вешальнікам. Тым самым, які падаўляў паўстаньне 1863-1864 гадоў на тэрыторыі Беларусі. Гігін называў яго «прыкладам дзяржаўнага служачага, які выклікае павагу».

Шмат гадоў Гігін супрацоўнічаў з сайтам zapadrus.ru. У адной з публікацый на гэтым партале Гігін піша, што «рускі народ» складаецца зь вялікаросаў, беларусаў і маларосаў. А факт стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу ён называе нічым іншым, як «праявай Божага промыслу».

Цяпер Вадзім Гігін самы часты беларускі госьць прапагандысцкіх перадач на расейскім тэлебачаньні.

Яшчэ адзін заходнерусіст у Горадні

Па Горадзенскай-Паўночнай акрузе № 52 вылучаны кіраўнік партыі «Белая Русь» Алег Раманаў.

Раней ён працаваў выкладчыкам філязофіі ў Горадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы. Раманаў — выхаванец загадчыка катэдры філязофіі Чэслава Кірвеля. У сваіх публікацыях Кірвель пісаў, што «Францішак Скарына, Якуб Колас і Васіль Быкаў — гэта частка «русского мира».

Раманаў пераняў погляды Кірвеля аб тым, што беларусы — гэта частка «трыадзінага рускага народу». «На занятках ён шкадаваў аб развале СССР, дзе мы былі пад абаронай Расеі-матушкі», — расказваў Свабодзе адзін з былых студэнтаў Раманава.

Непрацяглы час Алег Раманаў пабыў рэктарам Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а потым узначаліў партыю «Белая Русь».

Каго не зарэгістравалі

Па Паўднёва-Заходняй акрузе Менску ў Палату прадстаўнікоў спрабаваў балятавацца кіраўнік беларускага аддзяленьня Нацыянальнага-вызваленчага руху Расеі (НОД) Уладзімер Рыжанкоў. Ён выступае за далучэньне Беларусі да Расеі і лічыць, што «80% беларускіх чыноўнікаў працуе на ЗША».

Падчас гэтай кампаніі выбарцаў Рыжанкоў называў «простымі рускімі людзьмі». У выніку Рыжанкоў не сабраў патрэбныя 1200 подпісаў, а пасьля гэтага нецэнзурна выказаўся пра беларускую выбарчую сыстэму.

Намесьнік Рыжанкова па НОД Віталь Самусенка спрабаваў вылучацца па Ясенінскай акрузе Менску, але подпісы сабраць таксама ня здолеў.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • Адзіны дзень галасаваньня адбудзецца 25 лютага 2024 году. Перадвыбарная агітацыя дазволена з 31 студзеня па 24 лютага.
  • Вылучэньне прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій мусіць адбыцца да 5 сьнежня. Самі ж камісіі трэба ўтварыць не пазьней за 11 сьнежня. Стварыць участкі для галасаваньня трэба не пазьней чым 10 студзеня 2024 году, а ўчастковыя камісіі не пазьней за 25 студзеня.
  • Да 16 сьнежня камісіі павінны прыняць рашэньне аб колькасьці подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў, вылучэньне якіх адбудзецца з 17 сьнежня да 15 студзеня ўключна. Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 16 студзеня да 30 студзеня ўключна. У пэрыяд з 31 студзеня па 24 лютага 2024 года можа праводзіцца перадвыбарная агітацыя.
  • Датэрміновае галасаваньне працягнецца з 20 па 24 лютага. Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якая ладзіцца Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Беларускім Хэльсынскім камітэтам з 2008 году, а таксама яе экспэрт Павал Сапелка падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG