Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж страхам і надзеяй. Эўрапейскі аглядальнік Свабоды Юзьвяк — пра вучэньні NATO «Стойкі абаронца — 24»


Самалёт F-35 узьлятае з авіяносца
Самалёт F-35 узьлятае з авіяносца

Пра вучэньні «Стойкі абаронца — 24» (Steadfast Defender 24) піша ў сваім блогу эўрапейскі аглядальнік Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

У канцы студзеня NATO пачне самыя маштабныя вучэньні з часоў халоднай вайны — «Стойкі абаронца — 24» (Steadfast Defender 24). У манэўрах на зямлі, моры і ў паветры, якія працягнуцца 4 месяцы, возьмуць удзел 90 тысяч вайскоўцаў з усіх краінаў-чальцоў Паўночнаатлянтычнага альянсу (цяпер іх 31), а таксама запрошаная, але яшчэ афіцыйна не прынятая ў NATO Швэцыя.

Афіцыйныя дакумэнты наўпрост не паказваюць, што на вучэньнях будуць адпрацоўвацца дзеяньні альянсу ў выпадку нападу Расеі на адну з краінаў-чальцоў NATO. Тым ня менш даволі відавочна, што саюзьнікі хочуць спраўдзіць, як NATO дасьць сабе рады ў патэнцыйным канфлікце з раўнасільным праціўнікам. Ананімна крыніцы ў NATO безумоўна пацьвярджаюць, што «вядома, гэты праціўнік — Расея».

Дастаткова зірнуць на геаграфію і характар заплянаваных вучэньняў, і ўсё стане яшчэ больш відавочна. «Стойкі абаронца — 24» будзе ўключаць у сябе дзьве фазы. Першая, якая паступова пачне разгортвацца ў канцы студзеня, прадугледжвае трансатлянтычнае ўмацаваньне сілаў. Гэтая фаза, па сутнасьці, ключ да разуменьня, ці змогуць ЗША разьмясьціць у Эўропе вялікую колькасьць войскаў і ўзбраеньняў, каб арганізаваць абарону.

Ня варта недаацэньваць сымбалізм гэтай сытуацыі — ЗША ўступаюць у гарачую фазу прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, якая завершыцца выбарамі ў лістападзе. І дастаткова вялікая імавернасьць, што амэрыканскія выбаршчыкі вернуць у Белы дом Дональда Трампа — прэзыдэнта, які ставіў пад сумнеў місію NATO, асабліва выкананьне 5-га артыкула Паўночнаатлянтычнай дамовы, які кажа, што напад на аднаго з саюзьнікаў — гэта напад на ўсіх. Калі ЗША ня будзе трымацца гэтага пастуляту, жыцьцяздольнасьць вайсковага альянсу пад пытаньнем. А гэтае пытаньне робіцца ўсё больш актуальным.

Зьяўленьне амэрыканскіх войскаў, якія поплеч з саюзьнікамі адпрацоўваюць баявыя дзеяньні ў Вялікай Брытаніі, Нарвэгіі і Гішпаніі, наўрад ці цалкам разьвее эўрапейскія страхі наконт зьніжэньня цікавасьці ЗША да ўдзелу ў дзейнасьці альянсу ў будучыні. Тым ня менш гэта будзе ўражлівае відовішча з больш як 50 вайсковымі караблямі — авіяносцамі, фрэгатамі і эсьмінцамі.

Другая фаза вучэньняў ня менш важная: імаверна, яна павінна паказаць, ці зможа NATO абараніць свой уразьлівы ўсходні флянг. А дакладней — ці ў стане саюзьнікі «ў любых умовах на працягу некалькіх месяцаў праводзіць складаныя „мультыдамэнныя апэрацыі“ на тысячакілямэтровай тэрыторыі ад Крайняй Поўначы да Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы». Інакш кажучы, вытрымліваць умовы вайны, якой можна чакаць у выпадку расейскага нападу.

Зь сярэдзіны лютага да канца траўня адбудзецца шэраг у асноўным наземных і паветраных апэрацыяў, у якіх будзе задзейнічана да 80 самалётаў, такіх як зьнішчальнікі F-35, верталёты і дроны, а таксама больш за тысячу сухапутных баявых машын, у тым ліку 166 танкаў. Галоўныя падзеі разгорнуцца ў Польшчы і краінах Балтыі, а таксама ў Нямеччыне, якая стане асноўным вузлом падмацаваньня і каардынацыі. Варта таксама чакаць, што вучэньні ахопяць краіны Скандынавіі, уключаючы Швэцыю, а таксама Чэхію, Вугоршчыну, Паўночную Македонію, Румынію і Малдову, якая не ўваходзіць у NATO. Ва Ўкраіне, зь відавочных прычын, вучэньні праходзіць ня будуць, і яе войскі ня возьмуць удзелу ў трэнінгах.

Манэўры, як выглядае, — першы прыдатны для NATO шанец спраўдзіць у дзеяньні дэталі новых абарончых плянаў. Дакумэнт на 4000 старонак, распрацаваны ў ліпені мінулага году на саміце NATO ў Вільні, прадугледжвае, якую частку тэрыторыі альянсу павінен абараняць кожны саюзьнік у выпадку нападу. Яшчэ адно выпрабаваньне — праверыць у дзеяньні працу Аб’яднанай апэратыўнай групы падвышанай гатоўнасьці NATO, створанай у адказ на анэксію Крыму Расеяй у 2014 годзе. Група, якая складаецца амаль з 6 тысяч вайскоўцаў, якія за некалькі дзён могуць разьмясьціцца ў любой краіне альянсу, стане адной з вырашальных сіл у выпадку нападу на NATO.

Будучыя вучэньні плянаваліся не адзін год — тым ня менш яны разгорнуцца ў найбольш зручны момант. Манэўры павінны стаць гарантыяй таго, што NATO будзе ў поўным узбраеньні ў выпадку, калі поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, якое пачалося амаль два гады таму, падбярэцца бліжэй да межаў альянсу або нават перасячэ іх. Вучэньні, якія колькасьцю ўдзельнікаў перавышалі сёлетнія, апошні раз адбыліся яшчэ ў 1988 годзе, у іх удзельнічалі каля 125 тысяч вайскоўцаў. Найбольш блізкае паводле маштабу мерапрыемства NATO апошніх гадоў — вучэньні Trident Juncture у 2018 годзе: у іх бралі ўдзел каля 50 тысяч чалавек.

Ці змогуць маючыя адбыцца вучэньні разьвеяць страхі Эўропы, застаецца пад пытаньнем. У апошнія месяцы абʼёмы паставак зброі Ўкраіне крытычна зьнізіліся, а кіраўнік Вайсковага камітэту NATO восеньню заявіў, што заходнім вайсковым прадпрыемствам трэба нарошчваць тэмпы вытворчасьці, бо «застаюцца лічаныя рэзэрвы». Апошнім часам зьявілася мноства афіцыйных папярэджаньняў, што эўрапейскія саюзьнікі мусяць актывізавацца і падрыхтавацца да таго, што вайна можа не абмежавацца толькі Ўкраінай. Гучаць яны ня толькі ад лідэраў прыфрантавых краінаў.

Галоўнакамандуючы арміяй Бэльгіі Мішэл Гофман нядаўна адзначыў, што ня выключанае адкрыцьцё Пуціным другога фронту ў Малдове ці краінах Балтыі. Калега Гофмана са Швэцыі Мікаэль Бюдэн таксама папярэдзіў, што яго суграмадзяне «псыхалягічна павінны рыхтавацца да вайны». Заява справакавала пэўную паніку ў гэтай скандынаўскай краіне, а некаторыя нават кінуліся ў крамы, каб набыць дадатковае паліва і наборы для выжываньня.

Які эфэкт акажа «Стойкі абаронца — 24» у выніку, пакуль невядома. Але гэтай вясной мы станем сьведкамі падзеяў, якія, магчыма, у роўнай ступені напалохаюць і заспакояць эўрапейцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG