Дзяніс Лазараў, 47-гадовы ўраджэнец Гомля ваяваў на баку Расеі. Лазараў быў афіцэрам запасу беларускага войска, меў званьне старшага лейтэнанта.
Як стала вядома Свабодзе, у беларускім войску Лазараў служыў з 1995 году, даслужыўся да намесьніка камандзіра роты вайсковай часткі 61357. Паводле зьвестак рэсурсу kartoteka.by, яна існавала да 2010 году. У 1999 годзе Лазараў скончыў Вайсковую акадэмію.
Па інфармацыі аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, Дзяніс Лазараў жыў у Менску на вуліцы Гурцьева (гэта за мікрараёнам Уручча, непадалёк ад Калодзішчаў). Таксама меў дом у Калодзішчах агульнай плошчай 133 кв. м, з мансардным і першым паверхам.
Дзяніс Лазараў быў жанаты, а таксама мае дарослага сына (2003 год нараджэньня). Судзімасьцяў у Лазарава няма, ёсьць адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне правілаў дарожнага руху. Некаторы час Дзяніс Лазараў працаваў у Інстытуце бізнэс-тэхналёгій.
Па інфармацыі «Кібэрпартызанаў», Лазараў працаваў майстрам і загадчыкам гаспадаркі ў розных арганізацыях, але з 2020 году зьвестак аб ягоным афіцыйным працаўладкаваньні няма. У 2007 годзе ён яшчэ служыў у войску, а ў 2015-м ужо працаваў у Менску ў прыватнай арганізацыі. Пэўна, ён звольніўся ў запас у пэрыяд з 2007-га па 2015 год.
У сеціва выклалі вайсковы білет Лазарава. Гэта значыць, што на момант верагоднай гібелі ён ня мог служыць у беларускім войску (у вайскоўцаў вайсковае пасьведчаньне, а не вайсковы білет). Тое што мужчына атрымаў вайсковы білет у 2022 годзе, таксама ня сьведчыць пра яго службу ў гэтым годзе. Ён мог проста мяняць яго зь нейкай прычыны.
На апублікаваным здымку апошні запіс у вайсковым білеце Лазарава закрыты пагонам-муфтай. Таму дакладна не зразумець, калі ён звольніўся з войска ў запас.
Бацькі Дзяніса Лазарава ўжо не жывуць. Маці памерла ў 2012 годзе, бацька ў 2015-м.
На цяперашні момант вядома аб гібелі як мінімум 18 выхадцаў зь Беларусі, якія ваявалі ў складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», расейскай арміі і ў ваенізаваных фармаваньнях так званых «ДНР» і «ЛНР».
Таксама ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне загінулі сама меней 38 беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся з расейскай агрэсіяй на баку Ўкраіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.