22 студзеня ў Беларусі пачынаецца завочны разгляд справы ByPol, вынікае з раскладу на сайце Вярхоўнага суду.
Судзяць цяперашніх і ранейшых удзельнікаў ініцыятывы былых сілавікоў ByPol Аляксандра Азарава, Уладзімера Жыгара, Мацьвея Купрэйчыка, Ігара Лобана, Андрэя Астаповіча, Алега Талерчыка. Справу расьсьледавалі ў парадку спэцвядзеньня. Усе яны знаходзяцца за мяжой.
Усяго ў справе больш за 60 тамоў, па ёй праходзіць больш за 10 пацярпелых. На першае паседжаньне прыйшлі чацьвёра пацярпелых. Іх імёны не называюць, паведамляе Sputnik.
Улады абяцалі, што працэс над былымі беларускімі сілавікамі будзе адкрытым, але, як высьветлілася, частка судовых паседжаньняў пройдзе ў закрытым рэжыме з-за таго, што ў некаторых тамах справы ёсьць «матэрыялы для службовага карыстаньня».
Працэс вядзе судзьдзя Дзіна Кучук.
Усіх фігурантаў абвінавачваюць у «распальваньні сацыяльнай варожасьці», «змове з мэтай захопу або ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня».
Найбольшая колькасьць артыкулаў выставілі Аляксандру Азараву.
Паводле ведамства, дзейнасьць аб’яднаньня, прызнанага экстрэмісцкім фармаваньнем, «вялася шляхам правядзеньня прапагандысцкай працы сярод пратэставай часткі насельніцтва і кансалідацыі гэтых асоб, выпрацоўкі мер ціску на сыстэму дзяржаўнага кіраваньня, аказаньня фізычнага і псыхалягічнага ўзьдзеяньня на прадстаўнікоў дзейнай улады праз разьмяшчэньне ў адкрытым доступе ў інтэрнэце іх асабістых зьвестак, а таксама зьвестак іх сямейнікаў, у тым ліку малалетніх і непаўналетніх дзяцей».
У наглядным ведамстве лічаць, што некаторыя ўдзельнікі ByPol распрацавалі «адмысловую апэрацыю Мабілізацыйны плян „Перамога“», а таксама «паўторна выступілі стваральнікамі і кіраўнікамі фармаваньняў „Аб’яднаны пераходны кабінэт“ і „Паспалітае рушэньне“, пазьней таксама прызнаных экстрэмісцкімі.
Спэцвядзеньне ў справе распачалі 8 верасьня 2023 году.
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі ўнутранага канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
Апошняе стала праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».
6 жніўня Ціханоўская вызваліла Азарава ад пасады прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў аднаўленьні правапарадку. Кандыдатуру Азарава не ўхваліла Каардынацыйная рада пасьля шэрагу спрэчак. Але былы сілавік працягвае каардынацыю пляну „Перамога“ ў супрацоўніцтве з кабінэтам.
Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.
Працэс „спэцыяльнага вядзеньня“» спэцыяльна ўведзены да тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).
Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.