Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Зьмітра Дашкевіча перавялі ў калёнію, ён зноў у ШЫЗА, скардзіцца на «дзікі холад»


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Апошнія навіны ад палітзьняволенага экс-старшыні «Маладога фронту», актывіста Зьмітра Дашкевіча расказала 20 студзеня ягоная жонка Наста Дашкевіч.

Паводле Насты Дашкевіч, Зьмітра перавялі зь СІЗА ў Жодзіна ў папраўчую калёнію № 14 у Навасадах, дзе ён адбываў пакараньне падчас ранейшага прысуду.

«Зьміцер прабыў у Жодзіна паўгады ў бэтоннай клетцы. Увесь час у карцары: ад ліпеня і да студзеня. Цяпер яго перавялі зноў у Навасады. Туды ж, дзе яму завялі крымінальную справу. Зараз ён зноў у ШЫЗА, дзе скардзіцца на дзікі холад. Кажа, што яму даводзіцца па 8 разоў за ноч уставаць на зарадку, каб сагрэцца. А за гэта яму складаюць рапарты, што ён не ляжыць пасьля адбою», — распавяла Наста Дашкевіч у сваім Фэйсбуку.

У пасьце Наста адзначае, што «ня ведае, як даваць рады з усімі побытавымі пытаньнямі і 4-мі дзецьмі» бяз мужа, а таксама моцна перажывае за яго.

«Я так і не навучылася з гэтым жыць. Я баюся за ягонае жыцьцё і ягонае здароўе. І адзінае аб чым малю, гэта аб палёгцы для яго. Я хачу, каб тата маіх дзяцей вярнуўся дахаты жывым і здаровым...» — піша Наста.

Таксама яна апублікавала адзін зь вершаў, якія Зьміцер Дашкевіч напісаў ён раней з калёніі. Паводле Насты Дашкевіч, Зьміцер «браў натхненьне з кнігі Псальмаў і зь іншых урыўкаў Пісаньня; гэты верш напісаны паводле Псальмаў 18, 14, 5, 127»:

Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго

Яны схапілі мяне
Ў дзень няшчасьця майго,
Калі ірваўся к табе
Я з палону свайго.
Але Госпад мне быў
У нядолі падпорай.
І на вольную вывеў
Мяне Ён прастору.
Шчыт збаўленьня мне даў,
Умацаваў ува сьне.
І ласкавасьць Яго
Памнажала мяне.
І хоць топчуць мяне,
Вораг у душу плюе,
На змаганьне Хрыстос
За мяне паўстае.
Усё магу ў Хрысьце,
Я ў Збаўцы маім,
Я прайду ўвесь шлях
Разам з Богам Сьвятым.
Толькі веру маю
Захавай, Божа Мой.
І тады на муры
Узыйду я з Табой.
Толькі жоначку Ты,
Дух Сьвяты, асьвяці,
Каб любоўю яна
Усё здалела ў жыцьці.
Толькі дзетак маіх
Тата мой, абдыймі
І далонькай Сваёй
Да Сябе прытулі.
Узьвесялімся тады
У тваім ратаваньні,
Калі вернеш ты наш
Палон на світаньні.
І на досьвітку буду
Выглядаць Цябе я,
Хрыста ранкам праславіць
Уся наша сям’я.

У кастрычніку 2023 году былога старшыню «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча асудзілі яшчэ на год калёніі строгага рэжыму.

Зьміцер павінен быў выйсьці на волю з папраўчай калёніі № 14 па заканчэньні тэрміну 11 ліпеня 2023 году, але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі»). Судзьдзя Тацяна Дзеравянка прызначыла Зьмітру яшчэ год калёніі ва ўмовах строгага рэжыму. У справе, паводле Насты Дашкевіч, напісалі, што нібыта «Зьміцер ня выйшаў на прагулку, адзін раз з кімсьці паразмаўляў, ляжаў на падлозе ў ізалятары пасьля начнога змаганьня з холадам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG