Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На падаражаньне ўплывае і дэфіцыт кадраў». Чаму ў Беларусі цэны на лекі растуць удвая хутчэй, чым на іншыя тавары


Лекі. Ілюстрацыйнае фота
Лекі. Ілюстрацыйнае фота

Найбольш у Беларусі даражэюць замежныя лекі і лекі з іншаземнай сыравіны. Беларусы расказалі, як шукаюць выйсьця з сытуацыі.

За год лекі ў Беларусі падаражэлі на 12%, такія высновы робіць міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Аляксей Багданаў. На лекі, па словах чыноўніка, цэны расьлі хутчэй, чым на ўсе іншыя тавары. Прычына — імпартны складнік у сыравіне, розьніца курсаў і складаная лягістыка.

Згодна зь Белстатам, на некаторыя лекі цэны вырасьлі яшчэ больш. Напрыклад, сродкі для лячэньня дыхальнай сыстэмы за год падаражэлі на 14,9% (сьнежань 2022-га да сьнежня 2023-га), для лячэньня стрававальнага тракту і абмену рэчываў — на 14,4%, для лячэньня крыві і крывятворных органаў — на 14,1%.

Ус гэта больш як у 2,5 раза вышэй, чым агульная гадавая інфляцыя, то бок рост цэнаў на ўсе тавары. Даражэюць нават самыя простыя мэдыкамэнты. Цана на вату за год вырасла на 10,5%, шпрыцы — на 10,8%.

«Мазь для скуры даражэе на 1-2 рублі за месяц»

Свабода паразмаўляла зь людзьмі ў Беларусі пра цэны, яны назвалі канкрэтныя лекі, якія падаражэлі.

Напрыклад, прэпарат крэон, які прымаюць для паляпшэньня страваваньня. Суразмоўца прыводзіць прыклад, што годам раней дзьве пласьцінкі каштавалі 16,5 рубля. Цяпер столькі каштуе адна.

«Нэадэрм каштаваў 12 рублёў, а цяпер пад 20 рублёў», — прыводзіць прыклад суразмоўца.

Таксама мазь для скуры бэтасаліцылік, паводле суразмоўцаў, даражэе штомесяц на 1-2 рублі. «Улетку яна была 10 рублёў, цяпер ужо 18», — прыводзіць прыклад крыніца.

Падаражэлі і мэдычныя паслугі, хоць улады запэўнівалі, што яны патаньнеюць.

«Зрабіць панарамны здымак зубоў цяпер каштуе 25 рублёў, а годам раней было 12», — кажа яшчэ адзін суразмоўца.

Высокія цэны на лекі найбольш адбіваюцца на людзях, якія жывуць на адну пэнсію ці дапамогу. Сябры былога палітвязьня Аляксея Раманава, якому зрабілі складаную апэрацыю пасьля зьняволеньня, расказалі, што ў яго праблемы з набыцьцём лекаў. Пэнсіі на іх не хапае, а іншых сродкаў для існаваньня ён ня мае.

«Прычына росту цэнаў, сярод іншага, у дэфіцыце кадраў»

Рост цэнаў на лекі паскорыўся ў другой палове году, заўважыў экспэрт дасьледчага цэнтру Beroc Анатоль Харытончык.

«Найперш уплывае аслабленьне рубля да даляра і эўра, бо частка лекаў і сыравіны закупляецца. Захоўваецца і ціск ад складанасьцяў з пастаўкамі, там могуць быць дадатковыя расходы. Рост цэнаў на лекі адлюстроўвае і праблемы ў Беларусі. Растуць расходы на аплату працы ў вытворцаў, што выклікана дэфіцытам кадраў. У цэлым на рынку заробкі растуць і ўсе сэктары імкнуцца падцягвацца, інакш супрацоўнікі звальняюцца», — гаворыць Анатоль Харыточнык.

Што да прагнозу на гэты год, то рост цэнаў на лекі ў межах 10% можа захавацца, калі дзяржава ня будзе жорстка рэгуляваць іх. Калі інфляцыю ня будуць стрымліваць любымі магчымымі сродкамі. Калі ж цэны будуць жорстка стрымліваць, можа ўзьнікнуць дэфіцыт некаторых лекаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG