Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bild: Бундэсвэр рыхтуецца да буйнога нападу РФ вясной 2025 году

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц на вайсковай базе ў Кёльне
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц на вайсковай базе ў Кёльне

Згодна з сакрэтным дакумэнтам нямецкага войска, РФ можа ўварвацца на тэрыторыю NATO ў траўні 2025 году. Гэтаму будуць папярэднічаць гібрыдныя атакі, піша Bild са спасылкай на дакумэнт, які апісвае імаверны сцэнар атакі.

Паўночнаатлянтычны альянс (NATO) рыхтуе плян супрацьдзеяньня шырокамаштабнай атацы Расеі на тэрыторыю дзяржаў-чальцоў у траўні 2025 году. Пра гэта ўвечары ў нядзелю, 14 студзеня, паведаміла газэта Bild са спасылкай на сакрэтны дакумэнт бундэсвэру. Артыкул пераказвае DW.

У ім Мінабароны Нямеччыны падрабязна тлумачыць магчымы шлях да канфлікту паміж Расеяй і NATO. Як адзначае выданьне, сцэнар канфлікту апісваецца месяц за месяцам, а яго кульмінацыя — «разгортваньне сотняў тысячаў салдат NATO і непазьбежны пачатак вайны летам 2025 году».

У лютым 2024 году стартуюць вучэньні бундэсвэру «Alliance Defence 2025». Згодна з дакумэнтам, Расея затым пачне чарговую хвалю мабілізацыі і прызыў у войска дадаткова 200 тысяч чалавек. Пасьля Крэмль пачынае вясновы наступ ва Ўкраіне, піша Bild.

Паводле сцэнару, у ліпені РФ пачынае дзейнічаць супраць Захаду — спачатку прыхавана, а потым усё больш відавочна. Бундэсвэр чакае кібэратак і іншых формаў гібрыднай вайны пераважна ў краінах Балтыі, а таксама сутыкненьняў, якія Расея можа выкарыстоўваць як нагоду для пачатку маштабных вучэньняў на сваёй тэрыторыі і ў Беларусі, піша выданьне.

Абвастрэньне гэтай сытуацыі, паводле сцэнару, можа адбыцца ў кастрычніку, калі Расея перакіне ў Калінінград войскі і ракеты сярэдняй далёкасьці. А далей — са сьнежня 2024 году ў раёне Сувальскага калідора можа адбыцца штучна выкліканы «памежны канфлікт» і «беспарадкі са шматлікімі ахвярамі», гаворыцца ў дакумэнце.

NATO плянуе даць адпор РФ за 30 дзён

«У той час, калі ЗША на некалькі тыдняў пасьля выбараў могуць застацца бязь лідэра, Расея пры падтрымцы Беларусі паўторыць на тэрыторыі NATO ўварваньне ва Ўкраіну ў 2014 годзе. У траўні 2025 году NATO прымае рашэньне аб мерах стрымліваньня, у „Дзень Х“ NATO перакідае на ўсходні флянг 300 000 вайскоўцаў, у тым ліку 30 000 салдатаў бундэсвэру», — піша Bild.

Дырэктар Цэнтру стратэгічных камунікацыяў NATO Яніс Сартс абверг наяўнасьць рэальных плянаў альянсу па падрыхтоўцы да адбіцьця шырокамаштабнага ўварваньня Расеі. У паведамленьні ў сацыяльнай сетцы X, апублікаваным у панядзелак, 15 студзеня, прадстаўнік NATO патлумачыў, пра што насамрэч ідзецца ў матэрыялах, на якія спасылаюцца журналісты ў сваёй публікацыі.

«Bild мае ў сваім распараджэньні сцэнар трэніровак, які заўсёды ўяўляе сабой уяўную сытуацыю для праверкі вайсковага патэнцыялу ў тым ці іншым раёне. Раней сцэнары былі цалкам выдуманыя, з уяўнымі краінамі і геаграфічнымі рэгіёнамі. Цяпер для распрацоўкі сцэнараў вучэньня ўжываюцца краіны і геаграфічныя рэгіёны, якія рэальна існуюць», — напісаў чыноўнік.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG