Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2024 годзе адбудуцца выбары ў многіх краінах сьвету. Якія зь іх паўплываюць на Беларусь? Тлумачыць экспэртка


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Падчас галасаваньня на выбарах у ЗША, 2018 год
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Падчас галасаваньня на выбарах у ЗША, 2018 год

Сёлета выбары адбудуцца ў 60 краінах сьвету. Якія зь іх могуць ускосна ці нават наўпрост паўплываць на Беларусь, на стасункі гэтых краінаў зь Беларусьсю?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае віцэ-прэзыдэнтка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC у Браціславе Алена Кудзько.

Сьцісла

  • Новыя ўлады на Тайвані наўрад ці абвесьцяць незалежнасьць, адпаведна, імавернасьць поўнамаштабнай вайны паміж КНР і ЗША невялікая.
  • Парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары ў Літве ня зьменяць падыходы Вільні адносна санкцыяў супраць беларускіх калійных угнаеньняў.
  • Наўрад ці нейкая краіна ЭЗ, нават калі ў ёй будуць мець посьпех ультраправыя, пойдзе ўсьлед за Орбанам — шляхам публічнай канфрантацыі з Эўразьвязам.
  • Пасьля выбараў у Эўрапарлямэнт могуць узмацніцца галасы за больш гнуткую палітыку адносна рэжыму Лукашэнкі.
  • У ЗША ў выпадку прыходу да ўлады Трампа зьмена палітыкі адносна Беларусі можа быць толькі вытворнай ад зьмены палітыкі Вашынгтона адносна Расеі.

—2024 год будзе надзвычай ураджайны на выбары ў розных краінах сьвету: падлічана, што яны адбудуцца прыкладна ў 60 краінах. Павінны прайсьці яны і ў Беларусі, пры ўсёй недарэчнасьці ўжываньня паняцьця «выбары» адносна гэтых працэдур у Беларусі. Як на Беларусь, на стасункі зь Беларусьсю могуць паўплываць выбары ў іншых краінах сёлета?

У гэтую суботу прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары на Тайвані. Ці могуць іх вынікі выклікаць ланцужок: абвяшчэньне незалежнасьці Тайваня, спроба Кітаю ўзяць востраў пад кантроль ваенным шляхам, ваенная рэакцыя ЗША — вайна ЗША і Кітаю?

Алена Кудзько
Алена Кудзько

— Я ня думаю, што гэта вельмі рэалістычны сцэнар, пачынаючы зь першага кроку — абвяшчэньня незалежнасьці. Але могуць быць яго варыяцыі. Сі Цзіньпін перад Новым годам паўтарыў, што Кітай плянуе аб’яднацца з Тайванем. Паводле яго, гэта проста пытаньне часу. Але што такое «пытаньне часу» па кітайскіх мерках — гэта незразумела. І калі новыя ўлады Тайваня будуць працягваць палітыку супрацы з ЗША ў сфэры бясьпекі, якая падаецца Пэкіну правакатыўнай, Кітай сапраўды можа стаць больш агрэсіўным.

Не абавязкова гэта будзе паўнавартасная вайна, гэта могуць быць больш частыя і больш небясьпечныя вайсковыя сутыкненьні. І гэта, безумоўна, адцягне ўвагу ЗША ад іншых рэгіёнаў, у прыватнасьці, ад Украіны і Беларусі. Я мяркую, што і пасьля выбараў 13 студзеня палітыка Тайбэя будзе прыкладна такой жа, якой яна і была. Амэрыканцы кажуць Тайваню, што не заклікаюць яго да абвяшчэньня незалежнасьці, што Вашынгтон — за захаваньне статус-кво ў рэгіёне. І я ня думаю, што Тайвань сам будзе нарывацца на больш жорсткую канфрантацыю з КНР.

— У сакавіку прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў Расеі. Іх саркастычна называюць «выбарамі Пуціна». У сэнсе электаральнага выніку, сапраўды, сюрпрызаў на гэтых выбарах чакаць не выпадае. Тым ня менш яны могуць мець палітычныя наступствы, для Беларусі ў тым ліку. На фоне вайны ва Ўкраіне ці ня можа ў пераабранага прэзыдэнта Пуціна ўзьнікнуць спакуса далучыць да РФ Беларусь? Не атрымліваецца з Украінай, дык мо атрымаецца зь Беларусьсю?

— Складана сказаць, што Пуцін будзе рабіць пасьля свайго пераабраньня. І з хады вайны ва Ўкраіне не вынікае наўпрост, што ён будзе рабіць адносна Беларусі. Дарэчы, зараз для Пуціна сытуацыя на полі бою ня самая горшая. Ён ведае, што і ў ЗША, і ў ЭЗ ёсьць праблемы з аказаньнем фінансавай і вайсковай дапамогі Ўкраіне. Яму можа падавацца, што калі ён зацягне час, ён там і выйграе. Але ў яго можа быць лёгіка: някепска ідуць справы ва Ўкраіне, можа, цяпер атрымацца нешта і ў Беларусі. Скажам, больш шчыльная паступовая інтэграцыя. А можа і не паступовая. Аднак такую ж выснову ён можа зрабіць і з кепскай хады справаў для яго ва Ўкраіне — там не атрымліваецца, дык можа хоць зь Беларусьсю атрымаецца. Але гэты другі сцэнар уяўляецца менш імаверным, бо цяпер становішча Пуціна ва Ўкраіне не назавеш кепскім.

— У лістападзе прэзыдэнцкія выбары пройдуць у Малдове. Хутчэй за ўсё, за пасаду кіраўніка дзяржавы будуць ізноў спаборнічаць дзейная прэзыдэнтка Мая Санду і яе папярэднік Ігар Дадон, сымбалі і лідэры праэўрапейскай і прарасейскай палітыкі ў Малдове. Летась Малдова нарэшце стала кандыдатам на ўступленьне ў ЭЗ. Паведамляецца, што лістападаўскія прэзыдэнцкія выбары могуць быць спалучаныя з рэфэрэндумам аб уступленьні ў ЭЗ. Ці можа Малдова ў выпадку перамогі Дадона павярнуць назад ад эўрапейскага выбару, адмовіцца ад яго?

— Я мяркую, што гэты курс можа быць толькі запаволены, але ня спынены. Малдоўскі кейс вельмі цікавы для Беларусі. У Малдовы зараз вельмі шмат пэрспэктываў. Малдова атрымлівае шмат грошай на праграмы падрыхтоўкі да ўступленьня ў ЭЗ. Дарэчы, праз Малдову, у тым ліку і праз Прыднястроўе, ідуць шляхі экспарту ўкраінскага збожжа ў розныя краіны сьвету. І тое ж Прыднястроўе, нягледзячы на шчыльныя адносіны з Крамлём, на гэтым транзыце вельмі добра зарабляе. Малдове зараз ёсьць шмат што губляць, калі яна адвернецца ад Эўразьвязу. Мне цікава паглядзець, што Пуцін зможа прапанаваць, каб нават такі чалавек, як Дадон, палічыў вартым разрываць сувязі з ЭЗ і губляць усё, што яны ад Эўразьвязу атрымліваюць цяпер.

— Пуцін можа «прапанаваць» Малдове ня толькі пернікі, але і бізун. Ваенныя пагрозы, эканамічная блякада, інфармацыйная вайна, уплыў на выбары — Расея можа ўжыць усе гэтыя сродкі, каб адвярнуць Малдову ад Эўропы. Выглядае, што падчас лістападаўскіх выбараў расейцы ўсё гэта будуць рабіць.

— Абсалютна так. Яны і цяпер усё гэта робяць, і ня толькі ў Малдове. І на выбарах яны гэта будуць рабіць. Але ў Эўразьвязу больш пернікаў. І нават у выпадку прыходу ў прэзыдэнцкі палац прарасейскага палітыка пагроза, што Эўразьвяз адмовіць у перніках, будзе моцным бізуном.

— У ключавога суседа Беларусі — у Літве — сёлета адбудуцца і прэзыдэнцкія выбары (у траўні), і парлямэнцкія (у кастрычніку). Ці магчымыя зьмены ў падыходах да такіх пытаньняў, як транзыт беларускіх калійных ўгнаеньняў, статус Сьвятланы Ціханоўскай, візавыя абмежаваньні для беларусаў?

— Я мяркую, што пазыцыя па санкцыях, у тым ліку і на калійныя ўгнаеньні, і наконт офісу Ціханоўскай, ня зьменіцца незалежна ад вынікаў выбараў. Вялікае пытаньне — якой будзе пазыцыя пасьля гэтых выбараў па візах і дазволах на жыхарства для беларусаў. Мы і цяпер бачым тэндэнцыю ў нэгатыўны бок. Але па санкцыях Літва наўрад ці будзе кардынальна мяняць сваю палітыку, бо тая шчыльна каардынуецца з суседзямі.

— Але, скажам, у пытаньні санкцыяў адносна беларускіх калійных угнаеньняў цяперашнія ўлады Літвы горача спрачаюцца з Партугаліяй, якая выступае за больш мяккую, лагодную палітыку. І Брусэль у гэтым пытаньні выступае хутчэй мадэратарам гэтых спрэчак Лісабону і Вільні. Пазыцыя Вільні ў гэтай спрэчцы ўнутры ЭЗ у выніку сёлетніх выбараў можа зьмяніцца?

— Я думаю, што на гэта будзе больш уплываць пазыцыя, скажам, Бразыліі, якая, уласна, і дамагаецца зьмякчэньня абмежаваньняў на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў. Тут будзе важным, наколькі Эўразьвязу будзе патрэбна паразуменьне з Бразыліяй.

— Наступнае пытаньне — пра шэраг выбараў у іншых краінах Эўразьвязу. Сёлета парлямэнцкія выбары пройдуць у Аўстрыі, Бэльгіі, Партугаліі, Харватыі, прэзыдэнцкія — у Фінляндыі, Румыніі, Харватыі і Славаччыне. Летась мы бачылі, як нават адзін enfant terrible Эўропы — вугорскі лідэр Віктар Орбан — можа ўплываць на палітыку ўсяго Зьвязу. Ён здолеў заблякаваць прадастаўленьне Ўкраіне пакета дапамогі ў 50 мільярдаў эўра. Якая імавернасьць, што ў выніку прыгаданых мною выбараў у краінах ЭЗ у некаторых зь іх зьявіцца свой уласны Орбан?

— Скажам, у Аўстрыі іншыя мэтады. Аўстрыйцы і цяпер ня вельмі станоўча ставяцца да санкцыяў супраць Расеі, а асабліва — супраць аўстрыйскіх банкаў, якія працуюць у РФ. Але ім выгадней хавацца за Орбанам, чым публічна дэкляраваць сваю палітыку. Я мяркую, што нават калі пасьля выбараў у аўстрыйскім урадзе апынуцца ўльтраправыя, ім будзе выгадна выкарыстоўваць Орбана як свайго сьпікера. Аўстрыя заўсёды была за шчыльную супрацу з Расеяй у сфэры энэргетыкі і ў іншых сфэрах. Але ня думаю, што нават калі ўрадавая кааліцыя зьменіцца, Аўстрыя будзе публічна блякаваць палітыку ЭЗ, як гэта робіць Вугоршчына.

Вялікія пытаньні былі адносна Славаччыны, былі перасьцярогі, што пераможца леташніх парлямэнцкіх выбраў, цяперашні прэмʼер Робэрт Фіца стане другім Орбанам. Аднак Фіца пакуль вядзе тонкую гульню. Рыторыка на ўнутраную аўдыторыю ў яго амаль такая ж, як у Орбана, але пакуль ён ухваляе ўсе рашэньні Эўразьвязу адносна Ўкраіны, Расеі і Беларусі. Але жадаючым блякаваць рашэньні ЭЗ прыгаданыя вамі выбары дадуць магчымасьць гэта рабіць. У любым выпадку няпэўнасьць павялічваецца.

— Мы з вамі размаўлялі пасьля парлямэнцкіх выбараў у Славаччыне летась. Я ў вас пытаўся, ці пашле прэмʼер Фіца амбасадара Славаччыны ў Менск з даверчымі лістамі Лукашэнку. Пакуль гэтага не адбылося. Тое ж пытаньне адносна пералічаных краінаў ЭЗ, дзе сёлета адбудуцца выбары — ці пашлюць яны сваіх амбасадараў з даверчымі лістамі для Лукашэнкі, ці пойдуць на пэўнае прызнаньне ягонага рэжыму?

— Я думаю, што ніводная з гэтых краінаў не захоча быць другой пасьля Вугоршчыны, якая гэта ўжо зрабіла. Ім ня вельмі хочацца высоўвацца і рызыкаваць сваёй рэпутацыяй. Тут выйгрыш невялікі, а рэпутацыйныя страты значныя. Калі гэта стане новым трэндам, калі парачка з гэтых краінаў адважацца на такі крок, прыклад зь іх возьмуць многія. Але Вугоршчына — гэта асобны выпадак, выключэньне, якое пацьвярджае правіла. А парушаць яго — гэта вялікая і неабгрунтаваная рызыка.

— У чэрвені сёлета адбудуцца выбары ў Эўрапарлямэнт, якія пройдуць ва ўсіх краінах Эўразьвязу. Эўрапарлямэнт — гэта не паўнаўладны парлямэнт «Злучаных Штатаў Эўропы». Але пэўныя ўладныя паўнамоцтвы ён мае, і іх абʼём павялічваецца. Аднак Эўрапарлямэнт — гэта і індыкатар настрояў народаў і палітычных элітаў Эўропы. Вынікі выбараў у Эўрапарлямэнт — ці могуць яны неяк паўплываць на стасункі Эўразьвязу зь Беларусьсю?

— Акрамя тых функцыяў, якія вы назвалі, Эўрапарлямэнт быў яшчэ і своеасаблівым маральным компасам у сытуацыях з правамі чалавека. Эўрапарлямэнт прымаў шмат рэзалюцыяў у абарону правоў чалавека ў Беларусі, Расеі і ў іншых краінах. Гэтыя рэзалюцыі не заўжды прыводзяць да зьменаў у палітыцы асобных урадаў ці ЭЗ у цэлым, але на маральным, на мэдыйным узроўні яны заўжды прыцягвалі ўвагу. Пытаньне — ці будзе Эўрапарлямэнт у новым складзе выконваць гэтую ролю маральнага компасу. Цяпер даволі высокія рэйтынгі ўльтраправых партыяў па ўсёй Эўропе.

Ня выключана, што яны істотна павялічаць прадстаўніцтва ў Эўрапарлямэнце — партыя Марын Лё Пэн з Францыі, AfD зь Нямеччыны, партыя Фіца з Славаччыны і г.д. Правы чалавека ў Беларусі іх усіх мала цікавяць. Іх больш цікавіць, як дамовіцца з Пуціным і скончыць вайну ва Ўкраіне. Калі гэтыя сілы атрымаюць значны посьпех на выбарах у Эўрапарлямэнт, увага да правоў чалавека можа зьменшыцца. Але нават калі гэтага не адбудзецца, у любым выпадку будзе пэўная паўза ў палітычнай актыўнасьці гэтага органа — як мінімум на паўгода, пакуль сфармуюць новы склад Эўракамісіі. І да канца 2024 году прыняцьце важных палітычных рашэньняў у ЭЗ будзе замарожана. Мне здаецца, што калі сытуацыя ва Ўкраіне ня зьменіцца кардынальна, калі не адбудзецца істотных палітычных зьменаў у Расеі і Беларусі, палітыка ЭЗ істотна ня зьменіцца. Але ня выключана, што стануць больш гучнымі галасы ў ЭЗ, якія будуць казаць, што ранейшая палітыка адносна Беларусі не дае плёну і таму давайце паспрабуем ізноў заангажаваць Лукашэнку, даць яму грошай на нейкія эканамічныя праекты ці на стрымліваньне патоку мігрантаў.

— А за гэта будуць выступаць абавязкова тыя крайне правыя, пра якіх вы казалі? Ці гэта могуць пачаць казаць і іншыя палітычныя сілы Эўропы?

— Не абавязкова толькі яны. Падобныя ідэі могуць выказваць і цэнтрысты. Напрыклад, падобныя ідэі выказвае і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Але цэнтрысты ня любяць вырывацца з мэйнстрыму і любяць статус-кво. Рабіць гэта — палітычныя рызыкі. Большасьці зь іх такія рызыкі дзеля Беларусі не патрэбныя. Беларусь — не прыярытэт для Эўропы. І асаблівых палітычных бонусаў за кардынальную зьмену падыходаў да Беларусі чакаць не даводзіцца.

— Мне падалося, што заўважнай тэндэнцыяй 2023 году было паўзучае прызнаньне Ціханоўскай і створанага ёю Абʼяднанага пераходнага кабінэту. Гэта і адкрыцьцё прадстаўніцтва Кабінэту пры ЭЗ, і кансультацыйная група па ўзаемадзеяньні Кабінэту зь кіраўніцтвам ЭЗ. Пасьля зьмены ўлады ў Польшчы новы міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі і новы сьпікер Сэйму Шыман Галоўня назвалі Ціханоўскую прэзыдэнткай. Вынікі выбараў у Эўрапарлямэнт могуць зьмяніць, павярнуць назад гэты працэс паўзучага прызнаньня?

— Думаю, што Ціханоўскую будуць прызнаваць дэмакратычнай лідэркай Беларусі, прынамсі намінальна. Але ўсё больш краінаў могуць пачаць меркаваць, і не без падставаў, што ўплыў Ціханоўскай зь цягам часу будзе зьніжацца. Сустрэчы на высокім узроўні будуць працягвацца, але будзе ўсё менш чаканьняў, што каманда Ціханоўскай прынясе кардынальныя зьмены ў Беларусі.

— Нарэшце, апошнія ў пераліку, але, можа, першыя паводле важнасьці — гэта выбары ў ЗША. Варта нагадаць, што ў лістападзе сёлета там пройдуць ня толькі прэзыдэнцкія выбары. Амэрыканцы будуць пераабіраць увесь склад Палаты прадстаўнікоў і траціну складу Сэнату. Што гэтыя выбары могуць памяняць у адносінах паміж ЗША і Беларусьсю?

Стратэгічны дыялёг ЗША з камандай Ціханоўскай пачаўся пры адміністрацыі Джо Байдэна. Калі Дональд Трамп ізноў трапіць у Белы дом, гэты дыялёг працягнецца?

— Пытаньне пра наступствы выбараў 2024 году ў ЗША — пытаньне на мільярды даляраў. І ня толькі адносна Беларусі. Калі пераабяруць Байдэна, то можна меркаваць, што прынамсі на ўзроўні адміністрацыі захаваюцца цяперашнія падыходы. Але і тады будзе пытаньне, ці застанецца падтрымка з боку Кангрэсу. Вы слушна заўважылі, што ладнай часткай будзе пераабраная і заканадаўчая ўлада ЗША. Нават цяпер ня вельмі атрымліваецца правесьці праз Кангрэс новы пакет дапамогі Ўкраіне. Калі ЗША скароцяць ці замарозяць падтрымку Ўкраіне, нават пры прэзыдэнту Байдэну, то ўскосна гэта адабʼецца на Беларусі.

А ў выпадку перамогі Трампа на лістападаўскіх выбарах узьнікае наагул шмат пытаньняў. На маю думку, у гэтым выпадку склад адміністрацыі Трампа будзе істотна адрозьнівацца ад таго, які быў падчас ягонага папярэдняга прэзыдэнцтва ў 2017–2020 гадах. Каманда Трампа цяпер вельмі добра рыхтуецца да новага прыходу да ўлады. Падчас ягонага папярэдняга прэзыдэнцтва было моцнае супрацьдзеяньне ягонай палітыцы з боку прафэсійных дзяржаўных службоўцаў. І цяпер каманда Трампа рыхтуе сьпісы кандыдатаў на ключавыя пасады ў дзяржаўнай сыстэме ЗША, якія адданыя Трампу і гатовыя праводзіць яго палітыку без ваганьняў.

— Першыя санкцыі супраць Беларусі за гвалт пасьля выбараў 2020 году былі ўведзеныя яшчэ пры Трампу. Палітыка санкцыяў адносна Беларусі будзе працягвацца, калі Трамп ізноў стане прэзыдэнтам?

— Мяркую, што прынамсі на першым этапе яна будзе працягвацца. Прэзыдэнт ЗША не вырашае, якія санкцыі ўвесьці адносна нейкага Лукашэнкі. Гэтым займаюцца бюракраты ў розных міністэрствах. Нават калі іх ладнай часткай памяняюць, застанецца апаратная інэрцыя. Зьмены ў гэтай палітыцы адносна Беларусі, калі яны і адбудуцца, — гэта будзе вынік, вытворная ад зьмены палітыкі адносна Расеі (ізноў жа, калі такія зьмены адбудуцца).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG