Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай правёў рэпэтыцыю блякады і ракетнага абстрэлу Тайваня


Кітайскае войска скончыла вайсковыя вучэньні вакол вострава Тайвань. Падчас вучэньняў кітайскія войскі адрэпэтавалі сцэнар блякады Тайваня, а таксама нанясеньне высокадакладных удараў па вайсковай інфраструктуры вострава.

Вучэньні кітайскай арміі ў водах, якія атачаюць Тайвань, пачаліся 8 красавіка — адразу пасьля візыту прэзыдэнткі Тайваня Цай Інвэнь у ЗША на мінулым тыдні. Пэкін абвясьціў, што задаволены вынікамі вучэньняў. Прадстаўнік кітайскага камандаваньня заявіў, што армія КНР «гатовая пачаць баявыя дзеяньні ў любы момант, каб сьцерці тайваньскіх сэпаратыстаў і міжнародныя сілы, якія іх падтрымліваюць».

Міністэрства абароны Тайваня апублікавала мапу вучэньняў і ўдакладніла, што ў іх бралі ўдзел больш за 60 вайсковых самалётаў і 11 вайсковых караблёў, у тым ліку авіяносец «Шаньдун», а таксама баявыя верталёты. Тайбэй таксама заявіў, што 45 кітайскіх самалётаў альбо перасеклі сярэднюю лінію Тайваньскага праліву, неафіцыйную разьдзяляльную рысу, альбо заляталі ў паўднёва-заходнюю частку апазнавальнай зоны СПА Тайваня.

Міністэрства абароны Японіі паведаміла, што ўважліва сочыць за кітайскімі вучэньнямі. У ведамстве падкрэсьлілі, што вучэньні праходзілі ў непасрэднай блізкасьці ад тэрытарыяльных водаў Японіі. Вайсковыя караблі кітайскай арміі падышлі на адлегласьць 230 кілямэтраў ад японскага вострава Міяка ў правінцыі Акінава. У гэтай правінцыі знаходзяцца базы ВПС ЗША.

Як паведаміла BBC, у панядзелак карабель супрацьракетнай абароны вайскова-марскога флёту ЗША «Міліюс» знаходзіўся ў Паўднёва-Кітайскім моры за 800 кілямэтраў на поўдзень ад Тайваня. Пэкін заяўляў, што «Міліюс» уварваўся ў кітайскія тэрытарыяльныя воды, Вашынгтон гэта адмаўляе.

Эўракамісія выказала занепакоенасьць узрастаньнем напружанасьці паміж Кітаем і Тайванем.

  • Пэкін лічыць Тайвань сваёй мяцежнай правінцыяй. КНР заўсёды востра рэагуе на публічныя кантакты амэрыканскіх палітыкаў з кіраўніцтвам Тайваня, настойваючы на тым, што яны падрываюць прынцып «аднаго Кітая», які ЗША прызналі ў 1972 годзе.
  • Злучаныя Штаты не прызнаюць Тайвань незалежнай дзяржавай, як і большая частка краін ААН, але выступаюць рэзка супраць пагрозаў Кітая сілай далучыць востраў. Згодна з заканадаўствам Вашынгтон можа аказваць тэрыторыі вайсковую дапамогу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG