Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі бум на рынку нерухомасьці. Разьбіраемся, чаму так адбываецца


Жылыя будынкі ў цэнтры Менска. Ілюстрацыйнае фота
Жылыя будынкі ў цэнтры Менска. Ілюстрацыйнае фота

Летась у лістападзе ў Менску адбылося 1690 угод у куплі/продажы кватэр, без уліку пакояў і долевых памяшканьняў. Гэта на 10% больш, чым у лістападзе 2022 году.

Рыэлтары назвалі 9 з 11 месяцаў мінулага году рэкорднымі ў продажах за ўвесь час назіраньняў. Такую статыстыку дае асноўны беларускі партал па продажы нерухомасьці realt.by.

Па некаторых месяцах, напрыклад, рост продажаў склаў больш за 30%.

Падобная тэндэнцыя назіраецца і ў іншых гарадах. Напрыклад, у Барысаве колькасьць угод вырасла на 17%, у Маладэчне — на 34% (верасень да верасьня).

Вырасьлі і цэны на кватэры. У Менску квадратны мэтар у сьнежні стаў даражэй амаль на 12%, у параўнаньні з тым жа месяцам 2022 году.

«Эўрадвушка» ў гатовым новым доме ў новым раёне на Аэрадромнай у Менску абыдзецца ў 63 000 даляраў.

Трохпакаёўку ў менскай Малінаўцы можна купіць за 73 000 даляраў.

Пры самых сьціплых запатрабаваньнях кватэру ў сталіцы можна купіць нават за 40 000 даляраў.

«Свая кватэра — усё яшчэ маркер камфортнага жыцьця»

Свабода пагаварыла зь некалькімі рыэлтэрамі аб прычынах росту продажаў кватэр у пэрыяд нестабільнай эканамічнай сытуацыі. Паводле суразмоўцаў, асноўныя фактары — гэта:

  • жаданьне мець не арэнднае, а сваё жытло;
  • шмат прапаноў і варыянтаў на рынку;
  • адкладзены попыт (зьбіраліся купіць кватэру раней, але не разумелі, чаго чакаць у будучыні);
  • недарагія крэдыты на жыльлё.

«Свая кватэра для беларусаў — гэта ўсё яшчэ маркер камфортнага жыцьця. Людзі да 30 гадоў ці ў 30 гадоў таксама купляюць жыльлё. Гэта робіцца пры дапамозе недарагіх пакуль крэдытаў ці пры дапамозе бацькоў», — расказаў адзін з суразмоўцаў.

Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды, зьвязаны са сфэрай нерухомасьці, гаворыць пра будаўнічы бум у Менску. Бо дзяржаве выгадна будаваць жыльлё.

«Будаўніцтва ў разгары, больш за дзясятак розных аб’ектаў. Мяркую, вырашылі выкарыстаць будаўнічы рынак для росту эканомікі. Для беларускай дзяржавы будаваць жыльлё выгадна. Бо ўсе ці амаль усе матэрыялы беларускія, а на продажы можна зарабіць», — мяркуе суразмоўца.

«Стала менш ільготных крэдытаў»

На думку эканаміста Аляксей Харкевіча, на рынку нерухомасьці адбілася скарачэньне льготных крэдытаў, а таксама адкладзены попыт.

«Сталі менш выдзяляць жыльля для льготнікаў. А попыт нікуды не падзеўся, наадварот, быў адкладзены з 2022 году з прычыны непрадказальнасьці. Людзі адкладалі куплю жыльля. Цяпер пабачылі, што вайна Беларусь не закранула, трэба недзе жыць і трэба свая кватэра. Малая даступнасьць льготных крэдытаў разагравае рынак. Сярэдняя цана вырасла і адбыўся бум па ўсіх паказчыках», — кажа Аляксей Харкевіч.

Яго словы пацьвярджае і афіцыйная статыстыка. У 2021 годзе 12 300 шматдзетных сем’яў палепшылі свае жыльлёвыя ўмовы, а ў 2022 годзе — 11 200 сем’яў.

У 2019 годзе за кошт крэдытаў будавалі 26,8% усяго жыльля, а ў 2022-м ужо 23,6%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG