Беларускіх апэратараў мабільнай сувязі абавязалі перадаваць Міністэрству па падатках і зборах зьвесткі пра абанэнтаў. Адпаведныя нормы прадугледжаныя зьменамі ў Падатковы кодэкс, якія зацьвердзіў Аляксандар Лукашэнка.
Цяпер апэратары мабільнай сувязі абавязаныя бясплатна даваць Міністэрству па падатках і зборах:
- поўную вэрсію базы дадзеных пра абанэнтаў — фізычных асобаў, двойчы на год — не пазьней за 1 чэрвеня і 1 сьнежня,
- дыстанцыйны доступ да базы дадзеных пра абанэнтаў,
- на падставе запыту Міністэрства па падатках і зборах — інфармацыю пра сумы грошай, накіраваных на аплату паслуг сувязі асобнымі фізычнымі асобамі за пэўны пэрыяд часу (ня больш як за 5 гадоў).
22 лістапада 2023 году Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні праект зьменаў у закон «Аб крэдытных гісторыях». У ім гаворыцца, што юрыдычныя асобы мусяць прадастаўляць Нацбанку зьвесткі пра тое, як і якія тавары беларусы бяруць у адтэрміноўку або растэрміноўку пры аплаце тавараў і паслуг у гандлёвых сетках і ў мабільных апэратараў.
Патрабаваньне закранае ў тым ліку мабільных апэратараў, якія таксама прадаюць тавары і аказваюць паслугі на ўмовах адтэрміноўкі або растэрміноўкі.