Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як свойскія і дзікія жывёлы перанесьлі інтэнсіўны ракетны ўдар Расеі па Кіеве і Харкаве. ВІДЭА, ФОТА

Выратаваны пасьля расейскага ракетнага абстрэлу Кіева кот у руках ратавальніка
Выратаваны пасьля расейскага ракетнага абстрэлу Кіева кот у руках ратавальніка

Тэлеканал «Настоящее время» сабраў інфармацыю пра тое, як выратавальнікі, паліцыянты і мясцовыя жыхары эвакуавалі свойскіх жывёл разам з пацярпелымі з разбураных расейскімі ракетамі будынкаў.

У ноч на 2 студзеня расейцы нанесьлі інтэнсіўныя ўдары па Кіеве і Харкаве гіпэргукавымі ракетамі «Кінжал» і баявымі бесьпілётнікамі. Пацярпелі больш за 120 чалавек, пяць — загінулі.

Тэлеканал «Настоящее время» сабраў усю інфармацыю пра тое, як выратавальнікі, паліцыянты і мясцовыя жыхары эвакуавалі свойскіх жывёлаў разам з пацярпелымі з разбураных расейскімі ракетамі будынкаў.

Відэазапіс з выратаванымі жывёламі з Харкава і Кіева — сабакамі, катамі і папугаямі — апублікаваў у сацыяльных сетках прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Ён падзякаваў за працу выратавальнікам, мэдыкам, паліцыянтам, валянтэрам і супрацоўнікам камунальных службаў.

«Пакуль расейскія ракеты спрабуюць зьнішчыць усё жывое, мы намагаемся захаваць больш жыцьцяў і выратоўваем кожнага чалавека і кожную жывую душу. Гэта тыя каштоўнасьці, дзеля якіх мы штодзень змагаемся. Усе людзі і жывёлы, усё жывое патрабуе абароны, калі на зямлю тваёй краіны замахваецца расейскі акупант», — напісаў Уладзімір Зяленскі.

З аднаго жылога дому ў Кіеве змаглі выратаваць двух папугаяў і марскую сьвінку.

Фота выратаваных катоў апублікавалі на сваіх старонках у Instagram кіеўскія фатографы Канстанцін і Ўлада Ліберавы.

Ня ўсе жывёлы перажылі інтэнсіўны ракетны абстрэл Кіева 2 студзеня. Валянтэры «ЗооПатруль.UA» паведамілі, што легендарны кот Жоўцень памёр у прытулку — у яго ня вытрымала сэрца. «Сабакі дрыжалі, а Жоўцень проста замёр на месцы», паведамілі валянтэры.

Выратаваны ў Кіеве кот
Выратаваны ў Кіеве кот

У Жоўтня быў нялёгкі лёс. Сваё імя кот атрымаў па назьве месяца, калі яго знайшлі — у кастрычніку 2022 году («жовтень» па-ўкраінску — кастрычнік. — РС). Яго знайшлі на трасе зь перабітымі заднімі лапамі.

У студзені 2024 году ката плянавалі перадаць у Парыж у новую сям’ю. У прытулку яго называлі «лякальнай легендай» — ён быў галоўным у «катадоме» і быў вельмі добрым.

Ільвіца Юна
Ільвіца Юна

Пацярпела ад ракетнага абстрэлу львіца з Цэнтру выратаваньня дзікіх жывёлаў, які знаходзіцца ў Кіеўскай вобласьці. Аскепкі ракеты ўпалі за 300 мэтраў ад вальера, і двухгадовая афрыканская ільвіца Юна атрымала кантузію. Яе таксама плянавалі перадаць у Эўропу.

«Спачатку было вельмі шмат сьвятла, а потым шмат агню і дыму. Юна была адзінай на вуліцы. „Прыляцела“ ў поле, ніводнага дрэва між гэтым месцам і вальерам не было», — паведаміла дырэктарка цэнтра Натальля Папова. Паводле яе, Юну выратавалі, калі яна жыла ў маленькай клетцы з ільвом, які яе крыўдзіў, і яна ўвесь час знаходзілася ў стрэсе. Апроч таго, у жывёлаў было абмаражэньне, таму што клетка стаяла на бэтоне і не было ніякай падсьцілкі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG