Адкрыцьцё Генэральнага консульства Беларусі прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 29 сьнежня, якую апублікавалі 4 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакумэнтам, падпісаным прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, генконсульства адкрыюць замест аддзяленьня пасольства, якое ў гэтыя ж тэрміны закрыецца.
28 лістапада мінулага году распараджэньне аб адкрыцьці беларускага генэральнага консульства ў Растове-на-Доне падпісаў прэм’ер-міністар Расіі Міхаіл Мішусьцін. Паводле яго, у консульскую акругу ўвойдуць Растоўская і Валгаградзкая вобласьці Расеі, а таксама акупаваныя расейцамі тэрыторыі Ўкраіны — так званыя «Данецкая народная рэспубліка», «Луганская народная рэспубліка», Крым і часткі Запароскай і Херсонскай абласьцей.
Раней паведамлялася аб адкрыцьці да 1 студзеня 2024 году аддзяленьня пасольства Беларусі ў Краснадары — адным з найбуйнейшых гарадоў поўдня Расеі, дзе пражывае больш за мільён чалавек.
На гэты момант пасольства Беларусі ў Расеі мае 10 аддзяленьняў у такіх гарадах як: Екацярынбург, Казань, Калінінград, Краснаярск, Ніжні Ноўгарад, Новасібірск, Растоў-на-Доне, Смаленск, Уладзівасток, Уфа.
Пасьля адкрыцьця ў Краснадары і замены аддзяленьня пасольства на генэральнае консульства ў Растове-на-Доне застанецца тая самая колькасьць. Аднак да 1 красавіка 2024 году замест аддзяленьня беларускай амбасады ў Екацярынбургу адкрыецца яшчэ адно генэральнае консульства краіны. 30 чэрвеня летась генконсульства Беларусі адкрылася ў Санкт-Пецярбургу.
Што тычыцца тэрыторыі Беларусі, то 28 сьнежня 2022 году ў Горадні адкрылася генэральнае консульства Расеі. Першым абласным цэнтрам, у якім пачалі працаваць расейскія дыпляматы, стала Берасьце ў 1994 годзе.